№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дзень нараджэння Эдгара По: Nevermore and more and more...

28 студзеня 2011

Дзень нараджэння Эдгара По: Nevermore and more and more...
Яшчэ да пачатку вечарыны арганізатары, добра ведаючы творы пісьменніка, былі гатовыя да любых містычных здарэнняў. Чакалася, што святкаванне наведае дух самога Эдгара По, і гэтыя чаканні не былі марнымі. Тым больш што пачаўся вечар з аўтарскага чытання “Крумкача”:



Шаноўны дух відавочна ацаніў і прыглушанае святло, і ўтульную атмасферу кнігарні, і ўласна працу перакладчыкаў, і вырашыў крышачку пагарэзіць. У выніку прысутныя так і не здолелі даслухаць да канца аўдыёвыступ Аляксея Арцёмава, які чытаў свой пераклад верша “Гімн”: тэхніка проста не вытрымала прысутнасці нябачнага аўтара. А таму каб выправіць наступствы гэтага містычнага жарту, змяшчаем запіс чытання тут:



Тое, што Эдгар По напраўду меў някепскае пачуццё гумару, госці маглі ўпэўніцца, слухаючы пераклады гратэскаў пісьменніка — апавядання “Акуляры” ў перакладзе Марыі Мартысевіч, “Некалькі выпадкаў з жыцця знакамітасці” ў перакладзе Ганны Янкута, а таксама вясёлы ўрывак з “Залатога жука”, перакладзенага Юляй Цімафеевай. Перакладчыкі паспрабавалі давесці слухачам, што Эдгар По — не проста страшны, але яшчэ і вельмі смешны. Хаця і страшны таксама — пра гэта нагадаў Віталь Рыжкоў, прачытаўшы ўрывак з “Вільяма Вільсана”.

Лявон Баршчэўскі прадэманстраваў яшчэ адзін бок таленту пісьменніка і прычытаў у арыгінале і перакладзе ўрывак з рамантычнай паэмы “Тамерлан”. Вершаваныя творы По прагучалі таксама ў перакладах Кацярыны Маціеўскай (“Улялюм”) і Ганны Янкута (“Лінор”).

Другім пасля Эдгара По ганаровым госцем вечарыны быў, безумоўна, Крумкач. Самы вядомы пераклад аднайменнага верша на беларускую мову, зроблены Алегам Мінкіным, зачытаў Андрэй Хадановіч, суправадзіўшы пераклад сваім паэтычным каментаром, а дакладней, варыяцыяй на тэму, якую можна пачытаць тут. Аднак версія падзеяў, расказаная Эдгарам По, не зусім супала з версіяй іншага сведкі — не, не крумкача, а ката, які, як выявілася, таксама там быў і ўсё бачыў. Пераклад верша “Канец “Крумкача”, напісаны катом Эдгара По, прачытала Кацярына Маціеўская, зазначыўшы, што калі даследчыкі дагэтуль не вылічылі аўтара гэтага верша, ёсць усе падставы меркаваць, што яго напраўду напісаў кот. Вось так яно ўсё і заканчваецца:

Канец “Крумкача”

Напісана катом Эдгара По


Неяк змрочным часам ночы млява я расплюшчыў вочы:

Хтось гаспадару прарочыў ці то трэмар, ці то мор.

По ад жаху ледзь не плакаў — ці то граку нешта вякаў,

Ці то з крумкачом балакаў — нэвэрмор ды нэвэрмор...

“З крумкачом?” — мільгнула думка й тут жа вочы я прадзёр —

Слаўны будзе сёння жор!


І папоўз я па падлозе ў паляўнічай асцярозе,

Прамінуўшы па дарозе поўны хламу калідор.

Покуль крук спяваў балады на патыліцы Палады,

Да яго нячутна ззаду чорны кот падпоўз… замёр…

“Ну чакай, — я думаў, — змрочны, злосны дух начных пячор, —

Зараз будзе нэвэрмор!”


А тым часам крук пануры, сеўшы слупам на скульптуры,

Бы спраўляючы хаўтуры, свой кудахтаў прыгавор.

По дурную тую птушку ўсё распытваў пра мянушку,

Ну а ваш пакорны служка на відзежу даўніх пор

Скокнуў, разадраў і злопаў — ах, бясслаўны нэвэрмор!

Танчы, По! Крумкач памёр!


— Коцік, — крыкнуў По, — я розум ледзь не страціў, а цвярозым

Не паверыў бы пагрозам!.. — і захроп між смецця гор.

Паглядзеў я на Паладу… Эдгар будзе клікаць гадам…

А магчыма, будзе рады — ты ж Афіна, не Лінор…

Ну і гахнуў аб падлогу гнюсны бюст… бывай, дэкор!

Тут і казцы нэвэрмор.

Чытайце таксама

1168