№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Услед за чароўным народам

27 сакавіка 2010

Услед за чароўным народам


Рэцэнзія-метафара

Толкін, Дж. Р. Р. Каваль з Вялікага Вутану / пер. А. Ф. Брыль, мал. Н. Краўчук. – Мн.: Выдавец І. П. Логвінаў, 2010. – 28 ст.

Заспявае нягучна нябачны рот,
Ды застыгне-застогне душа мая –
Цішэй, цішэй, чароўны народ,
Ну нашто вам ізноў патрэбны я?
А. Ф. Брыль

Чароўны народ прыходзіць да чытачоў невялікай казкі Толкіна, каб забраць іх з сабой у Чароўны Край і Далёкія Памежжы. Чароўны народ прыходзіць і да тых, хто чытае вершы Антона Францішка Брыля, паэта і перакладчыка. Але прысутнасць чараў у дадзеным выпадку – з’ява цалкам вытлумачальная, і каб раскрыць іх таямніцу, варта ўсяго толькі разгарнуць кнігу. І ўсё стане на свае месцы.

Казка Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану” ў перакладзе А. Ф. Брыля была выдадзеная ў гэтым годзе І. Логвінавым і прэзентаваная толькі некалькі дзён таму – 26 сакавіка. Гісторыя гэтай казкі пачынаецца досыць незвычайна, бо спачатку задумвалася зусім не яна, а прадмова да “Залатога ключа” Джорджа Мак-Доналда. У выніку атрымалася, як зазначаў у адным лісце Толкін, “казка старога чалавека”, казка пра творчасць і талент, які даецца не назаўсёды, і пра тое, што аднойчы гэты падарунак могуць забраць назад.

Але з пытаннямі пра сюжэт лепей звярнуцца да самога Толкіна, дакладней – прачытаць кнігу. Справа перакладчыка – захаваць гучанне арыгіналу, прымусіць чароўны народ ажыць на старонках твору і ўразіць уяўленне чытача. Майстэрскае валоданне мовай перакладчыка “Каваля з Вялікага Вутану” захапляе. Тонкі флёр старасвеччыны, асаблівасці маўлення кожнага персанажа, апісанні Чароўнай Краіны (ды і не адной яе), якія ствараюць адпаведны настрой і выклікаюць вельмі пэўныя адчуванні, – усё гэта дасягнута моўнымі сродкамі і ўсё падаецца вельмі дарэчным і прыгожым: “Каваль убачыў, як маўклівыя хвалі вынеслі на бераг вялікі карабель ды ціха адкаціліся назад белаю пенаю. Эльфскія маракі былі высокія і жахлівыя, блішчэлі мячы ў іхніх руках, і зіхацелі дзіды, і вочы ззялі пранізлівым святлом. Раптам узвысілі яны галасы ў пераможным спеве, і ад страху здрыганулася сэрца Каваля, упаў ён ніцма, а эльфы прайшлі над ім ды зніклі сярод поўных рэхам пагоркаў”.

Яшчэ адзін спосаб выклікаць гасцей з нязнаных земляў – гэта намаляваць іх. Шэсць ілюстрацыяў Наталлі Краўчук да казкі “Каваль з Вялікага Вутану”, зробленыя адмыслова для гэтага выдання, дапамагаюць стварыць вобразы герояў і, здаецца, з’яўляюцца працягам паэтычных сказаў. Лёгкая і празрыстая Каралева Чароўнага Краю, Кароль, ён жа Майстар Кухар Элф, сам Каваль – прыгожыя і мудрыя героі прыгожай і мудрай казкі набываюць свае абліччы і са свайго боку даюць аблічча тоненькай кніжцы, якая, нягледзячы на сціплы аб’ём, робіцца ледзь не падарункавым выданнем.

Уся кніга (дызайн С. Ждановіча) аформленая ў адпаведнасці са зместам і стварае ўражанне гарманічнага цэлага. Яе прыемна трымаць у руках, прыемна гартаць і прыемна чытаць. Прыемна, бо і пераклад, і сама кніга – не шэрае безаблічнае выданне, а мастацкі твор, казка для дзяцей і дарослых, лялька на пірагу, памяць пра Чароўны Край.

Чытайце таксама

Гэта Біт-пакаленне

Джон Клелан Холмс

Гэта Біт-пакаленне

Некалькі месяцаў таму ў дзяржаўным часопісе выйшла гісторыя пад назвай “Маладосць” і падзагалоўкам “Мама мяне дастала”. Гаворка там вялася пра васемнаццацігадовую дзяўчыну з Каліфорніі, якую ўзялі за курэнне…

Наталля Ламека

"Фрыз жыцця" Эдварда Мунка і анталогія "Змярканне чалавецтва: сімфонія маладой паэзіі" ў кантэксце культуры экспрэсіянізму

Жывапісны экспрэсіянізм паўплываў на філасофію і эстэтыку іншых відаў мастацтва, сярод яго папярэднікаў найбольш значнымі былі Вінсэнт ван Гог, Джэймс Энсар і Эдвард Мунк.

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

Юрый Вінічук

Трэба не быць сквапным, каб падараваць твор іншаму

 Імя львоўскага пісьменніка Юрыя Вінічука добра вядомае на радзіме і за мяжой. Але ведаюць яго не толькі пад сваім іменем. Валійскі манах Рыянгабар, сведка нападу Батыя на Кіеў, паэтка XVII стагоддзя…

Знакамітыя вокладкі “Уліса”

Знакамітыя вокладкі “Уліса”

Сёння, 2 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння ірландскага пісьменніка Джэймса Джойса, а таксама 90-годдзе з дня выхаду ў Парыжы яго самага вядомага рамана “Уліс”.

1195