Увесь гэты час, як мае быць, дні рабіліся ўсё змрачнейшымі, халаднейшымі і ўсё больш ветранымі. І амаль штодня браўся церушыць снег: ён альбо чмякаўся вялізнымі мяккімі камякамі, альбо джаліў бязлітаснымі драбінкамі, якія няспынны вецер гнаў з паўночнага ўсходу. Гэтае перасоўванне полюсаў Зямлі, гэты няўмольны рух у бок зімняга сонцастаяння раз-пораз абуджалі ў дэтэктыва-небаракі, нягледзячы на ўсе ягоныя інтэлектуальныя здольнасці, пачуццё панічнай роспачы: бо ў ягонай душы ўсё яшчэ жыло дзіця, якое нямела ад жаху, калі да яго набліжалася здань прагнай і ўсёабдымнай Ночы.
Джойс Кэрал Оўтс, “Таямнiцы Ўiнтэртарна”
Чалавек ХХІ стагоддзя вырваўся далёка за рамкі, што абмяжоўвалі жыццёвую прастору і досвед яго далёкіх продкаў. Але нягледзячы на дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу і змены ўмоваў жыцця, чалавек па-ранейшаму застаецца дзіцем Прыроды, з якой яго трывала звязвае пупавіна генетычнай памяці — “калектыўнага падсвядомага”. Значнае месца ў гэтым сховішчы ўніверсальных вобразаў належыць страхам. У іх аснове — інстынкты, якія родняць чалавека з жывёльным светам і прыроднымі цыкламі. Спробы людзей супрацьстаяць першабытнаму страху, “ачалавечыўшы” яго праз бачныя формы, знайшлі адбітак перш за ўсё ў сезонных міфах і звязаных з імі рытуалах (сярод іх — традыцыі святкавання Хэлаўіна і Калядаў), у вялікім пласце фальклору, звязанага з верай у звышнатуральнае, а затым і ў літаратуры “жахаў і таямніцаў”, ці гатычнай літаратуры.
Узнікненне гатычнай літаратуры традыцыйна звязваецца з другой паловай ХVІІІ стагоддзя, калі ў Еўропе рэзка абазначыўся крызіс асветніцкіх ідэалаў і на першы план выйшла перадрамантычнае светаадчуванне. Яно выявілася перш за ўсё ў цікавасці да эпохі Сярэднявечча з яго акцэнтам на звышнатуральным, ірацыянальным і яго ролі ў жыцці чалавека, у фаталістычным бачанні чалавечага існавання, якое жорстка падпарадкаванае непадуладным розуму праявам неспазнанага наваколля. У такіх умовах эмацыйнай дамінантай робіцца пачуццё жаху.
Жах выступае адным з самых старажытных і моцных чалавечых пачуццяў, а наймацнейшы жах выклікае невядомае. Менавіта ў гэтым прычына прыцягальнасці і сталай папулярнасці таямнічага і жахлівага аповеду як літаратурнай формы. Невядомае, якое нельга было прадказаць, стала для нашых продкаў усёмагутнай крыніцай радасцяў і бедстваў, якія прыносяць чалавецтву таямнічыя незямныя сілы. У сваю чаргу, цёмная і злая частка касмічнай таямніцы з даўніх часоў ёсць арганічным кампанентам у самым раннім фальклоры ўсіх народаў, у старажытных баладах і хроніках.
Элементы жахлівага характэрныя для класічнай антычнай літаратуры. У скандынаўскіх «Эдах» і сагах, англа-саксонскім “Бэўвульфу” і пазнейшай “Песні пра Нібелунгаў” таксама шмат звышнатуральнага. У “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры па-майстэрску стварае жудасную атмасферу праз дэтальнае апісанне пакутаў грэшнікаў. Дзякуючы елізавецінскай драме з “Доктарам Фаўстам” Крыстафера Марлаў, ведзьмамі ў “Макбэце”, прывідам у “Гамлеце” Ўільяма Шэкспіра можна лёгка ўявіць, якое магутнае ўздзеянне рабіла дэманічнае на чалавечую свядомасць.
У XVІІ і XVІІІ стагоддзях пад уплывам адраджэння цікавасці да эстэтыкі жахлівага ствараецца цэлы шэраг балад і паданняў, сюжэт якіх будуецца вакол вусцішных і незразумелых падзей. Дзіўна, што спатрэбілася столькі часу, каб апавяданне пра звышнатуральнае зрабілася цалкам самастойнай і акадэмічна прызнанай літаратурнай формай. Такім чынам, класічнае апавяданне пра звышнатуральнае з’явілася як рэакцыя на “стагоддзе Розуму”, парадак і празмерную памяркоўнасць Англіі XVІІІ стагоддзя.
Эстэтычныя прынцыпы гатычнага рамана склаліся на аснове мастацка-філасофскіх ідэяў Эдмунда Бэрка. Сфармуляваная Бэркам у трактаце “Філасофскае даследаванне пра паходжанне нашых ідэяў узвышанага і прыгожага” (1756) ідэя “ўзвышанага”, што адначасова спалучаецца з перажываннем жаху і захаплення, непасрэдна паўплывала на структуру сюжэта і наратыўную тэхніку гатычнай прозы. Сюжэт гатычнага рамана прыпадабняецца да лабірынта і грунтуецца на рэзкіх паваротах дзеяння, хадах, што адцягваюць увагу, на нечаканых супадзеннях, інтэнсіўнай змене падзеяў і іншых прыёмах, што драматызуюць аповед. Замоўчванне, паўзы, непаразуменні, памылковыя хады актывізуюць уяўленне чытача, выклікаюць у яго пачуцці, падобныя да тых, што адчуваюць героі кнігі.
Стваральнікам літаратуры “жахаў і таямніц” лічыцца ангельскі пісьменнік XVІІІ стагоддзя Хорас Ўолпал. Яго знакаміты “Замак Отранта” — першы гатычны раман, у якім удала спалучаюцца элементы сярэднявечнага рыцарскага рамана, страшнай казкі і гістарычнай містыфікацыі. У ім знайшлі адбітак такія філасофскія аспекты гатычнай прозы, як сцверджанне рэальнасці звышнатуральнага быцця, правідэнцыялізм, роздумы пра трагічныя суадносіны дабра і зла, а таксама міфалагізацыя мыслення.
Усе пісьменнікі, якія стваралі ў рэчышчы гатычнай традыцыі, падкрэслівалі цесную сувязь паміж мінулым і сучаснасцю, увасабляючы гэтую сувязь у вобразах звышнатуральных з’яваў на фоне разгорнутага ў легендарную мінуўшчыну гатычнага замка. Замак выконвае тут функцыю асаблівай мастацкай прасторы, дзе здымаюцца ўсе забароны паўсядзённай логікі: ён не толькі бачнае ўвасабленне мінулага — ён удзельнічае ў развіцці загадкавых і змрочных падзеяў сучаснасці.
Абмежаваная (у тым ліку ў памерах) прастора замка дазваляе аўтару развіваць сюжэтныя хады, традыцыйна характэрныя для падарожжа як тыпу аповеду: яны маюць вынікам сустрэчу з новым, невядомым і неспасцігальным. Традыцыйнае выкарыстанне недастатковага асвятлення вузлавых для сюжэтнага развіцця сцэнаў надае прасторы няпэўнасці, зменлівасці, небяспечнасці, а значыць, робіць магчымым яе разгортванне ў характэрна гатычную. Старадаўні замак, што палохае грандыёзнасцю і занядбанасцю, з патаемнымі пераходамі і цямніцамі, прывідамі і жахлівымі легендамі, якія складаюць ядро страху, быў прынцыповай навацыяй у творах Ўолпала і яго сучаснікаў.
Сярод твораў “жахаў і таямніцаў”, што з’явілася ў канцы XVІІІ стагоддзя, вылучаюцца раманы Клары Рыў “Стары ангельскі барон”, “Ватэк. Арабская аповесць” Ўільяма Бэкфарда, раманы Эн Рэдкліф “Удальфскія таямніцы” і “Італьянец” і раман дваццацігадовага Мэцью Грэгары Льюіса “Манах”. Кожны з гэтых пісьменнікаў уклаў нешта новае ў жанр гатычнага рамана, значна ўзбагаціўшы яго аднастайную сістэму. Дзеянне рамана К. Рыў звязанае не з далёкай Італіяй (як у Рэдкліф і Ўолпала), а з сярэднявечнай Англіяй, у выяўленні якой значнае месца займаюць празаічныя бытавыя дэталі.
Са з’яўленнем твораў Э. Рэдкліф тэрмінам “гатычны” пачынаюць абазначаць раман, у якім на першы план выходзяць эмоцыі герояў, абуджаныя таямнічымі падзеямі. Пісьменніца выпрацоўвае асаблівы творчы прыём, разлічаны на атаясамленне пачуццяў чытача з пачуццямі гераіні-сучасніцы, мэтаскіравана актывізуючы чытацкія эмоцыі. Для творчасці Э. Рэдкліф таксама характэрнае стварэнне псеўдазвышнатуральнага з абавязковым рацыянальным тлумачэннем.
М. Г. Льюіс, якога сучаснікі называлі Манахам Льюісам, прадставіў першыя прыклады разнастайных псіхалагічных характарыстык сярэднявечнага чалавека, зрабіў спробу звязаць яго дзейнасць са светапоглядам. Яго мастацкі свет падобны да свету Ў. Бэкфарда — трывожны, трагічна надломлены, нашмат больш жахлівы і таямнічы, чым свет Х. Ўолпала. Гэтыя пісьменнікі не клапоцяцца пра тлумачэнне звышнатуральных падзеяў у сваіх кнігах, а, наадварот, імкнуцца напоўніць іх такімі сенсацыйнымі страхамі і “сатанінскай” фантастыкай, пра якія заснавальнікі жанру не маглі і падумаць. Бэкфард і Льюіс апавядаюць пра саманадзейнасць чалавечага розуму, пра марнасць і згубнасць яго спробаў пранікнуць у таямніцы быцця.
Пасля Бэкфарда і Льюіса гатычны жанр у межах перадрамантызму сябе практычна вычарпаў. Праз дзесяцігоддзе да яго магчымасцяў не толькі ў прозе, але і ў драматургіі і паэзіі звярнуліся пісьменнікі-рамантыкі. Практычна ўсе яны прайшлі праз захапленне гатычным раманам, адчуўшы яго ўздзеянне. Дастаткова згадаць імёны С. Т. Колрыджа, Р. Саўці, Персі і Мэры Шэлі, Дж. Г. Байрана, Ч. Р. Мэцьюрына, В. Скота, Ш. Над’е, В. Гюго, Э. Т. А. Гофмана, М. Гогаля і Э. По, каб зразумець, які моцны водгук знайшла готыка ў літаратуры еўрапейскага і амерыканскага рамантызму.
Паступова гатычная проза ператвараецца з літаратуры, якая збольшага апавядае пра сярэднявечча, у літаратуру пра неспасцігальнае, загадкавае і жахлівае. Хаця такія формы готыкі атрымалі найбольш шырокае распаўсюджанне ў XІX ст., іх асноўныя рысы аформіліся пры канцы XVІІІ стагоддзя, у межах “фрэнетычнай” разнавіднасці гатычнага рамана. У раманах такога тыпу выбудоўваецца прынцыпова ірацыяналістычная карціна свету. Звышнатуральнае адкрыта прысутнічае ў аповедзе, часта перадвызначае і падпарадкоўвае сабе развіццё падзей, выяўляючы сваю інфернальную прыроду. На фоне фантастычных падзеяў звычайна раскрываецца асоба моцная, часам звышнатуральная, якая заўсёды сутыкаецца са злом у самых жахлівых яго праявах. Гэтая рыса ўласцівая раманам “Франкенштэйн, або Сучасны Праметэй” Мэры Шэлі і “Мельмот-блукалец” Ч. Р. Мэцьюрына.
У пачатку 1840-х гадоў папулярнасць гатычнага рамана значна змяншаецца, хаця ён па-ранейшаму застаецца прадуктыўнай літаратурнай формай. Свае першыя апавяданні пра звышнатуральнае стварае Дж. Ш. Ле Фаню, ролю якога ў развіцці жанру пераацаніць цяжка. Яго раманы і аповесці 1860—1870-х гадоў, паводле меркавання літаратуразнаўцаў, як і навелы Э. По, зрабіліся злучальным звяном паміж гатычнай аповесцю XІX стагоддзя і сучаснай літаратурай жахаў. Уплыў готыкі адчуваецца ў раманах і апавяданнях Чарлза Дыкенса, Элізабэт Гаскел, Ўілкі Колінза, Шарлоты і Эмілі Бронтэ.
У хуткім часе пачалі з’яўляцца шматлікія гатычныя апавяданні, аднак большасць з іх не вылучалася асаблівай арыгінальнасцю, і гэта прывяло да заняпаду жанравай формы. Недавер і непрыязнасць да гатычных раманаў выказваў Ўільям Ўодсварт, асуджаючы іх за “напышлівую і пустую фразеалогію”. Акрамя таго, рамантычная ўсхваляванасць містыкай і гатычным злачынствам, што высмейваецца ў рамане “Нортэнгерскае абацтва” Джэйн Остэн і ў рамане “Абацтва кашмараў” Томаса Лава Пікака, паступова змяняецца іранічным стаўленнем да яго ў наступных пакаленнях пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Наогул жа творы ангельскіх пісьменнікаў заўжды вылучаюцца лёгкай, а часам і даволі з’едлівай іроніяй, калі размова заходзіць пра прывідаў.
Напрыклад, Оскар Ўайлд стварае пародыю на традыцыйную гатычную сітуацыю ў аповесці “Кентэрвільскі прывід”, дзе прывід-няздара змагаецца за права валодаць старадаўнім ангельскім маёнткам з сям’ёю разважлівых амерыканскіх мільянераў, якія ніяк не могуць паверыць у існаванне таямнічых і магутных сілаў і імкнуцца пазбавіцца нязмыўных плямаў крыві на дарагім дыване з дапамогай ультрасучасных амерыканскіх сродкаў. Пры ўсёй гратэскнай камічнасці створанай Ўайлдам сітуацыі гэтая аповесць прасякнутая матывамі адзіноты, адсутнасці духоўнай гармоніі, страчанай родавай памяці. Гэтыя матывы пераважаюць у рамане “Партрэт Дарыяна Грэя”, дзе Ўайлд аддае даніну гатычнай вобразнасці, увасабляючы эмацыйна-духоўны досвед галоўнага героя ў таямнічым партрэце-двайніку, што дакладна перадае найдрабнейшыя метамарфозы асобы Дарыяна на шляху да канчатковай дэградацыі і смерці.
Як сведчыць далейшае развіццё літаратуры, нельга казаць ні пра поўнае, ні пра частковае знікненне гатычнай прозы ў канцы XІX стагоддзя. Яна толькі відазмяняецца і атрымлівае новы імпульс дзякуючы творам Ў. Колінза, Г. Р. Хагарда, А. К. Дойла, Г. Ўэлса і Р. Л. Стывенсана. Апошні стварыў яскравыя ўзоры жанру: “Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містэра Хайда”, “Скрадзены”, “Гаспадар Балантрэ”.
Значнае месца належыць звышнатуральнаму і ў творчасці Рэд’ярда Кіплінга, які стварыў “Рыкшу-прывіда”, “След звера”, “Найлепшую гісторыю ў свеце”. Значны ўнёсак у эвалюцыю гатычнай прозы зрабіў Брэм Стокер — аўтар знакамітага рамана “Дракула”, што апавядае пра бязлітаснага графа-крывасмока. Стокер уключыў у культуралагічную парадыгму мяжы ХІХ—ХХ стст. вобраз надзвычайнай сімвалічнай сілы і арганічна ўпісаў у міфалогію Захаду адзін з самых папулярных міфаў — міф пра вампірызм.
Гатычная традыцыя зноў адраджаецца ў 1890-я ў творчасці неарамантыкаў, дзе на змену страху перад тым светам, прывідамі, пасланцамі з мінулага, мерцвякамі прыходзіць страх перад цёмным прадоннем чалавечай душы, перад інстытутамі ўціску асобы, перад будучыняй і навукай, што нясе пагрозу татальнай гібелі і разбурае звыклы свет чалавека.
У сучаснай брытанскай неаготыцы вылучаюць творы П. Акрайда, Е. Бэнкса, А. Картэр, Э. Тэнант, М. Эміса, у якіх увасобіўся характэрны для постмадэрнісцкай літаратуры “сімбіёз готыкі, гратэску, фантастыкі, пародыі”. Найбольш яскрава рысы такой літаратуры праяўляюцца ў апісанні дэградацыі, распаду сусвету, магчымых оргій, сэксуальных і наркатычных вычварэнняў, разбурэння і самаразбурэння асобы. Таму ў постмадэрнісцкай готыцы паўтараецца сітуацыя канца ХІХ стагоддзя: разгул жарсцяў, усеагульная трывога, апакаліптычныя настроі. Як і раней, на мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў готыка зноў робіцца мастацка-філасофскай формай, найбольш адпаведнай светаадчуванню канца стагоддзя.
Яскравая старонка ў развіцці готыкі — яе амерыканская лінія. Нягледзячы на шчыльную генетычную сувязь амерыканскага гатычнага рамана з брытанскім, гатычная традыцыя ў амерыканскай літаратуры ўзнікае і развіваецца самабытна. У манаграфіі “Каханне і смерць у амерыканскім рамане” літаратуразнаўца Лэслі Фідлер параўноўвае ўсю літаратуру з вусцішным пакоем, удала замаскаваным пад бяскрыўдны пакой смеху, дзе сотні крывых люстэркаў дазваляюць пабачыць мноства рознааблічных адбіткаў уласнай душы.
Праблема літаратурнай готыкі вельмі цікавіць амерыканскую пісьменніцу Джойс Кэрал Оўтс. У даследаваннях яна спрабуе абгрунтаваць узнікненне гатычнага светаадчування ў амерыканцаў яшчэ ў ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагоддзяў (практычна за паўстагоддзя да яго з’яўлення ў еўрапейскай культурнай парадыгме). Характарызуючы пурытанаў як людзей вельмі нецярпімых і абмежаваных у паводзінах жорсткімі маральнымі ўстаноўкамі, Оўтс выказвае абгрунтаванае меркаванне, што з’яўленне ў іх асяроддзі параноі, маніякальнага псіхозу і вар’яцтва сталася заканамерным вынікам такога светаадчування.
Эдгара По называюць заснавальнікам амерыканскай готыкі, чые “Гратэскі і арабескі” натхнілі пісьменнікаў на вялікую колькасць дэтэктыўных і містычных раманаў. У прадмове да “Гратэскаў і арабесак” ён пісаў: “Калі прадметам многіх маіх твораў і ёсць жах, то не германскі жах, а жах душы, які мае законныя крыніцы і вядзе да законных вынікаў”.
Мэту пісьменніка По бачыў у спасціжэнні ісцінаў быцця і чалавечага розуму, а гэта, у сваю чаргу, немагчыма без пранікнення ў глыбіні душы і без пільнай увагі да яе дысгарманічнасці. Эдгар По ўзбагаціў гатычную прозу паглыбленым псіхалагізмам, адкрыўшы яшчэ невядомыя мастацтву прыёмы ўздзеяння на чалавечае ўяўленне, і стаў прадстаўніком новай літаратуры пра звышнатуральнае, па сваіх мастацкіх прынцыпах блізкай да фрэнетычнай готыкі ў ангельскай літаратуры.
Другая школа, што адпавядае брытанскай сентыментальнай готыцы, прадстаўленая ў амерыканскай прозе ХІХ стагоддзя творчасцю Натаніэла Готарна, Эдыт Ўортан і Генры Джэймса. Як нашчадак аднаго з суддзяў, што ўдзельнічалі ў знакамітым працэсе супраць салемскіх ведзьмаў 1692—1693 гг., Готарн стаў пісьменнікам, які апавядаў пра норавы сваіх продкаў-пурытанаў у такіх раманах, як “Пунсовая літара” і “Дом з сямю франтонамі”. У яго навелах, па форме блізкіх да прыпавесцяў, таксама разглядаюцца праблемы псіхозу, што непазбежна развіваецца пад маскай рэлігійнага ханжаства.
Падобная ў функцыянальным аспекце і гратэскна-гатычная вобразнасць, да якой звяртаецца ў сваіх раманах і навелах Герман Мэлвіл. Паказальная ў гэтым плане прасякнутая атмасферай адчаю і безвыходнай жуды яго “сюррэалістычная алегорыя” “Апраметная дзеваў”, у якой бачная занепакоенасць аўтара сацыяльнымі праблемамі і востра адчуваецца спагада апавядальніка да лёсу работніц невялікага папяровага цэху, вырачаных на цяжкую працу на фабрыках Новай Англіі.
Выразны і псіхалагічна праўдзівы партрэт жанчыны, якая трапіла ў ціскі сацыяльных адносінаў, стварае ў сваёй навеле “Жоўтыя шпалеры” Шарлота Пэркінс Гілман. Па танальнасці і дынаміцы навела блізкая да твораў Э. По, аднак яркі вобраз жанчыны ў адчаі вызначаецца асабістым пісьменніцкім бачаннем Ш. П. Гілман. Клаўстрафабічнасць апавядання забяспечвае асаблівы тып гатычнай вобразнасці, цесна звязаны з мастацкай рэалізацыяй такіх абарончых механізмаў псіхікі, як кандэнсацыя, праекцыя і выцясненне. Галюцынацыі, што пераследуюць галоўную гераіню, увасабляюць яе фобіі, якія сфармаваліся на глебе незадаволенага жадання і пастаяннага эмацыйнага ціску з боку вонкавых і ўнутраных фактараў. Твор Гілман шмат у чым вызначыў далейшае развіццё жаночай гатычнай прозы ў Амерыцы.
На развіццё амерыканскай гатычнай прозы значна паўплывала і творчасць Генры Джэймса, асабліва яго навела “Паварот вінта”. Гатычныя эфекты ў Джэймса часта зазнаюць іранічнае пераасэнсаванне, што надае фіналам яго твораў тонкую двухсэнсоўнасць. Але пры гэтым яны заўсёды падпарадкоўваюцца законам псіхалагічнай драмы, што разгортваецца ў абставінах, блізкіх да паўсядзённых. Сярод вартасцяў сучаснай яму готыкі Джэймс адзначаў менавіта тое, што яна “тысячамі нябачных, але моцных нітак звязаная са з’явамі паўсядзённага жыцця”.
Эдыт Ўортан, як і Генры Джэймс, што пэўны час быў яе ментарам, — аўтар цэлага шэрагу гатычных навелаў: “Усе душы”, “Вочы”, “Пасля”, “Семя гранатавага дрэва”. “Мяккія” па гатычных стандартах, яе навелы пра звышнатуральнае даследуюць праблемы індывідуальнай свядомасці і лёсу асобы ў сацыяльным кантэксце.
Амерыканскі пісьменнік ХХ стагоддзя, стваральнік гатычнай і гратэскнай прозы, якога па значнасці можна параўнаць з Э. По, — гэта, безумоўна, Говард Філіпс Лаўкрафт. Як і По, ён ствараў дзівосныя “антысусветы”, у якіх знаходзілася месца шчырым, але па-майстэрску зашыфраваным словам і вобразам. Творчасць Лаўкрафта —своеасаблівы сінтэз традыцыйнай готыкі і навуковай фантастыкі, аднак па танальнасці і вобразнасці яго творы — гатычныя. Яго навуковая фантастыка не арыентаваная на будучыню, гэта скрупулёзнае вывучэнне загадак чалавечай душы.
У сваіх творах Н. Готарн, Э. По, Ш. П. Гілман, Г. Ф. Лаўкрафт малююць драматычныя сітуацыі, калі пад пагрозай знаходзяцца цэласнасць і незалежнасць асобы. Аднак, як правіла, гэтая пагроза ў апавяданні не рэалізуецца. У творах прадстаўнікоў літаратурнай готыкі другой паловы ХХ стагоддзя (Э. Райс, С. Кінг, Т. Лігоці, Дж. К. Оўтс) назіраецца зліццё звышнатуральнага з элементамі “злоснага падсвядомага”, якое падрывае цэласнасць індывіда знутры.
У той ці іншай ступені гатычная традыцыя паўплывала на творчасць пісьменнікаў Поўдня ЗША — прадстаўнікоў так званай “паўднёвай школы”. Прычыны гэтага ўплыву хаваюцца ў гратэскнасці, якой вылучаецца пісьменніцкае бачанне рэальнасці Ў. Фолкнэра, Ф. О’Конар, К. Макалерс, Ю. Ўэлці. Напрыклад, неаспрэчны ўплыў прозы Э. По на вядомую навелу Ў. Фолкнэра “Ружа для Эмілі”.
Гатычную традыцыю можна прасачыць у творчасці такіх пісьменнікаў, як Ісаак Башэвіс Зінгер, Джон Чывер, Сільвія Плат, Ўільям Гоэн, Пол Боўлз, Томас Лігоці. Іх творы вылучаюцца глыбокім псіхалагізмам, які праяўляецца ў дакладна вывераным аналізе эмацыйных і душэўных станаў асобы і дакладнасці іх мастацкага выяўлення.
У цэлым ХХ стагоддзе ў эвалюцыі гатычнай прозы вызначаецца інтэнсіўным развіццём жанравых разнавіднасцяў гатычнага апавядання. Парадыйнае пераасэнсаванне гатычнай традыцыі ў кантэксце постмадэрнізму перадугледжвае з’яўленне жанравага сінтэзу, узаемадзеянне элементаў гатычнага рамана з элементамі іншых жанравых формаў, а таксама пераважную канцэнтрацыю на псіхалагічным досведзе індывіда ва ўмовах крызісу сучаснай цывілізацыі. Калі для класікаў гатычнага рамана страх быў платай за ўваход у свет незвычайных перажыванняў, то для аўтараў постгатычнай прозы ён зрабіўся сродкам вывучэння чалавечай душы, якую пераследуюць жахі, звязаныя з дэзінтэграцыяй асобы, пазбаўленай прыкметаў індывідуальнасці ва ўмовах амасаўлення спажывецкага грамадства.
Сучасныя жанравыя разнавіднасці літаратуры “жахаў і таямніцаў” складаюцца з апавяданняў пра прывідаў, пра містычныя, акультныя жахі, з гісторыяў пра зомбі, анімалістычнай “страшнай” прозы, “катастрафічнай” прозы, псіхалагічных і містычных трылераў. У нашыя дні, на думку спецыялістаў, “д’ябаліяда” ў літаратуры, кінематографе, жывапісе, на сцэнах тэатраў мусіць служыць неабходнай заменай практычна страчаных культурай абрадавых, карнавальных, вулічных дзействаў, якія з даўніх часоў гралі ролю абярэгу і адваротнага закляцця ў паўсядзённым жыцці. У сувязі з гэтым сучасная “пачварная містыка” выконвае функцыю своеасаблівага сацыяпсіхалагічнага “громаадводу”.
Такім чынам, як у “сур’ёзнай”, так і ў парадыйнай гатычнай прозе апошнія два з паловай стагоддзі фармуецца і эвалюцыянуе пэўная культурна-мастацкая прастора, якую вызначае гатычная традыцыя. Гатычныя творы — гэта адкрытая і рухомая сістэма, якая актыўна ўзаемадзейнічае з чытачом, прапануючы дадумваць, дапісваць і дабудоўваць сябе.
© Наталля Калядка, 2009