№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

У Стакгольм за дзедам-шведам

10 ліпеня 2009

У Стакгольм за дзедам-шведам


Сучаснае швэдзкае апавяданьне: проза / уклад. Вольга Цвірка. – Мінск: Галіяфы, 2009. – 176 с.

З’яўленне добрай перакладной кнігі – заўсёды радасць. З’яўленне кнігі перакладной шведскай прозы – радасць двайная: літаратура Швецыі дагэтуль калі і была ў нас вядомая, то толькі, за рэдкімі выключэннямі, у рускіх перакладах. Яшчэ адна нагода парадавацца выхаду ў выдавецтве «Галіяфы» кнігі «Сучаснае шведскае апавяданне» – надпіс на першай старонцы: «Кніга выдадзеная пры падтрымцы Дзяржаўнай рады культуры Швецыі і Цэнтра шведскіх доследаў», які сведчыць пра тое, што ў гэтым выданні захаваныя ўсе аўтарскія правы. Кніга ўключае пераклады чатырнаццаці апавяданняў дванаццаці пісьменнікаў (апавяданне «КанТраЛяваць уСё. сцеЕрці» напісанае Ю. Хеміры і А. Руус у суаўтарстве), зробленыя дзевяццю перакладнікамі (В. Цвірка (яна ж укладальніца кнігі), Л. Варашуха, Я. Гарунова, Д. Вашкевіч, Г. Марчанка, А. Патаня, Н. Савік, Н. Лабада і М. Фоніна). Рэдактар – Валянцін Акудовіч.

Пераклад твораў шведскай літаратуры на беларускую мову мае небагатую гісторыю: апроч выдадзеных нядаўна «Піпі Доўгайпанчохі» і «Карлсана з даху», мала што можна адразу прыгадаць – хіба што творы А. Стрындберга «Буду пісьменнікам» і «Сага Сэн-Гатарда», В. Мубэрга «Зямля здраднікаў» (пераклад В. Буйвала), С. Дагермана «Забіць дзіця» (пераклад Я. Балясіна), друкаваныя ў «Крыніцы», пераклады Дзм. Плакса і яшчэ некалькі прыкладаў. Таму перад цяперашнімі перакладнікамі стаіць складаная задача – фармаванне стылю перакладу са шведскай мовы, распрацоўка прынцыпаў алітэрацыі і нават у пэўным сэнсе стварэнне міфалогіі мовы (праўда, гэта больш датычыць вершаваных твораў). Як правільна: Улін Стыг, як у зборніку, ці Улінэ Стыг, як пісьменніцу прадстаўлялі на нядаўняй літаратурна-музычнай вечарыне ў межах Дзён шведскай культуры ў Беларусі? Кніга – больш аўтарытэтная крыніца, значыць, хутчэй за ўсё замацуецца варыянт Улін.

Нягледзячы на тое, што сучасная літаратура ў пэўнай ступені нівелюе нацыянальны стыль і з’яўляецца вынікам узаемадзеяння самых розных культурных традыцый, зборнік перакладаў дае ўяўленне пра тое, чым ёсць сённяшняя шведская проза. «Шведскасць» выяўляецца ў каларыце і асобных дэталях, а таксама ў адлюстраванні таго, што не ёсць насамрэч «шведскім» – жыццё імігрантаў у апавяданні «Сізіф з Грамадзянскага пляцу» Т. Каліфатыдэса, успаміны пра бабулю, што прыехала з вострава Ява (апавяданне «Бабуля, гарадскі лад ды прыліў» А. Плэель), – аднак зрабілася часткай сённяшняй Швецыі.

Колькі словаў пра дробязі, звязаныя з афармленнем. Першая нязручнасць кнігі – гэта адсутнасць імёнаў перакладнікаў у змесце: даводзіцца гартаць кнігу кожны раз, калі трэба вызначыць, хто якое апавяданне пераклаў. Магчыма, гэта пэўным чынам звязана са стаўленнем саміх шведаў да перакладу як да тэхнічнай прафесіі, пра якое апошнім часам з’явілася не адна публікацыя ў сувязі з выданнем перакладу кнігі «Фрэскі» Б. Пятровіча на шведскую мову, выкананага Дзм. Плаксам. Магчыма – з жаданнем перакладнікаў застацца ў цені; такая сціпласць падаецца зусім непатрэбнай у першым выданні шведскай прозы – фактычна міні-анталогіі. Другая нязручнасць – тое, што ў даведцы, змешчанай у канцы кнігі (абсалютна неабходная рэч! – дзякуючы ёй незнаёмыя імены пісьменнікаў не застаюцца ўсяго толькі літарамі на паперы), імёны аўтараў ідуць у іншым парадку, чым яны пададзеныя ў змесце. Няўважлівы чытач (такі, як, напрыклад, аўтар рэцэнзіі) суаднясе першае апавяданне «У чаканні катастрофы» з першым аўтарам, пазначаным у даведцы, – Эйнарам Аскестадам, шчасліва забыўшы імя, выведзенае перад апавяданнем, – Пэтэр Энглюнд. Толькі дзякуючы каларытнасці імені Тэадора Каліфатыдэса, грэцка-шведскага пісьменніка, аўтар рэцэнзіі здалела хутка разабрацца, што да чаго.

Крышачку бянтэжаць некаторыя несупадзенні: напрыклад, апавяданне «Бабуля, гарадскі лад ды прыліў» (так назва падаецца ў кнізе) у змесце выглядае як «Бабуля, гарадскі лад і прыліў» – але гэтае пытанне ні ў якім выпадку не да перакладнікаў. Што ж датычыць вокладкі – кніга сімпатычна глядзіцца на кніжнай паліцы, яе прыемна трымаць у руках. Сказаць пра дызайн штосьці яшчэ складана, для гэтага трэба быць кампетэнтным у пытаннях мастацкага афармлення.

Вельмі не хапае кнізе крыху больш разгорнутых каментароў, прычым як каментароў краіназнаўчых (для мяне так і засталося таямніцай, што такое курган Хага і дзе знаходзіцца акруга Ставангера), так і банальных перакладаў і тлумачэнняў выразаў на замежных мовах, такіх, як «et in Аrcadia ego» (апавяданне «У чаканні катастрофы» П. Энглюнда; выраз перакладаецца як «і ў Аркадыі я» і мае доўгую гісторыю ў мастацтве: яго ўкладаюць у вусны смерці, якая не абмінае нават райскіх куточкаў) ці «erst blicken dann blicken» (апавяданне «Дыярама» П. Кільгорда).

Асобна хочацца сказаць пра мову перакладаў. На маю думку, у гэтым плане кніга атрымалася ўдалай, апавяданні чытаюцца лёгка і натуральна – а менавіта гэта ў празаічным перакладзе падаецца самым важным. Большасць гэтых апавяданняў цалкам магла б быць напісаная па-беларуску. Найбольш складаным з гледзішча мовы можна назваць апавяданне «Чаго не ведаюць цёткі» С. Давідсан – пераклад дыялогаў (і не толькі дыялогаў, бо ўсе падзеі падаюцца праз успрыняцце аднаго з герояў апавядання) падлеткаў, поўных слэнгавых выразаў, мусіць быць асабліва выразным. Падлеткі гавораць простымі сказамі – зрэшты, гэта характэрна для маўлення амаль любога чалавека, асабліва ў неафіцыйнай абстаноўцы. Таму некаторыя рэплікі герояў твора падаюцца залішне грувасткімі і не зусім размоўнымі. Яшчэ адзін мінус мовы перакладаў – пэўная колькасць рэдкаўжывальных словаў. Так, слова «ворак», пададзенае ў «Расійска-беларускім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча як беларускі адпаведнік слову «мех» (у значэнні «мяшок»), у сучасным маўленні хутчэй успрымаецца як паланізм. А выраз «дваццаць чатыры гадзіны на добу» ўвогуле прымушае задумацца, пра які доб ідзе справа.

Зрэшты, усе пададзеныя заўвагі – сапраўды дробязі, за якія хаця і чапляешся вокам падчас чытання, але тут жа забываеш. Значна больш важная сама моўная плынь, адчуванне жывой мовы, а не штучных канструкцый, здольнасць перакладнікаў зразумець (ва ўсіх сэнсах) шведскі тэкст і перадаць яго па-беларуску, а таксама веданне рэаліяў і кантэксту – літаратурнага і культурнага.

Такім чынам, застаецца пажадаць перакладчыкам далейшае плённае працы і паспадзявацца на тое, што ў хуткім часе з’явяцца па-беларуску і іншыя пераклады твораў шведскай літаратуры, прычым не толькі сучаснай, але і класічнай, той, якая з’яўляецца падмуркам усіх сённяшніх мастацкіх пошукаў і без ведання якой складана зразумець культуру і сучаснасць (і шведскую, і любую іншую). Са свайго боку, часопіс «ПрайдзіСвет» запрашае перакладнікаў зборніку сучаснага шведскага апавядання на свае электронныя старонкі і нагадвае, што наступны нумар, які чакаецца ў пачатку восені, прысвечаны мадэрнізму – а шведская літаратура гэтага перыяду зусім не абдзеленая цікавымі творамі і аўтарамі, такімі, як Яльмар Гульберг, Хары Марцінсан і інш.

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

"Мінск варты таго, каб яго пісалі на розных мовах…"

Гутарка Альгерда Бахарэвіча з Міхаілам Валодзіным

Паэт, які часам перакладае

Вера Бурлак

Паэт, які часам перакладае

— Вера Бурлак вядомая беларускаму чытачу хутчэй як паэтка, чым як перакладчыца. Наколькі значнай для Вас самой перакладчыцкая дзейнасць? Вы лічыце сябе паэтам-перакладчыкам ці ўсё ж паэтам, які проста…

Залаты век ілюстрацыі

Залаты век ілюстрацыі

Лічыцца, што час, калі майстэрства ілюстрацыі дасягнула найвялікшага росквіту, яе так званы Залаты век, прыпадае на перыяд з 1880 па 1925 год (паводле некаторых звестак, 1850—1925). У Еўропе і ЗША яркія…

Чорная зямля пад белымі крыламі

Чорная зямля пад белымі крыламі

Згадваць пра тое, што за савецкім часам перакладаў на беларускую мову з афрыканскіх літаратураў было няшмат, наўрад ці трэба. А ў постсавецкі час перакладчыкі дык увогуле пачалі абыходзіць літаратурную…

1691