№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Хто ажывіць Дракулу, або Сяброўка для Віні-Пуха

28 студзеня 2010

Але ў эпоху постмадэрну дапісваннем за класікаў можна займацца не толькі ў школе. Напрыклад, летась пабачылі свет не менш як тры працягі, так званыя “сіквелы” знакамітых раманаў ХХ стагоддзя. Пачнем з жахлівага.

“Дракула. Паўсталы з мёртвых” ("Dracula the Un-Dead"). Дакр Стокер і Ен Холт.

Думаю, кожны чуў, калі не чытаў і не бачыў, гісторыю графа Дракулы, героя аднайменнага твору, напісанага ў 1897 годзе ірландцам Брэмам Стокерам. Пасля гэтага імя графа сталася ледзь не хадзячай назвай, а таксама дало пачатак безлічы твораў, як літаратурных, так і кінематаграфічных, што тым ці іншым чынам апавядалі гісторыю знакамітага вампіра ці герояў, або хутчэй антыгерояў, для якіх ён паслужыў правобразам.

Аднак летась прапраўнук Брэма Стокера Дакр (Dacre Stoker) у суаўтарстве са сцэнарыстам і вялікім прыхільнікам знакамітага вампіра Енам Холтам (Ian Holt) узяўся за страшную справу – ажывіць графа Дракулу. Свой раман яны інтрыгоўна назвалі “Дракула. Паўсталы з мёртвых”.

Дзеянне рамана адбываецца праз 25 гадоў пасля меркаванай “смерці” графа Дракулы. Квінсі Харкер, сын Міны і Джонатана, які спрычыніўся да смерці вампіра ў арыгінальным творы, спрабуе зрабіць акторскую кар’еру і сустракае тэатральнага дырэктара Брэма Стокера (таго самага), які працуе над тэатральнай адаптацыяй свайго рамана.

Па словах крытыкаў, Стокер-малодшы і Холт напоўнілі свой раман шматлікімі клішэ масавых жахалак – ванны крыві, жахлівыя сэксуальныя сцэны, жорсткія катаванні, якія ў выніку ператвараюцца ў лесбійскае порна. Акрамя таго, яны насялілі яго мноствам дзіўнаватых герояў, такіх як Джэк-Трыбушыльнік, а некаторыя з іх нават носяць імёны актораў, што ігралі Дракулу ў кіно, не кажучы ўжо пра самога Брэма Стокера. Да таго ж, па меркаванні некаторых чытачоў, галоўны герой рамана – зусім не раптам ажыўлены граф-вампір, а Альжбета Баторы, рэальная гістарычная фігура, якая, па некаторых звестках, і стала прататыпам Дракулы ў арыгінальным рамане.

У цэлым раман атрымаў даволі неадназначныя водгукі крытыкаў. Некаторыя з іх кажуць пра тое, што сваімі імклівымі сцэнамі раман хутчэй робіцца добрым матэрыялам для фільма жахаў, чым для цікавага чытва, і па вялікім рахунку не можа лічыцца вартым працягам вядомага ва ўсім свеце твора.

Пазнаёміцца з урыўкам кнігі можна тут.

“Вяртанне ў Стаакравы лес” (The Return to the Hundred Acre Wood). Дэвід Бенедыктус

Гэтую кнігу, вядомую ва ўсім свеце і малым, і дарослым, беларускім чытачам прадстаўляць не трэба. Першы беларускі пераклад “Віні-Пуха” быў выкананы Віталём Воранавым і, наколькі я ведаю, у хуткім часе чакаецца выхад другога перакладу Інэсы Кур’ян.

Першая кніга А. А. Мілна пра Віні-Пуха пабачыла свет у 1926 годзе. За ёй з’явілася наступная – у 1928 годзе. Вобразы медзведзяняці і яго сяброў займелі вялікую папулярнасць. Твор быў перакладзены прыкладна на 50 моваў свету. Цікава, што гісторыя загучала нават па-лацінску (1958), і гэта быў адзіны лацінамоўны твор, што трапіў у спіс бестсэлераў газеты New York Times.

У адрозненне ад аўтараў папярэдняга сіквела, напісаць працяг да “Віні-Пуха” прыйшло ў галаву спачатку не проста пісьменніку ці сваяку спачылага майстра, а фонду, які валодае правамі на кнігі А. А. Мілна. У працэсе пошукаў яго прадстаўнікі выйшлі на сямідзесяцігадовага пісьменніка Дэвіда Бенедыктуса (David Benedictus), які ўжо адзначыўся выдатнымі аўдыёадаптацыямі гісторый пра вясёлае медзведзяня і яго сяброў, а таксама раней прапанаваў некалькі сюжэтаў для новых гісторый пра Віні-Пуха і Тыгру.

Майкл Браўн, старшыня фонда, адзначыў, што яны не хацелі б бачыць ніякіх зменаў у эмацыйнай танальнасці твора, які, на яго думку, вельмі добры, прыязны і лагодны і “не падобны да твораў ХХІ стагоддзя”.

Аднак некаторыя змены Дэвід Бенедыктус у твор Мілна ўнёс. Так, ён крыху змяніў характар аднаго сябра Віні – восліка Іа. У сваёй новай кнізе меланхалічны Іа займае больш актыўную жыццёвую пазіцыю, чым у кнізе Мілна.

“Цяжэй за ўсё пісаць пра тых герояў, якіх ведаеш найлепш, асабліва Іа”, – прызнаўся Д. Бенедыктус. – У нас ужо ёсць 20 гісторый, у кожнай з якіх Іа ўсё шкадуе сябе. Я не хацеў бы, каб ён быў занудным у новай кнізе, таму зрабіў яго крыху больш актыўным”.

Іа, як і ўсе героі Алана Мілна, быў створаны на аснове адной з лялек сына пісьменніка Крыстафера Робіна. Лялечнага восліка яму падаравалі на Каляды, але з цягам часу шыя цацкі страціла пругкасць, і сумны выгляд лялькі падштурхнуў Мілна да стварэння вобразу Іа.

Да таго ж, Бенедыктус увёў і новага персанажа Стаакравага лесу – Выдру Лоці. “У арыгінальнай кнізе ўсяго адзін жаночы герой – Кенга. І гэта падаецца даволі сур’ёзным дысбалансам”. Па словах аўтара, імя гераіні, а таксама яе жывёльная прыналежнасць суправаджаліся сур’ёзнымі абмеркаваннямі ў коле прадстаўнікоў фонду.

Каб натхніцца на напісанне кнігі, Бенедыктус заглыбіўся ў творы Мілна, напісаныя ім для часопіса “Панч” цягам 1920–1930-х гадоў мінулага стагоддзя, а таксама часта наведваўся ў Эшвудскі лес ва Усходнім Сасэксе, які стаў прататыпам Стаакравага лесу ў кнізе пра Віні-Пуха.

Напярэдадні выхаду кнігі Бенедыктус казаў: “Я яшчэ не ведаю, ці ўхваляць мой твор “людзі Віні-Пуха”, а іх мільёны. Але я меў на мэце напісаць такія аповеды, якія б напісаў сам Мілн, калі б у яго яшчэ засталіся сілы”.

Пазнаёміцца з урыўкам сіквела можна тут.

“Праз 60 гадоў: ідучы жытам ” (60 Years Later: Coming Through the Rye). Джон Дэвід Каліфорнія

Раман амерыканскага пісьменніка Дж. Д. Сэлінджэра “Лавец у жыце” (The Catcher in the Rye), больш вядомы беларускаму чытачу ў расійскім перакладзе “Над пропастью во ржи” (перакладу на нашую мову, наколькі я ведаю, пакуль не існуе), быў напісаны ў 1951 годзе. Гэты аўтабіяграфічны, па прызнанні самога аўтара, раман адразу ж заваяваў папулярнасць у дарослай чытацкай аўдыторыі, а крыху пазней – і ў асяродку падлеткаў. Усё дзякуючы галоўнаму герою – шаснаццацігадоваму Холдэну Колфілду – і яго адметнаму светаўспрыманню на парозе даросласці. Але раман, перакладзены практычна на ўсе асноўныя мовы свету, сустракаў не толькі пазітыўныя водгукі. Праз сваю гутарковую, а часам нават ненарматыўную лексіку, прысутнасць у кнізе сэксуальных сцэнаў і неадназначны погляд пратаганіста на свет дарослых кніга часцяком трапляла ў спісы забароненых у некаторых школах ЗША, а часам нават у цэлых штатах, а за выкарыстанне яе на ўроках настаўнікам пагражала звальненне. Як паведамляе Вікіпедыя, напрыклад, у 1981 годзе раман “Лавец у жыце”, з аднаго боку, часцей за ўсё трапляў пад забарону, а з другога, займаў другое месца ў спісе самых часта вывучаных у школе. На дадзены момант ва ўсім свеце прададзена ўжо больш за шэсцьдзесят пяць мільёнаў асобнікаў гэтай кнігі.

Але слава, а з ёй і павышаная ўвага грамадскасці прыйшлася не даспадобы аўтару. Ён усё радзей друкаваў новыя творы. Апошні з іх, "Hapworth 16, 1924", пабачыў свет у часопісе The New Yorker у 1965 годзе. І з таго часу ад Сэлінджэра ў творчым плане ні гуку. Адзіная нагода, што часцяком абуджае цікаўнасць да яго асобы, – гэта скандалы.

Самы нядаўні якраз здарыўся летась. Шведскі кнігавыдавец Фрэдрык Колтынг (Fredrik Colting), узяўшы падазроны псеўданім Джон Дэвід Каліфорнія (J D California), 7 траўня 2009 году надрукаваў у Вялікабрытаніі кнігу “Праз 60 гадоў: ідучы жытам ” – гісторыю старога сямідзесяцішасцігадовага “Mr C”, прататыпа Холдэна Колфілда, што сыходзіць з дома састарэлых, куды яго змясціў родны сын, садзіцца ў аўтобус і накіроўваецца ў Нью-Ёрк.

Як і ў арыгінале, у рамане Колтынга аповед вядзецца ад першай асобы, то тут, то там аўтар устаўляе добра знаёмыя слоўцы Колфілда. Але, як заўважае крытык Рычард Дэвіс (Richard Davies), у творы няма і знаку грубаватай гутаркі арыгіналу.

У пачатку аповеду містэр К. можа толькі ледзь перасоўвацца, але пазней ён пераадольвае і даволі вялікія адлегласці. І, па словах Р. Дэвіса, галоўнай турботай героя кнігі Колтынга стала з дакладнасцю патрапіць ва ўнітаз. У сваім рамане Колтынг адводзіць ролю аднаго з персанажаў і Дж. Д. Сэлінджэру.

Перад самым выхадам кнігі на кніжны рынак, а таксама ў пачатку яе распаўсюду ў Вялікабрытаніі Колтынг апавядаў пра Дж. Д. Каліфорнію як пра шведска-амерыканскага аўтара, а яго раман называў працягам твора Сэлінджэра.

Аднак 15 чэрвеня 2009 году адвакаты Колтынга ўжо адстойвалі пазіцыю, што гэта ўсяго толькі пародыя на знакаміты раман Сэлінджэра, якая не з’яўляецца незаконным яго працягам. Ужо 18 чэрвеня ў шведскім друку з’явіўся артыкул, дзе паведамляецца, што кніга Колтынга – крытычны артыкул на Дж. Д. Сэлінджэра і Холдэна Колфілда.

У пачатку ліпеня ў судзе Манхэтэна было вынесенае рашэнне забараніць распаўсюд кнігі на тэрыторыі ЗША. Праўда, гэтым справа не абмежавалася. У жніўні альянс з некалькіх уплывовых амерыканскіх СМІ, у тым ліку The New York Times і агенцыя The Associated Press, звярнуліся ў суд з просьбай перагледзець рашэнне пра забарону, грунтуючыся на тым, што яна парушае свабоду слова ў краіне. Асноўнае ж пытанне ў наступным: кніга Колтынга ёсць плагіятам або толькі пародыяй ці крытычным творам на кнігу Сэлінджэра. Забарона ж не скасаваная дагэтуль.

Што да асобы смельчака, які наважыўся напісаць “працяг” аднаго з самых знакамітых раманаў ХХ стагоддзя, то “Праз 60 гадоў: ідучы жытам” – гэта яго дэбютная кніга. Ды як сцвярджае Рычард Дэвіс, “Лаўца ў жыце” Колтынг чытаў усяго двойчы. У Швецыі ён валодае невялікім выдавецтвам, што ў асноўным займаецца друкам масавай літаратуры, кшталту знакамітых цытатаў з фільмаў, кніг па астралогіі, напоях, кулінарыі і г.д.

Канечне, прыведзеныя мной кнігі – не адзіныя сіквелы, што то тут, то там з рознай доляй папулярнасці прабіваюцца на кніжны рынак. Але ж пытанне ў іншым: наколькі гэтыя працягі ў стане стаць арыгінальнымі творамі і прынамсі вартым чынам адцяніць сваіх знакамітых папярэднікаў, а не быць спробай васьмікласніцы дапісаць за класіка. І вельмі хочацца верыць, што іх роля не толькі ў тым, каб стаць добра прадаваным таварам сёлета і цалкам выветрыцца з галоваў чытачоў налета. З іншага боку, цалкам магчыма, што гэта да лепшага. :)

І калі не зусім сур’ёзна, ці хацелі б вы пабачыць працяг класічнага твора каго-небудзь з беларускіх пісьменнікаў? Пра прыгоды якіх герояў хацелі б пачытаць яшчэ?

Чытайце таксама

1112