
Андрэй Хадановіч
Пачалася вечарына з “Прадмовы” Чэслава Мілаша, перакладзенай і прачытанай Андрэем Хадановічам. Пасля яго выступіў Лявон Баршчэўскі, які прачытаў свой пераклад “Маральнага трактату” са зборніка Мілаша, што стаў ужо, як зазначыў Андрэй Хадановіч, бібліяграфічнай рэдкасцю.

Лявон Баршчэўскі
На вечарыне выступіла шмат беларускіх перакладчыкаў з польскай мовы: Марыя Мартысевіч (якая пазнаёміла слухачоў з вершамі Баляслава Лесьмяна і Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага), Марына Казлоўская (што разам з Марыяй Пушкінай прачытала пераклады вершаў Віславы Шымборскай, Збігнева Герберта, Тадэвуша Ружэвіча і Станіслава Бараньчака), Віталь Рыжкоў (які прачытаў верш Рышарда Крыніцкага, што апынулася вельмі дарэчы – бо акурат перад ім Марына Казлоўская прэзентавала верш Збігнева Герберта – своеасаблівы паэтычны ліст, адрасаваны Крыніцкаму), Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута (што прачыталі вершы Кшыштафа Каміля Бачыньскага, надрукаваныя ў новым, чацвертым нумары часопіса “ПрайдзіСвет”, а таксама вершы Яна Леханя і Баляслава Лесьмяна).

Ганна Янкута

Марыя Мартысевіч
Марына Казлоўская і Марыя Пушкіна
Андрэй Хадановіч зачытаў асобныя вершы Рафала Ваячка з кнігі “Мёртвы сезон”, пераствораныя па-беларуску Вальжынай Морт, якая не змагла прысутнічаць на вечарыне, бо жыве цяпер у ЗША. Пры канцы вечарыны зноў гучалі пераклады вершаў Чэслава Мілаша, выкананыя Андрэем Хадановічам.

Віталь Рыжкоў
Падаецца, гэтыя літаратурныя чытанні знайшлі свайго слухача (на чацвертай вечарыне было ўжо шмат знаёмых твараў) і – свайго перакладчыка. На заўвагу Кацярыны Маціеўскай пра тое, што перакладчык, чытаючы верш, не можа проста атрымліваць эстэтычную асалоду, а заўсёды прыкідвае, як бы гэта перакласці, адгукнуліся Марыя Мартысевіч і Марына Казлоўская, і ў кожнага перакладчыка аказаўся свой самы складаны, самы цяжкі для перакладу аўтар, якога, тым не менш, немагчыма не перакласці.

Польская паэзія, па вялікім рахунку, беларускаму чытачу вядомая мала. У нас няблага перакладзеныя ў першую чаргу “нашыя” – Міцкевіч, філаматы і філарэты, у апошнія некалькі гадоў дзякуючы Лявону Баршчэўскаму, Андрэю Хадановічу, Марыйцы Мартысевіч, Марыне Казлоўскай, Вальжыне Морт, Юрасю Бушлякову, Сержу Мінскевічу і інш. загучалі (і выйшлі) па-беларуску Мілаш, Галчыньскі, Герберт, Ваячак, Славацкі. З большасці пералічаных імёнаў бачна, што беларускія перакладчыкі ўрэшце пачалі адкрываць, без перабольшанняў, залатое стагоддзе польскай паэзіі – дваццатае.
Фота Паліна Маслянкова і Алена Пятровіч, відэа -- Паліна Маслянкова