№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Сматрычэнка

Пайшоў з жыцця чэшскі пісьменнік Ян Балабан

29 красавіка 2010

Пайшоў з жыцця чэшскі пісьменнік Ян Балабан


У пятніцу 30 красавіка ў астраўскай евангелічнай кірсе адбудзецца развітанне з заўчасна памерлым пісьменнікам Янам Балабанам.

Літаратурны самотнік і аматар блюзу з сілезскай Астравы быў у сучаснай чэшскай прозе непераўзыдзеным майстрам экзістэнцыйнага апавядання; яго часта азначалі за аўтара, які піша пра нешчасліўцаў і гаротнікаў у памежных жыццёвых сітуацыях. Аднак сам ён гэта абвяргаў, бо смерць і боль лічыў адной з асноўных парадыгмаў, якія напаўняюць жыццё сэнсам. “Мяне называюць аўтарам, які піша пра няўдачнікаў, але я пішу пра тое, што адбываецца з большасцю людзей, напрыклад, пра развод, – у гэтай краіне 50% дарослых людзей разведзеныя. А калі я пішу пра чалавека, які пакутуе ад алкагольнай залежнасці, то пішу, маўляў, пра роспачных істотаў, а пры тым кожны чалавек мае нейкую залежнасць і нейкім чынам з ёй змагаецца”, – сказаў ён у адным з інтэрв'ю.

Гэтаксама ён не любіў і азначэння “астраўскі пісьменнік”. Хоць, магчыма, жыццё менавіта ў такім знеаблічаным горадзе з парэшткамі прамысловага буму сацыялістычнай эпохі, якім ёсць Астрава, дзе “ў піўнушках многа не размаўляюць, а перадусім п'юць”, паспрыяла нярадаснаму характару Балабанавых кніг. “Кожны эпітэт, якім характарызуецца прафесія, заўсёды мае абмежавальны характар. Чалавек папросту пісьменнікам або ёсць, або не. І ён можа быць хіба добрым або дрэнным. Я не менш чэшскі пісьменнік, чым Яхім Топал, Ян Бэнэш або Ірэна Доўскава. Азначэнні заўсёды прыбядняюць, а канкрэтна “астраўскі пісьменнік” у нашых умовах гучыць амаль як аксюмаран, які павінен дадаць смаку кур'ёзнасці”, – казаў празаік.

У чэшскую апавядальную традыцыю ён прынёс ашчадны, нават строгі моўны стыль без вонкавых эфектаў і некаторымі крытыкамі параўноўваўся з амерыканцам Рэймандам Карверам; падобна яму, Балабан ухопліваў гэткія мімалётныя пробліскі свядомасці сярод паўсядзённасці і змрочнай банальнасці. На пары старонак ён умеў накідаць далікатныя псіхалагічныя партрэты і без сентыменту апісаць драматычныя моманты партнёрскіх адносін.

Найбольш вядомая яго кніга – зборнік апавяданнаў “Магчыма, мы сыходзім” (Možná že odcházíme, 2004), які найбуйнейшым штодзённікам “Lidové noviny” быў абвешчаны Кнігай году-2004, атрымаў галоўную літаратурную прэмію Magnesia Litera-2005 у галіне прозы і быў намінаваны на Дзяржаўную прэмію.

Акрамя таго, Ян Балабан выдаў зборнікі апавяданняў “Сярэднявечча” (Středověk, 1995), “Божы трос” (Boí lano, 1998), “Вакацыі” (Prázdniny, 1998), “Мы тут” (Jsme tady, 2006), аповесць “Чорны баран” (Černý beran, 2000) і раман “Куды ішоў анёл” (Kudy šel anděl, 2005).

Ян Балабан нарадзіўся ў 1961 годзе ў Шумперку, у евангелічнай сям'і, з маленства жыў у памежнай з Польшчай Астраве. Скончыў Аламоўцкі універсітэт па спецыяльнасці чэшская і ангельская філалогія, потым доўгі час працаваў тэхнічным перакладчыкам на металургічным камбінаце, пазней – перакладчыкам на вольных хлябах і прафесійным літаратарам. Яму самому давялося перажыць нямала драматычных момантаў у жыцці, аднак ягоныя кнігі ні ў якім разе нельга назваць аўтабіяграфічнымі.

На беларускай мове апавяданні Яна Балабана пакуль не друкаваліся, але яшчэ пры жыцці аўтара ад яго быў атрыманы дазвол на пераклад і публікацыю яго твораў. На сённяшні дзень Наталляй Пяткевіч перакладзеныя 4 апавяданні пісьменніка, адно з іх “ПрайдзіСвет” прапануе тут вашай увазе. Рэшта, будзем верыць, неўзабаве пабачыць свет на старонках часопіса “Дзеяслоў”.

Падрыхтавана з выкарыстаннем чэшскіх электронных крыніц.

Чытайце таксама

У Афрыку гадзіннік не бяру

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён…

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Кандрат Крапіва

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Еду я часамі па вуліцы ці па дарозе і думаю: “Як добра, што наша ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) так клапоціцца аб жыцці і здароўі людзей, перасцерагае ад паломкі машын...

Беглыя запісы

Ян Скрыган

Беглыя запісы

У мяне ў апавяданні напісана: «Выгадавала дзвюх дочак і вельмі шчаслівая». Але на тэлебачанні нехта паправіў, і артыстка прачытала: «Вырасціла дзвюх дочак». Той, хто правіў, быў перакананы, што папраўляе…

Мяне заўжды цікавіла проза

Сільвія Плат

Мяне заўжды цікавіла проза

814