
Кацярына Кенігсберг: “Мы планавалі арганізаваць выставу “Сучасная нямецкая кніжная ілюстрацыя” – з 65 работ 12 найбольш вядомых ілюстратараў дзіцячых кніжак. Калі мы даведаліся, што ў нас атрымаецца гэтая выстава, то вырашылі, што грэх не паказаць работы беларускіх мастакоў і не прыцягнуць да ўдзелу культурныя цэнтры замежных амбасадаў у Беларусі. Такім чынам, тут прадстаўлены польскія і ізраільскія мастакі, паколькі ў Беларусі ўсяго толькі тры культурныя цэнтры: Інстытут Гётэ, Польскі інстытут і Ізраільскі культурны цэнтр”.

Мастак: Ірэна Абольскі (Ізраіль)
Дыяпазон прадстаўленых на выставе тэхнік вельмі шырокі: ад танчэйшых акварэльных работ да шаўкаграфіі, ад гуашу і пастэлі да выразкі нажом на цялячым пергаменце, ад малюнка пяром да калажу і эксперыментальных лічбавых формаў.

Мастак: Аляксандра Твардокэнс (Польшча)

Мастак: Юры Алісевіч (Беларусь)
Польскі бок прадставіў працы студэнтаў Акадэміі Мастацтваў у Катавіцах. Гэта найбольш эксперыментальныя работы – мастакі выкарыстоўваюць прыёмы коміксу і анімацыі.

Мастак: Аляксандра Катарска (Польшча)

Мастак: Наталля Армата (Польшча)
Беларускія мастакі прадстаўлены такімі неверагодна тытулаванымі асобамі, як Валер Славук і Павел Татарнікаў, пра якіх мы ўжо падрабязна пісалі на старонках жж “ПрайдзіСвета” (Вялікі мастак міфічнасці - Валеры Славук і Ілюстрацыі Паўла Татарнікава).
Цікавымі мне падаліся працы маладой беларускай мастачкі Веры Ягоўдзік.

Беларускі мастак Раман Сустаў у інтэрв’ю БелаПАН адзначыў, што беларуская кніжная ілюстрацыя на сучасным этапе перажывае крызіс, таму абмен досведам з замежнымі мастакамі вельмі карысны беларускім ілюстратарам. Вось жа паглядзім на ягоныя працы.



Ізраільская мастачка Ірэна Абольскі працуе ў цікавай тэхніцы выразання нажом з пергаменту. Яе працы грунтуюцца на эстэтыцы старажытных манускрыптаў, дзе пачатковыя літары з’яўляюцца рамкай для ілюстрацыі. У такой тэхніцы Ірэна Абольскі афармляе ілюстрацыі да рэлігійных тэкстаў і мастацкіх твораў на біблійную тэматыку.



Нямецкая экспазіцыя, з якой і пачалася задума выставы, была затрыманая на мытні, але арганізатары выставы чакаюць машыну ў пятніцу. Пакуль што ў музеі прадстаўлены толькі кнігі, аздобленыя нямецкімі мастакамі.


Мастак: Філіп Вехтэр (Нямеччына)

Мастак: Нікалаўс Хайдэльбах (Нямеччына)

Мастак: Вольф Эрлбрух (Нямеччына)

Мастак: Аксэль Шэфлер (Нямеччына)

Мастак: Каралінэ Кер (Нямеччына)
Выстава ў Мінску працягнецца да 7 сакавіка, а потым рушыць у турнэ па Беларусі. Падрабязней пра маршрут выставы можна даведацца на сайце Інстытута Гётэ.