
Пачалася наша імпрэза пад назвай “Адам, Ева і брутальная лірыка” чытаннем вершаў Рыгора Барадуліна, 75-годдзе якога мы вырашылі адзначыць такім чынам. Беларускія арыгіналы гучалі ў выкананні Андрэя Хадановіча, а чэшскія пераклады Францішкі Сокалавай з кнігі “Жыць” чытаў дасведчаны багеміст Сяргей С.

Пасля беларуска-чэшскіх чытанняў пачаліся чытанні чэшска-беларускія. Балам правіў перакладчык (ура! нарэшце))). У дапамогу Сяргею Сматрычэнку беларускія і чэшскія тэксты чыталі Настасся Баярскіх і Марыя Пушкіна.

Усё пачалося з “Адама і Евы” Карэла Шыктанца . Марыя і Сяргей выдатна выканалі свае ролі. А “Ева” нават падзялілася яблыкам з прысутнымі ў слухацкай залі мужчынамі. Затым гучала лірычная паэзія ў прозе Францішка Галаса “Я вярнуся туды”. Лірызм настальгічны змяніўся лірызмам бітніцкім – загучалі верлібры Вацлава Граб’е. А завяршыў вечарыну Сяргей Сматрычэнка “брутальнай лірыкай” свайго сябра і самага, па яго словах, перакладанага чэшскага аўтара апошніх гадоў – Яхіма Топала.

У перапынках паміж чытаннем, як і мусіць быць у высокаінтэлектуальных колах, ішла гульня і змаганне за падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” А пытанні для конкурсаў, варта адзначыць, былі не з простых. Вы ведаеце, колькі літараў у чэшскім алфавіце? (Сам Сяргей іх лічыў перад прысутнымі на пальцах!). А хто з беларускіх літаратараў браў удзел у фестывалі беларускай культуры ў Брне? А хто з чэшскіх аўтараў прадстаўлены на электронных старонках “ПрайдзіСвета”?

Але публіка была адукаваная і хоць часам з цяжкасцямі, а часам старым правераным спосабам – “пальцам у неба” – такі агучвала правільныя адказы. Было весела (прынамсі некаторым).

Пасля імпрэзы наведнікі чытанняў (рада “ПрайдзіСвета” ўсё ніяк не вызначыцца: яны клубныя ці салонныя) разыходзіцца асабліва не спяшаліся. Людзі дзяліліся ўражаннямі ад пабачанага і пачутага і з перакладчыкам, і з іншымі наведнікамі імпрэзы. А некаторыя кінуліся разглядаць процьму беларускіх і не толькі кніжак, якімі поўніліся паліцы кнігарні галерэі “Ў”.
Як мне падаецца, імпрэза ўдалася. А што думаеце на гэты конт вы? Дзяліцеся ўражаннямі.
Фота Анкі Упала.
Таксама пра падзею: svaboda.org і budzma.org