№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ірына Шаблоўская

Беларуска-чэшскі літаратурны дыялог

11 снежня 2009

Беларуска-чэшскі літаратурны дыялог


Артыкулы змешчаныя на сайце з ласкавага дазволу спадкаемцаў І. Шаблоўскай. Саму кнігу “Сусветная літаратура ў беларускай прасторы” можна набыць у кніжных крамах.

Чэхія і Беларусь знаходзяцца паміж Усходам і Захадам Еўропы і не могуць не адчуваць на сабе ўплывы з розных бакоў. Яны не маюць агульнай мяжы, так бы мовіць. Але тым не менш літаратурны дыялог паміж імі існуе. Ён вызначаецца мноствам фактараў: пераклады і ўзаемная навуковая зацікаўленасць, вывучэнне моваў і літаратураў – чэшскай у Беларусі і беларускай у Чэхіі, кантактныя сувязі паміж пісьменнікамі і навукоўцамі, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, без якога наўрад ці будуць плённымі ўсе іншыя формы дыялога.

Калі на першым этапе вывучэння ўзаемасувязяў акцэнтуюцца звычайна кантакты, пераклад, то з цягам часу прыходзіць цікавасць да агульнасці і адметнасці, тыпалогіі і нацыянальнай спецыфічнасці, дакладней – да адметнага праз агульнае. Зацікаўленасць беларусамі ў Чэхіі і чэшскім жыццём у Беларусі мае даўнія карані і вывучана ў нас даволі грунтоўна [1].

Працягваючы традыцыйныя метады даследавання ўзаемасувязяў беларускай і чэшскай літаратур сёння, на маю думку, варта рабіць акцэнт на вывучэнні кантэксту (міжславянскага, еўрапейскага, сусветнага) развіцця літаратур псіхакосмалогасу (тэрмін Дз. Гачава), калі асэнсаванне літаратурнага развіцця ўключае псіхалогію, ментальнасць, намагаецца выйсці на духоўны космас нацыі і чалавецтва. Актыўна апошнім часам пачала даследавацца беларуская эміграцыя ў Празе. Тэма гэтая заслутоўвае, каб спыніцца на агульнай старонцы беларуска-чэшскага ўзаемадзеяння. Беларускую Народную Рэспубліку, абвешчаную 25 сакавіка 1918 г., адной з першых у ліку нямногіх тады, у 1919 – 1920-х гг., прызнала Чэхаславакія (абвяшчэнне яе незалежнасці адбылося 28 кастрычніка таго ж 1918 г.). У 1920-я гг. у Прагу пераехаў урад БНР. Тут працавалі беларускія арганізацыі. Тут, на Альшанах, пахаваныя першыя беларускія прэзідэнты П. Крачэўскі і В. Захарка.

Палітычная эміграцыя ў Празе была прадстаўленая даволі шырока. Тут, дзякуючы падтрымцы Томаша Гарыка Масарыка, вучыліся беларусы, забяспечаныя стыпендыяй. Сярод іх – паэт У. Жылка, Т. Грыб, В. Вальтар, аўтар першай манаграфіі пра Скарыну I. Дварчанін. Тут выдаваліся беларускія часопісы, у якіх адлюстроўвалася жыццё на Бацькаўшчыне. Вельмі аператыўна рэагавалі эмігранты на навіны культуры, выхад новых кніг. Прага ўвайшла ў жыццё і творчасць двух вялікіх беларускіх талентаў, дала ім прытулак. Адзін – выдатны спявак Міхал Забэйда-Суміцкі, другая – паэтка Ларыса Геніюш.

У апошнія гады з’явіліся “Пражскі эпісталярый” У. Калесніка, адпаведныя раздзелы кніг Б. Сачанкі “Беларуская эміграцыя” і “Сняцца сны аб Беларусі”. Прыгадаем, што сярод, бадай, самых першых спроб навуковага асэнсавання пражскай эмігранцкай творчасці былі газетны артыкул А. Мальдзіса (“Звязда”, 1968) пра паэзію Ларысы Геніюш, успаміны Ю. Гаўрука пра У. Жылку (“Дзень паэзіі”, 1971), манаграфія У. Калесніка “Ветразі Адысея” (“Полымя”, 1977). Гэта першыя ластаўкі навуковай галоснасці, вельмі карысныя, бо афіцыйна эміграцыя тады нібы і не існавала наогул. Чакае пільнай увагі беларускіх навукоўцаў таямнічы лёс беларускага архіва, які часткова ўваходзіў у Рускі загранічны гістарычны архіў у Празе. След яго губляецца пасля 1945 г., калі архіў быў перададзены Сталіну як падарунак. “У Маскву трапілі ўсе сакрэтныя матэрыялы архіва. Гэта тлумачыць, чаму адразу пасля вайны ў Чэхаславакіі пачаліся масавыя арышты рускіх эмігрантаў”, – пішуць аўтары манаграфіі пра рускую эміграцыю [2]. Беларуска-чэшскія літаратурныя ўзаемасувязі, заснаваныя на гістарычным лёсе двух славянскіх народаў, абумоўленыя ментальнымі асаблівасцямі нашых нацый. Агульная рыса ў чэхаў і беларусаў, як мне ўяўляецца, – гэта, перадусім, талерантнасць, цярпімасць. Яны нікога са сваіх суседзяў не абчэшвалі і не абеларушвалі, не хварэлі на экспансіўнасць, імперскасць, увесь час з іх кпілі, падкрэсліваючы каштоўнасць нармальнага жыцця. Можа, таму, што самі цярпелі ад суседзяў з розных бакоў: чэхі – ад немцаў, беларусы – ад рускіх і палякаў. Не распачыналі яны ніякіх войнаў, вымушаныя былі абараняць на працягу ўсёй гісторыі свае землі, што неаднойчы станавіліся плацдармам для вырашэння ваенных канфліктаў, ініцыятыва развязання якіх належала магутным суседзям (прыгадаем трыццацігадовую вайну, першую сусветную, другую).

Шляхамі вывучэння дыялога беларускай і чэшскай літаратур можа стаць параўнальны аналіз нацыянальных лёсаў абодвух народаў, іх суплёт з філасофіяй і гісторыяй, параўнанне тыпаў літаратурных герояў, прасторы, што фармуе нацыянальны характар. Філасофія чэшскай літаратуры, якая многае тлумачыць у нацыянальным характары і стылі быцця, можа быць прасочаная на творах многіх геніяў – ад Яна Гуса, Яна Амоса Коменскага, Алоіса Ірасека і Бажэны Немцавай да Гашака і Грабала. Прыгадаем філасофію “малых справаў” першага чэшскага прэзідэнта Т. Г. Масарыка, якая засноўвалася на павазе, даверы і высокай адказнасці ў дачыненні да кожнага: ад простага працаўніка да міністра. Вядома, што менавіта гэтая праграма ў 1920 – 1930-я гг. забяспечыла Чэхаславакіі буйны росквіт ва ўсіх галінах вытворчасці, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, а перадусім – культуры. Згадаем рэлятывізм Карэла Чапэка, блізкага сябра Масарыка, што мае сваім вытокам павагу да людзей, іх думак, пачуццяў, шанаванне асобы і дабрыню. Менавіта з гэтай этычнай праграмы Чапэка ўзрастае адноснасць ісціны, неабходнасць вывучаць розныя думкі, ані ў якім разе не навязваць сілай свае.

“Швейкаванне” ў Гашака – адмысловая форма рэакцыі асобы, вымушанай жыць у вар’яцкім доме, яе супраціўленне вайне і пануючаму ў імперыі абсурду. Філасофія жыцця, выкладзеная ў рамане Гашака, так бы мовіць, нацыянальна апрабаваная ў творчасці сучаснага чэшскага пісьменніка Багуміла Грабала, яго рамана “Як я абслугоўваў англійскага караля”, нататках і творах-споведзях (сярод іх – “Занадта шумная адзінота” і “Лістападавы ўраган”). Цікава, што як самую галоўную заслугу сваёй творчасці аўгар адзначае паказ героя. “Чацвёртае” саслоўе, просты люд, прызнаецца пісьменнік, для яго – “мера ўсіх рэчаў і падзей”. Адпавядае гэтым разважанням і канцэпцыя станоўчага героя, у якой няцяжка заўважыць своеасаблівую рэакцыю на сацыялістычнае разуменне гераічнага з аднаго боку, і працяг нацыянальных літаратурнай традыцыі Неруды – Гашака з другога: “Станоўчым героем з’яўляецца ўсялякая чалавечая экзістэнцыя: героем можа быць і дзіця, якое вучыцца хадзіць, герой – і падлетак, які пайшоў упершыню ў школу, герой – і юнак, які становіцца мужчынам. I, нарэшце, героем з’яўляецца кожны, хто закахаўся і ажаніўся. Сапраўдны герой – чалавек, які ходзіць на працу і жыве рытмам звычайнага жыцця. Няма неабходнасці дзеля гераізму ўдзельнічаць у вайне, быць касманаўтам або напісаць кнігу: патрэбна выконваць абавязкі працаўніка і мужа, бацькі і сябра. На маю думку, гэта і ёсць найвялікшы гераізм...”

У беларускай літаратуры таксама ёсць сваё “чацвёртае” саслоўе, створанае майстрамі розных эпох. Яно пераважае ў культуры сялянскай краіны і яе пераважна рэалістычнай літаратуры. Толькі паказана яно, гэтае “чацвёртае” саслоўе працавітых і талерантных людзей, пераважна ў гаротным стане, цяжкім, жабрацкім жыцці. Горш таго, апранута яно ў вайсковыя мундзіры, бо беларуская літаратура часцей за ўсё паказвала чалавека на вайне. Гераізм савецкага чалавека прыглушаў ментальныя асаблівасці беларусаў, якія змагаліся, перадусім, за савецкую радзіму, а ўжо потым – за Беларусь. Чэхі ж і ў вайну абапіраліся на нацыянальныя традыцыі, сваю мінуўшчыну. Нездарма ў самыя цяжкія дзесяцігоддзі, у тым ліку і пасля 1968 г., у чэшскай літаратуры з’яўлялася многа гістарычных раманаў. Беларусы, на жаль, былі адлучаныя ад сваёй гісторыі, ад Рагнеды, Вітаўта: іх намагаліся замяніць Іванам Грозным і Кацярынай, пра якіх вучылі ў школе. Беларусы звычайна не ведаюць, як выглядалі старажытны Тураў і нават даваенны Мінск. Тое, што можна было б пазнаць, было зруйнавана, перайменавана, нялёгка адшукваецца ў памяці і прасторы... Дэнацыяналізацыя, бадай што, – галоўная прычына сучасных беларускіх бедаў. Ад яе ідзе трагедыя з беларускай мовай.

Беларусь сёння перажывае тое, што чэхі – два стагоддзі таму, калі яны вызваляліся з-пад нямецкай паслябелагорскай экспансіі. Былі часы, калі Прага з’яўлялася пераважна нямецкім горадам (напрыклад, у канцы XIX ст., калі гімназіст Гашак браў удзел у дэманстрацыях у абарону роднай мовы, калі чэхі пачалі актыўна пераязджаць у сваю сталіцу). Вялікая адданасць чэхаў справе нацыянальнага Адраджэння, на якую працавала не адно пакаленне і не толькі інтэлігенцыя (але яна ў першую чаргу ўскладала на сябе галоўны цяжар па асветніцтве народа), адзначалася амаль усімі беларусамі, што наведалі гэтую краіну. Сярод іх – згаданыя ўжо эмігранты, многія паэты і перакладчыкі: Я. Купала, У. Караткевіч, А. Разанаў.

Беларускі вобраз Чэхіі – адметны. У ім не толькі ўлюбёнасць у старажытную гісторыю Чэхіі, яе народ, але і падкрэсліванне сугучнасці лёсаў абодвух народаў, намаганне ўбачыць прыклад для пераймання, нарэшце – вера ў свае магчымасці. Беларуская рэцэпцыя Чэхіі мне ўяўляецца цікавай і перспектыўнай навуковай праблемай.

Нацыянальныя тыпы ў значнай ступені знаходзяцца ў суплёце з роднай прасторай, могуць выявіцца як нацыянальныя найлепш менавіта на роднай зямлі. Так, ментальнасць чэхаў шмат у чым заснаваная на еўрапейскасці. Нельга не пагадзіцца з Міланам Кундэрам, які сцвярджае, што чэшская культура па сваёй прыродзе – заходняя, але пасля Ялцінскай канферэнцыі яна прымусова прыцягвалася да Усходу. Наогул, праблема Захад–Усход дыскутавалася ў Чэхіі вельмі шырока ў 1946 – 1947 гг. Мілан Кундэра зноў вярнуўся да яе ў прамове на IV з’ездзе чэшскіх пісьменнікаў праз дваццаць гадоў, пачаўшы тым самым Пражскую вясну, а яшчэ праз дваццаць гадоў – у эсэ “Únos Europy” (“Выкраданне Еўропы”). Што датычыць беларускай думкі, то яна пачынае ўсведамляць праблему Захад–Усход як сусветны кантэкст нацыянальнай літаратуры толькі цяпер.

Справядлівасць словаў Кундэры няцяжка зразумець, параўнаўшы, напрыклад, ментальнасць чэха і беларуса ў суадносінах хоць бы з акаляючым асяроддзем і той роляй, якую адыгрываюць у жыцці абодвух народаў замкі. Замкавая архітэктура, паркі і сажалкі, паркавая скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва... Такіх паркаў, маёнткаў, замкаў і фартэцыяў на тэрыторыі Чэхіі – сотні. Многія з іх прыгадваюцца мне ў рэстаўрацыі, накшталт нашага Мірскага замка сёння, але яны “працавалі” як фактар сучаснасці.

Лёс беларускага замкавага дойлідства жахлівы, Трагедыя вайны сягае і ў нашыя дні: ад знішчэння інтэлігенцыі да культурнага генафонду. Разбурана наасфера – гэта і людскія душы, і культурныя ансамблі, і тыя ж замкі, ад якіх, у найлепшым выпадку, засталіся падмуркі або цудам ацалелыя старыя дрэвы. На працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў раслі новыя пакаленні беларусаў, якія нават не ведалі пра раскошу дагледжанай культурнай прасторы, не ўяўлялі, што было збудавана іх дзядамі і прадзедамі, як выглядалі непакалечаныя, неператвораныя ў зернясховішчы і спартыўныя залы храмы. А вось чэхі маюць шчаслівую магчымасць абагаўляць мінулае: замкі і храмы сёння – гэта філіі галерэяў, музеяў, якія выконваюць і культавыя, і свецкія мэты, перадусім – выхоўваюць мінуўшчынай. Іх наведваюць дарослыя і дзеці, яны – аб’ект паломніцтва нацыі. Замкі Чэхіі, такім чы-нам, – паняцце духоўнае, рэальнасць нацыянальнай гісторыі. Для беларуса – усё гэта яшчэ ў будучым, якое цяжка нават сабе ўявіць; яно чакае дыялога са сваімі нашчадкамі.

Розніцу ў ментальнасці чэха і беларуса няцяжка выявіць і праз прызму побытавага стылю жыцця, ролю ў ім, напрыклад, месцаў адпачынку – розных кавярняў, бараў. Маюцца на ўвазе ўтульныя мясціны, дзе чалавек можа выпіць кавы ці піва, з’есці бутэрброд... Для чэхаў яны маюць вялікае значэнне як месцы камунікацыі, дзе магчыма расслабіцца, пагутарыць з аднадумцамі, паслухаць апанентаў, не затыкаючы ім рот, выказацца ці проста пасядзець. Нашаму люду цяжка нават уявіць сабе, што гэта такое, бо ён, небарака, ведае, у найлепшым выпадку, тое, што па-руску называецца “забегаловка”, або шыкоўныя рэстараны, а гэта зусім іншае.

Характэрная старонка літаратурнага дыялога – рэцэпцыя праз пераклад. Чэшскія пераклады беларускіх аўтараў пачынаюцца, мабыць, з вядомага славіста Адольфа Чэрнага, які двойчы наведваў Беларусь у 1890 г., запісваў тут песні, пераклаў вершы Я. Купалы, Цёткі, Я. Коласа. Беларускую паэзію перакладалі сусветна вядомыя чэшскія паэты Й. Гора, Я. Сэйферт, I. Барт.

Чэшскія пераклады адметныя сістэмнасцю. Яны знаёмяць з беларускімі пісьменнікамі, так бы мовіць, першага плану, з класікай, пададзенай у кантэксце гісторыі. У 1955 г. у Празе выйшла анталогія “Паэты Беларусі”. Пабачылі свет пераклад манаграфіі Я. Мазалькова “Янка Купала”, брашура В. Жыдліцкага “Сорак гадоў украінскай і беларускай савецкай літаратуры” (Прага, 1957).

Пра прафесара Карлава універсітэта Вацлава Жыдліцкага, вядомага славіста, даследчыка ўкраінскай і беларускай літаратур, патрэбна гаварыць асобна: пра яго ўвагу да развіцця нашай літаратуры, грунтоўныя прадмовы і пасляслоўі да выданняў твораў беларускіх пісьменнікаў на чэшскай мове (М. Танка, А. Адамовіча, Я. Брыля), пра бездакорны густ перакладчыка беларускай белетрыстыкі на чэшскую мову, які адбірае не проста папулярных аўтараў, але найбольш характэрных. Гэта Быкаў, Адамовіч (“Вяртанне ў Хатынь”, 1975), Брыль (“Птушкі і гнёзды”, 1976), Шамякін (“Сэрца на далоні”, 1975). Вацлаў Жыдліцкі рэгулярна выступае на старонках беларускай перыёдыкі, у прыватнасці “Даляглядаў”, з аналізам беларускіх перакладаў з чэшскай літаратуры. Пры гэтым даследчык выходзіць на глыбокія назіранні. Так, аналізуючы пераклады паэзіі В. Нэзвала, зробленыя X. Жычкам, чэшскі аўтар піша пра няпросты шлях паэзіі Нэзвала да беларускага і рускага чытача. Асацыятыўнасць, наватарская вобразнасць Нэзвала “супярэчаць класічным пушкінскім традыцыям лагічнай выразнасці, што да гэтага часу жывуць і з’яўляюцца “дырэктыўнымі” [3]. Менавіта гэтым тлумачыць даследчык запозненае выданне Нэзвала на рускай мове. Далей В. Жыдліцкі вызначае асаблівасці беларускага ўспрыняцця Нэзвала: “А беларуская паэзія, акрамя таго, трывала звязана з фальклорнымі крыніцамі і жывіцца з іх, і таму ўзняцца ад гэтых рудыментарных вытокаў да сучаснай нэзвалаўскай вобразнасці было нялёгка... Выбар вершаў, зроблены Жычкам, у значнай ступені абумоўлены айчыннымі меркамі... Укладальнік акцэнтуе сацыяльныя і востра палітычныя матывы нэзвалаўскай паэзіі, матывы, непасрэдна звязаныя з Савецкім Саюзам, вызваленнем Чэхаславакіі Савецкай Арміяй” [4]. Я спынілася на гэтых словах не дзеля цытавання, а таму, што ў іх раскрытая характэрная асаблівасць савецкай літаратурнай рэцэпцыі. Яна вызначыла перакос у свядомасці і культуры цэлай эпохі, яскрава адлюстраванай у савецкіх энцыклапедыях, дзе пра Гусака пісалася больш падрабязна, чым пра Яна Гуса.

На чэшскую мову перакладзены таксама проза З. Бядулі, У. Караткевіча, I. Мележа, А. Карпюка, I. Шамякіна, Я. Брыля, шэсць аповесцяў В. Быкава, п’есы К. Крапівы, А. Макаёнка, дакументальныя кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, А. Адамовіча і Д. Граніна “Блакадная кніга”. Прычым усё гэта – асобныя выданні з грунтоўнымі пасляслоўямі, з аналізам не толькі твора, але і творчага шляху аўтара.

Беларускія пераклады чэшскай літаратуры не толькі бяднейшыя па колькасці, але, трэба прызнацца, больш выпадковыя. Хаця цікавасць да культуры народа Яна Гуса і Яна Амоса Коменскага праявіў яшчэ Францішак Багушэвіч, які ў васьмідзесятых гадах XIX ст. перакладаў Юліуса Зэера, праўда, на польскую мову, знаходзіўся пад уражаннем апавяданняў Яна Врхліцкага і таксама збіраўся іх перакладаць. Цікавасць да чэшскай літаратуры застаецца дагэтуль прыватным фактам з біяграфій нашых асобных пісьменнікаў і дзеячаў навукі. Актуальныя і сёння, на жаль, словы Жыдліцкага з ужо цытаванага артыкула пра тое, што “багемістыка сама па сабе ў Беларусі ўвогуле адсутнічае”. Відаць, таму беларусы не могуць пахваліцца, што маюць на роднай мове К. Г. Бароўскага, I. К. Тыла ці К. Маху, выдатнага рамантыка, аўтара паэм “Цыганы”, “Май” (не лічачы фрагмента апошняй). Не маем у перакладзе і паэтаў чэшскага мадэрнізму. Не маем нават выдатных рэалістаў Б. Немцавай і Я. Неруды.

Зрэшты, збольшага пералічым, што маем. Прынамсі, гэта не складана: раман А. Ірасека “Скалакі” (пер. Я. Васілёнак і М. Татур, 1974), раман I. Ольбрахта “Ганна-пралетарка” (пер. Ю. Лявонны, апрац. М. Багун, 1932), зборнік апавяданняў Я. Гашака “Госць у хату” (склад. А. Мажэйка, 1984), кніга для дзяцей “Цвёрдая скура”, зборнік “Чэшскія і славацкія апавяданні” (склад. I. Мележ, 1958), апавяданні К. Чапэка, раскіданыя па перыядычным друку, “Казкі і вясёлыя гісторыі” для малодшага ўзросту (пер. Я. Курто і А. Чаркасаў, 1966). З прозы прыгадаем яшчэ апавяданні Я. Дрды “Нямая барыкада” (пер. С. Міхальчук, 1955), Ю. Фучыка “Слова перад пакараннем смерцю” (пер. I. Шчарбатаў, 1953). Вось амаль і ўсё, не лічачы апавяданняў, што друкаваліся ў газетах.

Асобна скажу пра недаступны для чытача раман Я. Гашака “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка”, бо яго пераклад быў зроблены яшчэ ў трыццатыя гады (у 1931 – 1932 гг. выйшлі чатыры кнігі рамана ў перакладзе М. Зарэцкага, К. Крапівы, М. Лужаніна, К. Вашыны). Быў выдадзены нават працяг, які пасля смерці Гашака дапісваў фельетаніст газеты “Рудэ право” К. Ванэк (у перакладзе Т. Кляшторнага, З. Астапенкі, К. Чорнага). Пераклад рабіўся, на жаль, не з арыгіналу, а з рускага і нямецкага тэкстаў, таму патрабаваў бы адпаведнай рэдактуры. Але я лічу, што перавыданне было б апраўданым.

Больш за празаікаў пашанцавала паэтам. Вітэзслава Нэзвала перакладалі X. Жычка, П. Макаль, П. Прыходзька, В. Вітка (зборнік “Васількі і гарады”, 1986). Збеларушаныя асобныя вершы такіх паэтаў, як I. Волькер, В. Завада, Й. Гора, М. Кайнар, Ф. Грубін (пер. Я. Семяжон), С. Нейман (пер. М. Гамолка, М. Машара), Я. Сэйферт (пер. А. Вялюгін). У 1980 г. выдадзены зборнік “Высокае неба” (склад. X. Жычка), дзе знайшла адлюстраванне чэшская паэзія XX ст.

Наогул, беларускі пераклад з чэшскай мовы нельга лічыць адэкватным нават у нейкай ступені. Ён дае вельмі фрагментарнае ўяўленне пра багатую і старажытную літаратуру братняга чэшскага народа. Амаль адсутнічае класіка.

Артыкулы пра чэшскую літаратуру ў беларускім перыядычным друку пачалі з’яўляцца ў 1920-я гг., але гэта пераважна быў перадрук чэшскіх аўтараў. Свае, беларускія даследчыкі (М. Ларчанка, С. Александровіч, Д. Фактаровіч, А. Мажэйка, В. Цімафеева) пачалі займацца багемістыкай з 1950-х гг. Да апошняга часу нашае літаратуразнаўства, што даследуе чэшскую літаратуру (як, між іншым, і ўсе астатнія замежныя, акрамя рускай), абмежаванае пераважна артыкуламі.


[1] Гл.: Ларчанка М. М. Багдановіч і славянства // Славянская супольнасць. Мн., 1963; Яго ж: Літаратурная ўзаемадзейнасць Чэхаславакіі і Беларусі // Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974; Мажэйка А., Фактаровіч Д. З гісторыі чэшска-беларускіх літаратурных сувязей // Полымя. 1957. № 1; Александровіч С. Вітае Злата Прага // Полымя. 1982. № 7; Мирочицкий Л. Белорусско-чехословацкие культурные и научные связи. Мн., 1981.

[2] Пехтерев А., Клапка Н. Русская литературная эмиграция в Чехословакии: 1918 – 1938. Прага; Брно, 1993. С. 15.

[3] Жыдліцкі В. Нэзвал беларускі // Далягляды. Мн., 1989. С. 220.

[4] Там жа. С. 221.

Чытайце таксама

Паэзія праз лінзу прыватнага жыцця

Рэй Бэроа

Паэзія праз лінзу прыватнага жыцця

Сёння шмат спрачаюцца пра гэта: паэзія мусіць адпавядаць густам, жаданням, патрэбам людзей альбо патрэбам гэтай незвычайнай і цудоўнай істоты, якую мы завем паэтам...

Сусветная літаратура ў беларускай школе

Ірына Шаблоўская

Сусветная літаратура ў беларускай школе

Нацыянальны аспект праблемы вызначаецца агульным станам выкладання літаратуры ў беларускай школе ўсіх узроўняў – пачатковай, сярэдняй, вышэйшай. Канцэптуальна гэты працэс пачаў прынцыпова мяняцца менавіта…

Як Васіль Змея адалеў

Як Васіль Змея адалеў

У сваім блогу “Кніга” мы ўжо закраналі тэму беларускай ілюстрацыі. Цяпер прадстаўляем вашай увазе ілюстрацыі да яшчэ не выдадзенай кнігі “Як Васіль Змея адалеў” аўтарства маладой мастачкі Кацярыны Дубовік.

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

Вам падаецца, марскія пачвары, жывыя мерцвякі, зомбі і ніндзя — усе гэтыя героі сучасных коміксаў і фільмаў жахаў — несумяшчальныя з вытанчанымі манерамі галантных кавалераў і стрыманых паненак, што кахаюць…

1721