№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Аднойчы жнівеньскім травеньскім днём...

16 траўня 2010

Аднойчы <s>жнівеньскім</s> травеньскім днём...


Янсан, Тувэ. Маленькія тролі і вялікая паводка / Тувэ Янсан; пер. са шведскай Насты Лабады; ілюстрацыі Тувэ Янсан. – Мн.: Зміцер Колас, 2010. – 56 с.: іл.

“Аднойчы жнівеньскім днём, недзе пасля абеду, Мумітроль і яго мама прыйшлі ў самую гушчэчу Вялікага лесу”. Гэта было спачатку. А пасля...

Аднойчы травеньскім днём, недзе пасля абеду, у Абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзентацыя кнігі Тувэ Янсан “Маленькія тролі і вялікая паводка”, перакладзенай Настай Лабадой. На прэзентацыі прысутнічалі не толькі надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Швецыі і Фінляндыі Стэфан Эрыксан і Мар’я-Лііса Кільюнэн, але нават Хемуль, які зачытаў даклад пра творчы шлях Мумітаты, асаблівую ўвагу надаўшы значэнню яго асобы для развіцця літаратурнага працэсу ў Мумідоле, і аркестр жыхароў мумідолу, якія выканалі песеньку “Гэй, звяркі, спляціце бантам хвасты”. Надзвычайным і паўнамоцным выдаўцом мумітроляў стаў Зміцер Колас.

Абаяльных мумітроляў ведаюць ва ўсім свеце – яны зрабіліся ледзь не нацыянальным гонарам фінаў і, безумоўна, аднымі з самых любімых дзіцячых герояў. Ужо сам факт усясветнай папулярнасці герояў Тувэ Янсан робіць беларускі пераклад падзеяй – падзеяй для беларускамоўнай дзіцячай літаратуры, супрастаўляльнай з выхадам, напрыклад, “Страчанага раю” Джона Мілтана для беларускай англістыкі (і калі яшчэ тое будзе...), альбо “Дон Кіхота” Мігеля дэ Сервантэса для беларускай гішпаністыкі, альбо “Люцыфера” Ёста ван дэн Вондэла для беларускай батавістыкі (пра гэта дык увогуле марыць не выпадае). Таму першы плюс гэтага выдання – значнасць самога перакладанага твора.

“Маленькія тролі і вялікая паводка” – толькі першая аповесць з вялікага цыклу кніг пра мумітроляў, якая ўводзіць у чароўны свет Мумідолу. Сам Мумідол як гарманічны край, з насельнікамі якога адбываюцца вясёлыя, а часам крышачку сумныя прыгоды, яшчэ не набывае тут усёй паўнаты ўвасаблення: Мумітроль з Мумімамай пасля доўгіх падарожжаў толькі знаходзяць гэтую “абяцаную краіну”, дзе ўрэшце сустракаюць (а дакладней, выратоўваюць) Мумітату, які адбыў калісьці з хаціфнатамі і доўгі час не бачыў сваёй сям’і. Многія героі гэтай кнігі, якія пасля з’явяцца на старонках іншых твораў “муміяды”, яшчэ пакуль не маюць сваіх імёнаў – гэта і маленькі звярок (будучы Сніф, які лёгка пазнаецца па словах “я вас папярэдзіў!”), і безназоўныя істоткі (сярод якіх пасля вылучацца філіф’ёнкі, хомсы, гафсы, місы і іншыя); затое ёсць ужо і хаціфнаты, бязмоўныя падарожнікі, якія пакуль умеюць толькі знікаць (але хутка прыдбаюць барометр і ў навальніцу пачнуць вылучаць электрычнасць), і хемуль (магчыма, менавіта той самы, які пасля з’явіцца на старонках наступных кніг як калекцыянер матылькоў альбо марак), і нават мумідом. А вялікая паводка, якая нарабіла столькі бяды, яшчэ доўга будзе ўспамінацца ў Мумідоле – напрыклад, у наступнай аповесці. Дарэчы, пра наступныя аповесці. У канцы кнігі анансуецца выхад яшчэ васьмі кніжак “муміяды”. Самы час вызваляць месца на паліцы.

Другі вялікі плюс кнігі “Маленькія тролі і вялікая паводка” – гэта яе афармленне. Тувэ Янсан, нягледзячы на папулярнасць яе дзіцячых кніг, лічыла сябе перш за ўсё мастачкай і сама ілюстравала свае творы. Магчыма, сімпатычныя выявы мумітроляў і іх сяброў адыгралі не апошнюю ролю ў заваяванні мумітролямі свету. І вось гэтыя знакамітыя ілюстрацыі трапілі ў кнігу! І нават больш за тое – на вокладцы кнігі таксама мумітролі пэндзля Тувэ Янсан. Усё гэта ў спалучэнні з цвёрдай вокладкай (якая ёсць яшчэ адным, вялікім і цвёрдым плюсам выдання), буйным і зручным для дзетак, якія ўжо самі чытаюць, шрыфтам робіць кнігу вельмі прывабнай пакупкай і вельмі добрым падарункам. У выданні ёсць усё, што патрэбна, – ад малюнкаў і прадмовы самой Тувэ Янсан да мілых сэрцу словаў all rights reserved.

У згаданай прадмове Тувэ Янсан зазначае: “...гэта была мая першая кніжка са шчаслівым канцом”. Можна сказаць нават болей: кнігі пра мумітроляў не толькі са шчаслівым канцом – яны цалкам, наскрозь шчаслівыя. Бо нават самыя злавесныя здарэнні з іх героямі – сустрэча з Вялікім Змеем альбо падарожжа праз Вялікі лес (а пасля, напрыклад, набліжэнне каметы) – усё адно падобныя да вясёлых прыгодаў. Нягледзячы на тое, што кніга пісалася ў час вайны (і водгукі гэтай вайны даследчыкі і аматары “муміяды” расчытваюць паміж радкоў аповесці), яна – лёгкае і прыемнае чытанне пра свет, у якім любая бяда – не бяда (бо спадар Марабу абавязкова знойдзе свае акуляры і ўратуе ўсіх пасля паводкі), і адразу зразумела, што нічога страшнага не адбудзецца. Дарэчы, загаварылі мумітролі па-беларуску вельмі лёгка і адразу пераадолелі моўны бар’ер: нават вельмі патрабавальны чытач, які ўздоўж і ўпоперак вывучыў пераклады твораў Тувэ Янсан на іншыя мовы (напрыклад, на рускую), наўрад ці будзе мець да беларускага выдання якія-небудзь прэтэнзіі. І гэта – трэці плюс кнігі.

Пры такой колькасці плюсаў ёсць усе падставы прызнаць кнігу “Маленькія тролі і вялікая паводка” найлепшым перакладным дзіцячым выданнем апошніх гадоў. Гэта для пачатку. А пасля...

Чытайце таксама

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Галоўную літаратурную прэмію Германіі (Deutschen Buchpreis) за найлепшы твор на нямецкай мове атрымаў аўтар раману «Вежа» (Der Turm) Увэ Тэлькамп (Uwe Tellkamp)...

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

15 студзеня 2009 года расійскі часопіс «Замежная літаратура» абвясціў імёны лаўрэатаў сваёй штогадовай прэміі. Сярод уганараваных часопісам – Алена Калашнікава (Елена Калашникова), аўтар зборніка інтэрв’ю…

Канфлікт асобы і грамадства ў творчасці Кена Кізі і Юрыя Станкевіча (на прыкладзе раманаў “Палёт над гняздом зязюлі” і “Любіць ноч — права пацукоў”)

Дзмітрый Герчыкаў

Канфлікт асобы і грамадства ў творчасці Кена Кізі і Юрыя Станкевіча (на прыкладзе раманаў “Палёт над гняздом зязюлі” і “Любіць ноч — права пацукоў”)

Канфрантацыя асобы і грамадства — актуальны аб’ект літаратурных даследаванняў ва ўсім свеце ўжо не першае дзесяцігоддзе, аднак на айчынных прасторах канфлікт героя і “шэрай масы” асаблівай цікавасці ў…

Літаратурнае аб'яднанне Узвышша

"Узвышша"

“Узвышша” — літаратурна-мастацкі часопіс (“часопісь літаратуры, мастацтва і крытыкі”), створаны сябрамі аднайменнай літаратурнай суполкі. Лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх…

1600