№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ірына Шаблоўская

Сусветная літаратура ў беларускай школе

11 снежня 2009

Сусветная літаратура ў беларускай школе


Артыкулы змешчаныя на сайце з ласкавага дазволу спадкаемцаў І. Шаблоўскай. Саму кнігу “Сусветная літаратура ў беларускай прасторы” можна набыць у кніжных крамах.

Нацыянальны аспект праблемы вызначаецца агульным станам выкладання літаратуры ў беларускай школе ўсіх узроўняў – пачатковай, сярэдняй, вышэйшай. Канцэптуальна гэты працэс пачаў прынцыпова мяняцца менавіта на нашых вачах. Калі на працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў у школах Беларусі выкладалася пераважна родная літаратура і літаратура руская, а замежныя аўтары былі прадстаўлены фрагментарна і непаслядоўна, то сёння робіцца спроба выкладаць літаратуру як цэласны прадмет і як мастацтва. Праграмы па літаратуры даюць уяўленне пра ўсе значныя этапы яе развіцця ад старажытнасці (Усходняя цывілізацыя, Грэцыя, Рым), праз Сярэднявечча і Асветніцтва, да сучаснасці. Яны зарыентаваныя на азнаямленне навучэнцаў з выдатнымі помнікамі мастацкай літаратуры, прадстаўленай у шырокай міжнацыянальнай прасторы: тут і Біблія, і эпас (ад Гільгамеша, Манаса, “Слова пра паход Ігаравы” да “Песні пра Раланда”), і творы, якія вывучаліся раней у сярэдняй школе: ад п'ес Шэкспіра, “Фаўста” Гётэ да сучасных аўтараў. Родная і руская літаратура пры гэтым новым падыходзе арганічна ўспрымаюцца як частка літаратуры сусветнай і падаюцца ў кантэксце мастацкага досведу краін свету. Мяняюцца суадносіны свайго і чужога: свой рэалізм, барока, сюррэалізм успрымаюцца ў супастаўленні з досведам сусветным. Выяўляецца непаўторнае і агульнае мастацкага твора, сваёй нацыянальнай літаратуры, яе ўзаемін з літаратурамі свету.

Стан выкладання літаратуры як школьнага прадмета далёка не школьная справа, а сведчанне пра стан развіцця нацыі, меру яе самастойнасці і суверэннасці. Кампаратыўнае літаратуразнаўства даўно ўжо пераканаўча давяло, што ўключанасць нацыі ў сусветны культурны кантэкст залежыць ад таго, наколькі гэтая нацыя сама цікавіцца літаратурай іншых краін. Зацікаўленасць гэтая правяраецца, перадусім, інтэнсіўнасцю перакладаў замежнай літаратуры на родную мову і тым, наколькі трывала ўваходзіць літаратура народаў свету ў школьныя праграмы. У сярэдняй школе яе наяўнасць пашырае далягляды духоўнага свету Асобы. Вышэйшая школа тым больш задавальняе запатрабаванні нацыі, чым больш спецыяльнасцяў і спецыялізацыяў яна можа прапанаваць абітурыенту. У ВНУ Расіі, напрыклад, філалагічныя спецыяльнасці адлюстроўваюць багаты спектр моваў і літаратураў, ад заходніх да ўсходніх рэгіёнаў, ад класічных да самых экзатычных. Нацыя мае запатрабаванні ў гэтых спецыялістах, пасылае сваіх дыпламатаў ва ўсе краіны свету, зацікаўленая, каб інфармацыя пра жыццё планеты на роднай мове была як мага больш грунтоўнай і ўсебаковай. Тое ж можна адзначыць у дачыненні да Францыі, Англіі, усіх славянскіх краін, Польшчы, Чэхіі, дзе амаль пры кожным універсітэце ёсць навукова-даследчыя інстытуты раманскай, германскай, славянскай і розных іншых філалогій.

Што сказаць пра нацыю, якая не ведае, навошта ёй арабісты, багемісты альбо раманісты? Пра нацыю, якая дбае толькі пра самыя элементарныя інтарэсы і арыентуецца выключна на прагматычныя мэты: задаволіць колькасна школу настаўнікамі рускай мовы і літаратуры, роднай мовы і літаратуры і трох галоўных замежных моваў. Вось поўны набор філалагічных спецыяльнасцяў, што мае нашая беларуская школа. Стан яе нацыянальнай культуры крытычны, каб не сказаць катастрафічны. Яе гуманітарную школу можна параўнаць з трухлявым дрэвам, на якім зелянее з дзесятак галінак. Нацыянальнай беларускай школе бракуе мноства адгалінаванняў, якія ёсць у ВНУ свету. Усе так званыя элітарныя спецыяльнасці, без якіх многія і сёння лічаць магчымым абысціся, насамрэч бароняць духоўную наасферу нацыі ад знікнення. Нацыя, пазбаўленая элітарнай адукацыі, кіруецца не ў бок сваіх нацыянальных інтарэсаў. Яна не дбае пра тое, каб задаволіць запатрабаванні асобы, каб гарманічна развівалася духоўная сфера.

Беларускі прыклад надзвычай павучальны: ізаляваныя ад Сусвету, мы пачалі страчваць родную мову, перайшлі на мову суседняга народа, задаволіліся вялікай рускай культурай, перакладамі сусветнай класікі на рускую мову. Прыходзіцца часам чуць выключна наіўныя пытанні не абы ад каго – ад дыпламаваных настаўнікаў. “Разве Байрон звучит по-белорусски?” Можна адказаць, што ўсё залежыць ад якасці перакладу, але прыходзіцца даводзіць такому апаненту, што Байран і па-руску не гучыць, яго, безумоўна, лепш чытаць па-ангельску. Настаўнікі так прызвычаліся да рускіх перакладаў Шэкспіра, Гётэ, Бальзака – усіх школьных і няшкольных аўтараў, што ідэнтыфікуюць іх з арыгіналам. Пераклад рускі ўспрымаецца як адзіная норма, а не як магчымы варыянт. Натуральна было б даць права беларускаму перакладу заняць сваё пачэснае месца ў нацыянальнай школе. Але яго амаль няма. Перакладчыкаў мастацкай літаратуры з моваў народаў свету катастрафічна не стае на Беларусі. Іх не рыхтуе аніводная ВНУ.

Няцяжка заўважыць, што пытанне пра выкладанне сусветнай літаратуры шчыльна звязанае са статусам роднай мовы ў дзяржаве. Толькі на роднай мове вядзецца звычайна дыялог нацыі з Сусветам. Беларускае ўспрыняцце чэшскай, польскай ці якой іншай літаратуры значна адрозніваецца, напрыклад, ад рускага, французскага, бо рэцэпцыя паглыбленая ў псіхалагічны модус нацыі, яе ментальнасць. Рэцэпцыя звязаная з нацыянальнай гісторыяй, спецыфікай сацыяльнага і побытавага ўкладу. Прасочым праблему на параўнанні беларускага і чэшскага лёсаў, якія вызначаюць і спецыфічнасць культурных узаемінаў беларускай і чэшскай культур. Камусьці можа падацца дзіўным, але часам яны больш шчыльныя, чым з нашымі найбліжэйшымі суседзямі: палякамі, рускімі, украінцамі.

Чэхі, як і беларусы, неаднойчы адраджалі сваю родную мову, змагаліся за яе, абаранялі ад нямецкай экспансіі. На працягу трох стагоддзяў (з 1620, калі чэхі пацярпелі паражэнне пасля бітвы ля Белай гары, і да 1918, калі развалілася Аўстра-Венгерская імперыя) чэхі не мелі дзяржаўнасці і былі вымушаныя карыстацца дзяржаўнай мовай – нямецкай. Пазбаўленыя роднай мовы на афіцыйным узроўні, яны не адцураліся яе. У народзе яна жыла разам з традыцыямі Яна Гуса, Яна Амоса Коменскага, выдатных асветнікаў і гуманістаў, рэфарматараў царквы, ад якой яны патрабавалі весці казанні па-чэшску. У канцы XIX ст. у Прагу пачалі пераязджаць чэхі, а да гэтага чэшская сталіца, унікальны асяродак культуры і музейных здабыткаў, месца, збудаванае яшчэ пры Карле IV, імператары Рымскім, была пераважна горадам нямецкім. Менавіта тады ў канцы ХІХ – пачатку XX ст. большасць нямецкага насельніцтва, якая не прыжылася ў Чэхіі, не хацела карыстацца чэшскай мовай, пераехала ў Нямеччыну. Можна згадаць, як Яраслаў Гашак, тады навучэнец гімназіі, браў удзел у страйках супраць непрызнання чэшскай мовы ў афіцыйных установах Прагі.

Ці адаб’ецца ўсё гэта на нашай беларускай рэцэпцыі чэшскай гісторыі і літаратуры? Мяркуйце самі. Ці можам мы, беларусы, не ўлічваць, напрыклад, той факт, што ў Празе пахаваны наш выдатны беларус і першадрукар Францыск Скарына? Што ў 1412 – 1413 гг. Віцебск наведаў Еранім Пражскі, чэшскі вучоны і паплечнік Яна Гуса, таксама спалены інквізіцыяй. Што ў 1920 – 1930-х гадах, дзякуючы падтрымцы першага прэзідэнта незалежнай Чэхаславакіі Томаша Гарыка Масарыка, некалькі сотняў беларусаў жылі і вучыліся ў Празе, у тым ліку аўтар манаграфіі пра Скарыну Ігнат Дварчанін і беларуская пакутніца XX ст., адна з многіх выдатных талентаў беларускіх, Ларыса Геніюш? Што ў Чэхіі знайшлі прытулак першыя беларускія прэзідэнты Пятро Крачэўскі і Васіль Захарка, на адных могілках з імі пахаваны выдатны спявак, наш беларускі Каруза, Забэйда-Суміцкі? Што сёння ў Празе вывучаецца беларуская мова ў Карлавым універсітэце, дзе працаваў вядомы даследчык беларускай літаратуры і перакладчык Вацлаў Жыдліцкі?

Усе пералічаныя і мноства іншых фактаў беларуска-чэшскіх узаемінаў пазначаюць асаблівасці менавіта беларускай рэцэпцыі чэшскай гісторыі, а не, скажам, французскай альбо балгарскай. Для беларусаў яны набываюць свой адметны сэнс, які не маюць для французаў і балгараў. Разам з гэтым, французская рэцэпцыя той жа чэшскай культуры будзе мець свае акцэнты і сваю спецыфічнасць, як і балгарская. Няцяжка заўважыць, што менавіта чэшская культура аказваецца па многіх паказальніках значна больш спрыяльнай для беларусаў, чым у дачыненні да самых блізкіх суседзяў – Расіі і Польшчы.

Вывучаць рэцэпцыю сусветнай літаратуры на Беларусі, а беларускай у розных краінах свету – першасная мэта нашай філалогіі, а калі падумаць, то і беларускага Адраджэння. Менавіта на прыкладзе філалогіі яскрава праступае знітаванасць пытанняў эканамічных і духоўных, псіхалогіі і культуры: яны сягаюць глыбока ў ментальнасць Асобы і ментальнасць нацыі, іх адчуванне сябе годнымі сярод народаў свету, са сваёй мовай, гісторыяй і культурай. А ўсе гэтыя пытанні ў сваю чаргу звязаныя са Школай нацыі, у яе філасофскім, не толькі прыкладным, значэнні.

Выкладанне сусветнай літаратуры ў школах Беларусі сутыкнулася сёння са шматлікімі цяжкасцямі. Па першае, няма тэкстаў, няма падручнікаў на роднай мове, няма метадычных распрацовак, небагата, нарэшце, і выкладчыкаў, якія б з ахвотай бралі на сябе дадатковыя цяжкасці. Тыя мастацкія творы, якія перакладзеныя на родную мову, выдадзеныя мізэрнымі накладамі: “Чужаніца” Альбэра Камю – 6 тысяч асобнікаў, “Мур” Жана-Поля Сартра – 5 тысяч, апавяданні Мапасана – 12 тысяч. Беларускі пераклад “Уліса” Джойса выкананы Янам Максімюком, які жыве ў Беластоку. Зноў жа зазначу, што праблема мастацкага перакладу на Беларусі датычыцца развіцця не толькі нацыянальнай культуры, але, як гэта ні дзіўна чуць, – роднай мовы. На думку вядомага перакладчыка Васіля Сёмухі, які дапамог загаварыць па-беларуску Гётэ, Гесэ, Ману, адсутнасць перакладаў на беларускую мову многіх твораў сусветнай літаратуры (Вальтэра, Франса, Маркеса, Фолкнэра і шэрагу іншых), не спрыяе развіццю многіх функцый роднай мовы, цэлыя лексічныя пласты якой застаюцца незапатрабаванымі. У выніку ствараецца штучнае ўяўленне пра беднасць беларускай мовы, на якой не гучаць антычныя трагікі і сучасныя філосафы.

Пакуль перакладчыцкая справа знойдзе падтрымку ў нацыянальнай школе, а на філфаках ВНУ ўзнікнуць творчыя лабараторыі, спецыяльныя групы мастацкага перакладу, пакуль школа атрымае неабходныя тэксты, пройдзе, відаць, нямала часу. Патрэбна неадкладна перавыдаць тое, што ўжо назапашана, пажадана ў спецыяльных серыях, разлічаных на школу, даступных і па кошце шырокім колам насельніцтва. Пажадана таксама выкарыстоўваць і рускія пераклады тых неабходных твораў класікі, якіх бракуе на мове нацыі. Веданне рускай мовы насельніцтвам Беларусі прыдатнае як сродак лучнасці з культурай сусвету праз багатую скарбніцу рускага перакладу.

Што датычыць вучэбных дапаможнікаў, то кафедра замежнай літаратуры Белдзяржуніверсітэта прыступіла да стварэння цэлага комплексу па сусветнай літаратуры. Мяркуецца, што яго складуць восем кніжак вучэбнага дапаможніка “Гісторыя замежнай літаратуры”, а таксама хрэстаматыі. Для напісання арыгінальнага беларускага падручніка па літаратурах краін народаў свету спатрэбілася правесці адпаведныя навукова-даследчыя работы па спецыфіцы беларускага ўспрыняцця сусветнага літаратурнага досведу. Дзеля гэтага на кафедры створаная творчая група, якая працуе над калектыўнай манаграфіяй “Замежная літаратура ў кантэксце беларускай культуры”. Даследчыкі востра ад¬чуваюць нераспрацаванасць гэтых пытанняў у беларускай філалогіі, засяроджанасць нашай кампаратывістыкі выключна на пытаннях беларуска-рускіх і руска-беларускіх узаемадзеянняў. Каб на адпаведным узроўні вывучыць рэцэпцыю розных іншых культур, патрэбныя намаганні не аднаго творчага калектыву, магчыма, навукова-даследчага інстытута кампаратывістыкі. Такія даследчыцкія цэнтры ёсць пры большасці кафедраў і філалагічных факультэтаў краін Еўропы і Азіі. Алё на ўсю Беларусь маецца толькі адна кафедра замежнай літаратуры, якая займаецца пытаннямі кампаратыўнага вывучэння заходніх літаратур, і рэдкія адзінкі даследчыкаў-энтузіястаў у іншых установах. Справа, якую пачынала “Узвышша” ў дваццатыя гады, Алесь Адамовіч у шасцідзесятыя, працягваецца вельмі марудна, і прычына тут не толькі ў нашым жабрацтве, але, відаць, не ў апошнюю чаргу – у абмежаванасці нацыянальнай свядомасці.

У гэтай сувязі я часта ўспамінаю словы ангельскага славіста Джэя Дзінглі з яго прамовы на першым кангрэсе беларусістаў. Ён прыгадаў межы, якімі нацыя адгароджваецца ад суседзяў. Межы могуць стаць шкодным стэрэатыпам свядомасці, засяроджанай толькі на сабе, ізаляванай ад сусветнай культуры. Культурная прастора такой нацыі, абмежаванай толькі сваім, збедненая, супрацьпастаўленая чужому. Яе развіццё запаволенае, а энергетычнае поле культуры слабае. Чым больш нацыя мае перакладаў, тым больш насычаная яе нацыянальная духоўная прастора і тым больш моцна ўздзейнічае энергія сусвету на развіццё яе роднай мовы і літаратуры, школу, філалагічныя навукі. Відаць, таму найбольш развітыя культуры Еўропы (французская, польская, чэшская) маюць на сваёй роднай мове ўсю сусветную класіку і не спыняюць перакладчыцкую дзейнасць.

На маю думку, памылкова абараняць местачковасць, быццам яна захоўвае нацыянальныя традыцыі, мову, культуру. Так толькі здаецца. Захоўвае рэгіянальнае, нацыянальнае, а дакладней як бы кансервуецца ў сваёй спецыфічнасці. Між тым нацыянальнае для свайго развіцця патрабуе дыялога з Сусветам. Сваё і чужое знаходзіцца ў складаным суплёце: на розных этапах развіцця нацыі асэнсаванне гэтых паняццяў праходзіць розныя стадыі – ад супрацьпастаўлення і поўнага адмаўлення чужога як варожага да надання яму статуса культурнай нормы. І тое і другое не спрыяе развіццю нацыянальнага і можа прывесці да поўнага заняпаду роднай мовы, літаратуры, культуры наогул. Патрабуецца гарма¬нічная мера ўспрыняцця чужога досведу, падпарадкаваная інтарэсам нацыі і спецыфічнасці яе развіцця на дадзеным этапе.

Возьмем у якасці прыкладу сённяшні этап развіцця беларускай культуры, характэрныя асаблівасці яе ўзаемадзеяння з суседзямі далёкімі і блізкімі. Увачавідкі парушэнне гармоніі ў бок русіфікацыі, якая прыняла стыхійны характар. Руская культура – вялікая, безумоўна, выконвае ў нашай нацыянальнай духоўнай прасторы як бы замяшчальную функцыю. З дзяцінства беларусы вучаць Пушкіна і Чайкоўскага, Шышкіна і Рэпіна – што вельмі добра. Але яны не ведаюць Міцкевіча, Апалінэра, Карэла Гінэка Маху, Ірасека, Неруду, Шапэна, Густава Малера... Я пералічыла выдатных суседзяў нашых, але з другога боку. Для беларусаў усе гэтыя імёны, так бы мовіць, terra incognita.

Састарэлыя стэрэатыпы адыходзяць не адразу, трэба, каб змяніліся арыентыры нацыянальнай свядомасці, каб самааддана папрацавала духоўная эліта нацыі і, гаворачы словамі Брэхта, аб’ектыўная бачнасць саступіла месца ісціне.

Чытайце таксама

3D-кнігі

3D-кнігі

Сёння ўсе сайты трубяць, што навукоўцы з Паўднёвай Карэі стварылі кнігу з выкарыстаннем тэхналогіі 3D. Такім чынам, у кнізе пра персанажа можна не толькі прачытаць, але і ўбачыць яго трохмерны малюнак.

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Малюнкі без кніжак, або Замежныя ілюстратары ў Мінску

Малюнкі без кніжак, або Замежныя ілюстратары ў Мінску

Дачуўшыся пра тое, што ў Мінску адкрылася выстава пад назвай “Жылі-былі, або Сучасная дзіцячая кніжная ілюстрацыя з Беларусі, Германіі, Ізраіля і Польшчы”, я ў абедзенны перапынак пад’ехала ў Музей…

Аўтарка ў сучаснай Беларусі: існаванне насуперак

Анка Упала

Аўтарка ў сучаснай Беларусі: існаванне насуперак

Беларускіх пісьменніц сёння безумоўна болей, чым у 1927 годзе, з якога сведчыць нам Мікола Байкоў, але кантэкст для іх застаецца варожым, ён выштурхвае іх за межы бачнасці, за межы прызнання, абясцэньвае…

2665