27 студзеня на 92-м годзе жыцця ў горадзе Корніш, штат Нью-Хэмпшыр, памёр Джэром Дэвід Сэлінджэр (Jerome David Salinger), амерыканскі пісьменнік, што выбраў жыццё самотніка замест папулярнасці, якой ён не дамагаўся, але якая сама яго знайшла. Знакамітым ён стаў амаль адразу пасля выхаду ў свет рамана “Лавец у жыце” (The Catcher in the Rye), які, па сутнасці, варта называць аповесцю, але які з’яўляецца самым аб’ёмным з апублікаваных твораў Сэлінджэра. Атрымаўшы прыстойны ганарар, пісьменнік набыў зямлю ў Корнішы і фактычна здзейсніў мару свайго героя Холдэна Колфілда: дом на ўзлеску, ніякіх наведвальнікаў, мінімум размоваў – і так да канца жыцця. Натуральна, такая адасобленасць ад грамадства натхняла журналістаў і проста зацікаўленых людзей зазірнуць у замочную шчыліну, і некаторыя з іх публікавалі свае назіранні з прэтэнзіяй на верагоднасць. Пасля выхаду ў 1965 годзе аповесці “Хэпварт 16, 1924” Сэлінджэр, марачы пра спакойнае жыццё, не выдаў ніводнага радка. Толькі двойчы ён даваў інтэрв’ю; першае – школьніцы Шырлі Блэйні ў 1953 годзе (апублікаванае, яно выклікала ў пісьменніка абурэнне), другое было звязанае з судовым працэсам супраць друкавання яго ранніх твораў (што аўтар адназначна забараніў). У 1986–1987 гадах ён судзіўся з Іэнам Гамільтанам – зноў з нагоды будучай публікацыі. Гамільтан збіраўся выдаваць біяграфію Сэлінджэра (“Дж. Д. Сэлінджэр. Жыццё на паперы”), насычаную цытатамі з яго лістоў, але быў вымушаны выправіць твор і выпусціць яго ў друк пад назвай “У пошуках Сэлінджэра” (In Search of J.D. Salinger).
У 1999 годзе Пол Аляксандр напісаў сваю версію біяграфіі Сэлінджэра, але як першаму, так і другому жыццяпісанню не ставала цэласнасці. Бурную рэакцыю выклікалі мемуары “У свеце як дома” (At Home in the World, 1998) Джойс Мэйнард, з якой Сэлінджэр пражыў у Корнішы 9 месяцаў. У кнізе падрабязна апавядаецца пра вобраз жыцця і характар пісьменніка, а таксама пра тое, як цяжка было дзецям пісьменніка і самой Джойс, зусім маладой дзяўчыне, прызвычаіцца да самотнага жыцця. У 2000 годзе былі выдадзеныя 80 лістоў Сэлінджэра, а таксама ўспаміны яго дачкі Маргарэт пад назвай “Лавец мараў” (The Dream Catcher). У гэтых успамінах шмат суб’ектыўнага: Маргарэт абураецца на бацьку, бо Сэлінджэр, на яе думку, стварыў сабе ідэальную сям’ю – Гласаў, і гэтыя вундэркінды былі яго ўлюбёнцамі, тымчасам як рэальнай дачцэ не хапала любові і клопату. За такую адарванасць ад рэальнасці і называе яна бацьку “лаўцом мараў”. Сын Сэлінджэра, Мэт, наадварот, вельмі цёпла гаворыць пра бацьку, і нават Джойс Мэйнард адзначала асаблівую пяшчоту, з якой яе былы муж ставіўся да дзяцей.
Жыццё
Будучы пісьменнік нарадзіўся 1 студзеня 1919 году ў Нью-Ёрку ў сям’і Саламона і Мірыям Сэлінджэраў. Маці была ірландска-шатландскага паходжання, але змяніла імя і веравызнанне ў знак павагі да мужа. У Джэрома была таксама старэйшая сястра Дорыс.
Бацька імкнуўся даць сыну добрую адукацыю, але з усіх навучальных установаў, куды паступаў Сэлінджэр-малодшы, ён скончыў толькі школу ў Манхэтане (1934) і ваенную школу Вэллі-Фордж, штат Пенсільванія (1936). Вучыўся ён не вельмі старанна, удзельнічаў у школьным тэатральным клубе і рэдагаваў выпускны альбом. Гэта была закрытая школа, дзе вучыліся дзеці “карэнных жыхароў” – у пэўнай ступені яна стала правобразам школы Пэнсі з рамана “Лавец у жыце” (1951).
Са сваёй прафесіяй Сэлінджэр канчаткова вызначыўся пасля трох беспаспяховых спробаў скончыць універсітэт ці каледж. Пасля вяртання ў Амерыку з паездкі ў Польшчу і Аўстрыю (дзе па загадзе бацькі Джэром вывучаў тэхналогію вырабу каўбас), пісьменнік паступае ў каледж Урсінус (Пенсільванія), а ў наступным годзе запісваецца на вячэрнія лекцыі па кароткім апавяданні ў Калумбійскім універсітэце (Нью-Ёрк) – лекцыі чытаў рэдактар часопіса “Story” Ў. Бернэт. Менавіта ў “Story” ў 1940 годзе быў надрукаваны першы твор Сэлінджэра “Маладыя людзі” (The Young Folks). Вядома, што ў гэты час ён закахаўся ў дачку Юджына О’Ніла, але каханне было нешчаслівым: дзяўчына пераехала ў Лос-Анджэлес і ажанілася з Чарлі Чаплінам.
У 1942 годзе Сэлінджэр закліканы у войска і заканчвае афіцэрска-сержанцкую школу, у 1943 годзе служыць у контрвыведцы, 6 чэрвеня 1944 году ўдзельнічае ў высадцы дэсанта ў Нармандыі і вызваленні канцлагераў. Адной з выбітных падзеяў таго перыяду было знаёмства пісьменніка ў Парыжы з Хэмінгуэем. З фронту Сэлінджэр адаслаў $200 у рэдакцыю часопіса “Story” на падтрымку маладых літаратараў, асабліва студэнтаў з розных амерыканскіх універсітэтаў. Яму даводзілася працаваць з ваеннапалоннымі, а пры канцы вайны ён некаторы час знаходзіўся ў нямецкім шпіталі з карэктным дыягназам “баявое ператамленне”. Аднак праз некаторы час яго выпісалі, а кантракт прадоўжылі яшчэ на 6 месяцаў. Ваенны досвед даў пісьменніку шмат матэрыялу для пазнейшых твораў: у пасляваенным апавяданні “Для Эсме – з любоўю і ўбоствам” (For Esmé — With Love and Squalor, 1950) Сэлінджэр малюе вобраз маладога чалавека, які вяртаецца з вайны і не захоўвае “здольнасці нармальна функцыянаваць”. Ёсць згадкі пра вайну і ў рамане “Лавец у жыце”, у тым ліку разважанні пра ваенную літаратуру.
У 1945 годзе Сэлінджэр ажаніўся з францужанкай Сільвіяй, але шлюб гэты скончыўся разводам. Другой яго жонкай стала Клэр Дуглас, дачка брытанскага крытыка Роберта Лагтана, з якой ён у 1967 годзе таксама разышоўся. У сваіх мемуарах Джойс Мэйнард (трэцяя жонка) распавядае пра гісторыю свайго знаёмства з Сэлінджэрам. У 1973 годзе 53-гадовы пісьменнік прачытаў у “Нью-Ёрк Таймс” эсэ 18-гадовай дзяўчыны і, заўважыўшы ў Джойс і яе развагах падабенства са сваімі гераінямі, напісаў ёй ліст. Для усіх трох жонак Сэлінджэр спрабаваў быць не толькі мужам, але і духоўным настаўнікам (не ў апошнюю чаргу праз вялікую розніцу ва ўзросце) – так, Джойс ён вучыў быць “незалежнай ад чужых ацэнак і поглядаў, спакойна рэагаваць на любую крытыку і на любую пахвалу”.
Творчасць
Сэлінджэр не спыняў працу да канца жыцця. Дачка пісьменніка Маргарэт сцвярджае, што ў яго шуфлядзе ляжалі паперы з пазнакамі: чырвоным колерам – “выдаць пасля маёй смерці без рэдагавання”, сінім – “выдаць пасля маёй смерці з папярэднім рэдагаванем”.
З 1940 па 1965 гады Сэліджэр аддаў у друк у амерыканскія часопісы 22 апавядання. Адно з апавяданняў, “Дзядзька Хапатлівец у Канектыкуце”, было экранізавана пад назвай “Маё неразумнае сэрца” – фільм настолькі не спадабаўся Сэлінджэру, што ён больш ніколі не даваў згоды на экранізацыю сваіх твораў.
Раман “Лавец ў жыце” (вядомы ў рускі перакладзе як “Над пропастью во ржи”) пабачыў свет у 1951 годзе дзякуючы выдаўцу і сябру Сэлінджэра Ўільяму Максуэлу. Першапачатковая задума перадугледжвала толькі 90 старонак, але ў 1946 годзе Сэлінджэр вырашыў дапрацаваць ужо завершаную аповесць. Прыступкамі да рамана можна лічыць тры раней напісаныя апавяданні: “Апошні і найлепшы Пітэр Пэн” (The Last and Best of the Peter Pans, 1942), “Шары для боўлінга ў акіяне” (The Ocean Full of Bowling Balls, 1945) і “Я звар’яцеў” (I Am Crazy, 1945). Два апошнія ніколі не былі апублікаваныя.
Раман вядомы не толькі амерыканскаму чытачу: з першых дзён “у людзях” яму спадарожнічала і добрая, і дурная слава. Спачатку твор быў забаронены для выкладання ў школах. Асобныя прыхільнікі маралі кінуліся лічыць непрыстойныя і слэнгавыя словы: больш за 700 адзінак нелітаратурнай мовы (а таксама з’яўлення сэксуальнай тэматыкі) хапіла на тое, каб абвясціць твор шкодным для падлеткаў. З творам звязаная і скандальная гісторыя: раман быў любімым чытаннем забойцы Джона Ленана Марка Чэпмэна, які ідэнтыфікаваў сябе з Колфілдам.
У траўні 2009 году Джон Дэвід Каліфорнія выдаў у невялікім выдавецтве Windupbird Publishing раман з назвай “Праз 60 гадоў: прабіраючыся цераз жыта”. Галоўны герой – 76-гадовы містэр К., што ўцёк з дому састарэлых і заблукаў па нью-ёркскіх вуліцах. Ініцыялы Джона Дэвіда Каліфорнія (J. D.) відавочна адпавядаюць ініцыялам Сэлінджэра, а прозвішча адсылае да месца, дзе Холдэн лечыцца і апавядае сваю гісторыю. У інтэрв’ю газеце The Guardian загадкавы J. D. заявіў, што “не спрабуе выцягнуць Сэлінджэра з яго сховішча” – яму проста “цікава даведацца, якія ў Сэлінджэра думкі наконт маёй кнігі і ці спадабаўся яму Холдэн і яго будучыня ў маёй версіі”. Але Сэлінджэр усё ж выйшаў са сховішча – і падаў позву аб абароне інтэлектуальнай уласнасці. Скаргу пісьменніка задаволілі.
Холдэн Колфілд
Самы знакаміты герой Сэлінджэра, Холдэн Колфілд, адначасова спалучае ў сабе рысы пікарэскнага героя-трыкстэра, бунтара і прасветленага філосафа. Людзі наўкол успрымаюць яго як дзівака, бо ён не прымае правілаў і ўмоўнасцяў. Замест спаборніцтва за званне лепшай каманды ён абірае гульню ў футбол з сябрамі, замест школьнай формы – сігнальна-чырвоную паляўнічую шапку, замест вучобы ў каледжы, дзе ўсё напаказ, – напоўненыя развагамі шпацыры па нью-ёрскіх вуліцах. Як казаў Ўільям Фолкнер, трагедыя Холдэна Колфілда “палягала не ў тым, што ён не быў, як яму, магчыма, падавалася, дастаткова моцным, ці мужным, ці вартым быць прынятым чалавецтвам. Яго трагедыя палягала ў тым, што, калі ён намагаўся ўступіць у род чалавечы, там не было рода чалавечага”. З’яўленне такога персанажа ў 1951 годзе стала вызначальным – як для літаратурнага, так і для грамадскага жыцця. Холдэн зрабіўся ўзорам для юнакоў-нонканфармістаў, правобразам ангельскай “раззлаванай моладзі” і бітнікаў. Вобраз Колфілда нітуе паміж сабою герояў “страчанага пакаллення” і бітнікаў с хіпстэрамі. Крытыкі (напрыклад, М. Гайсмар) вызначаюць пакаленне 1940-х як “маўклівае”: яно нагадвае “страчанае пакаленне” адчуваннем правалу, душэўнай пустэчы, расчараваннем у “амерыканскай мары”. Менавіта з гэтым адчуваннем звязаная зацікаўленасць Сэлінджэра разнастайнымі рэлігіямі і псіхафізічнымі практыкамі: дзэн-будызмам, індуізмам, ёгай, макрабіётыкай, дыянетыкай, нетрадыцыйнай медыцынай. У мемуарах Джойс Мэйнард падрабязна апісвае, як пісьменнік спрабаваў заахвоціць сваю сям’ю сядзець на вегетарыянскай дыеце і рабіць асаны, а саму дзяўчыну папракаў за амбіцыі і прагу славы. Усё “паказное” ён строга асуджаў; дзэн-будызм стаў не толькі яго жыццёвай філасофіяй, але і філасофіяй яго літаратурных герояў.
Захапленне дзэнам пачалося ў Сэлінджэра ў 1946 годзе пасля лекцый Т. Д. Судзукі ў Калумбійскім універсітэце. Сяргей Бялоў у сваім артыкуле “Парадоксы Дж. Сэлінджэра” адзначае, што “недагаворанасць, адсутнасць адназначных трактовак у яго творах бяруць пачатак ад эстэтычнага прынцыпу дзэн – роўнасці творчай актыўнасці мастака і яго аўдыторыі”.
Вобраз Холдэна Колфілда – напалову аўтабіяграфічны і ў значнай ступені ўвасабляе аўтарскую філасофію. Эвалюцыю героя можна суаднесці с трыма катэгорыямі дзэнскай свядомасці, якія вылучыў Т. Д. Судзукі: “нарастанне” (змена трох школ як пратэст супраць “схаластыкі” і ўсяго “паказнога”); “выспяванне” (ўцёкі з Пэнсі, прыгоды ў Нью-Ёрку); “выбух” (шпацыр з Фібі ў заапарку, арэлі, духоўнае прасвятленне Колфілда і кардынальныя змены ў яго светаўспрыняцці).
“9 апавяданняў”
У 1953 годзе выйшла кніга Сэлінджэра “9 апавяданняў”, у эпіграфе якой быў змяшчаны каан (пытанне-загадка) дзэнскага паэта Хакуіна Асё “Адна рука”:
Мы ведаем гук воплеска дзвюх далоняў,
А як гучыць восплеск адной далоні?
Цыкл пачынаецца са смерці галоўнага героя, і гэта першая ўзгадка пра Сэймура Гласа, з якім чытач яшчэ сустрэнецца ў “гласаўскім цыкле”: у апавяданнях “Фрэні і Зуі” (Franny and Zooe, 1961), “Вышэй кроквы, цясляры” (Raise High the Roof Beam, Carpenters, 1955) і “Сэймур: Уводзіны” (Seymour: An Introduction, 1959). Творы апавядаюць пра лёс сямёх братоў і сясцёр, нашчадкаў двух актораў – Лэса і Бэсі Гласаў, “раскінутых па ўсіх канцах Злучаных Штатаў”. Сэймур – адзін з галоўных герояў Сэлінджэра – жыве згодна з прынцыпамі дзэн-будызму: “бачачы ўнутраныя вартасці, ён страчвае ўяўленне пра вонкавае”. Яго смерць – не сцвярджэнне абсурднасці быцця, а адмаўленне таго, што смерці трэба баяцца.
Асэнсаванне творчасці
Сэлінджэр лічыў, што пісьменніка можна вызначыць згодна з прынцыпам “скажы, хто твой сябра, і я скажу, хто ты”, то бок па імёнах яго ўлюбёных аўтараў. Для Сэлінджэра такімі вызначальнымі асобамі былі Ф. Кафка, Г. Флабэр, Л. Талстой, А. Чэхаў, Ф. Дастаеўскі, М. Пруст, Ш. О’Кэйсі, Р. М. Рыльке, Ф. Г. Лорка, Дж. Кітс, А. Рэмбо, Р. Бэрнс, Э. Бронтэ, Дж. Остын, Г. Джэймс, Ў. Блэйк, С. Т. Колрыдж: “Я не назаву ніводнага імені сучаснага пісьменніка. Не думаю, што гэта правільна. Мяркую, што лёс у пісьменніка цяжкі. Але ён прынёс мне дастаткова радасцяў, таму я не думаю, што калі-небудзь буду кагосьці адгаворваць (безусоўна, калі гэты хтосьці мае талент) абраць гэты шлях. Узнагарода невялікая – але калі яе атрымліваеш, гэта проста выдатна”. Сваё другое інтэрв’ю карэспандэнту “Нью-Ёрк Таймс” у 1974 годзе ён падагульніў наступнай фразай: “Я люблю пісаць, але пішу галоўным чынам для самога сябе, для уласнага задавальнення. Безумоўна, за гэта даводзіцца расплачвацца: мяне лічаць чалавекам дзіўным, дзікаватым. А я проста жадаю абараніць сябе і сваю працу ад іншых”. Па сутнасці, ў гэтым палягала жыццевая і творчая пазіцыя Сэлінджэра. Па некаторых звестках, падчас жыцця ў Корнішы ён напісаў яшчэ два раманы і шмат твораў малой формы; усё гэта было створанае ў ізаляцыі (хай сабе і частковай) ад астатняга свету. Адзіным сродкам камунікацыі для Сэлінджэра (як і для Холдэна Колфілда) быў тэлефон, і абодва яны размаўлялі толькі з самымі блізкімі людзьмі. Па словах Колфілда, гэтага alter ego аўтара, яго “захапляюць такія кніжкі, што, калі дачытаеш іх да канца, адразу думаеш: было б цудоўна, калі б гэты пісьменннік стаў тваім найлепшым сябрам і з ім можна было б паразмаўляць па тэлефоне, калі захочацца...”
На жаль, Сэлінджэру ўжо нельга патэлефанаваць.
© Ганна Ражанцова, 2010