№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Наталля Паваляева

Вірджынія Вулф: Бегучы па хвалях

21 верасня 2010

Вірджынія Вулф: Бегучы па хвалях


Вірджынія Вулф – знакавая фігура ў сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя. І, як у многіх выбітных асобаў, лёс – і прыватны, і творчы – быў у пісьменніцы вельмі няпросты, поўны супярэчнасцяў, радасцяў і трагедыяў, дасягненняў і горкіх расчараванняў. Дзяцінства і юнацтва, праведзеныя ў рэспектабельным доме ў цэнтры Лондана, у атмасферы пакланення мастацтву (госці бацькі, гісторыка і філосафа сэра Лэслі Стывена, – першыя велічыні ў ангельскай культуры таго часу); цудоўная хатняя адукацыя – і рэгулярныя сэксуальныя дамаганні з боку зводных братоў, раптоўная смерць маці, няпростыя стасункі з бацькам і наймацнейшыя нервовыя зрывы, што нярэдка суправаджаліся спробамі самагубства. Блізкія стасункі з жанчынамі – і доўгі і, паводле словаў самой Вірджыніі Вулф, шчаслівы шлюб з журналістам і пісьменнікам Леанардам Вулфам. Прадуктыўная творчая дзейнасць, прыжыццёвае прызнанне – і заўсёдныя сумневы ва ўласных пісьменніцкіх здольнасцях. Хвароба, што знясільвала яе і адбірала ў творчасці каштоўныя сілы і час, і трагічны фінал – самагубства. І бессмяротнасць напісаных твораў. Год ад году колькасць даследаванняў, прысвечаных розным аспектам творчасці Вірджыніі Вулф, расце ў геаметрычнай прагрэсіі, як растуць і шыхты яе даследчыкаў. Аднак гаварыць пра вычарпанасць тэмы пад назвай “феномен Вірджыніі Вулф” наўрад ці хто насмеліцца.

Вірджынія Вулф была наватарам, смелым эксперыментатарам у галіне слоўнага мастацтва, але пры гэтым яна была далёкая ад агульнага адмаўлення традыцыі, як многія яе сучаснікі-мадэрністы. Джэнет Ўінтэрсан адзначае: “Вірджынія Вулф глыбока паважала культурныя традыцыі мінулага, аднак яна разумела, што традыцыі гэтыя патрабуюць перапрацоўкі. Кожнаму новаму пакаленню патрэбнае сваё жывое мастацтва, якое звязанае з мастацтвам мінулага, але не капіюе яго” [5]. Творчыя знаходкі Вулф дагэтуль актуальныя, а самі творы працягваюць адчувальна ўплываць на сучасных аўтараў. Амерыканскі пісьменнік Майкл Канінгем не раз прызнаваўся ў інтэрв’ю, што менавіта чытанне раманаў В. Вулф падахвоціла яго самога да пісьменніцтва, а самы вядомы яго раман – “Гадзіны”, уганараваны Пулітцэраўскай прэміяй, ёсць дэканструкцыяй рамана Вірджыніі Вулф “Місіс Дэлаўэй”, і сама пісьменніца аказваецца адной з гераіняў твора. У раманах сучаснай брытанскай пісьменніцы Алі Сміт знаходзім прыём полінаратыву, які, безумоўна, сягае каранямі ў поліфанічную структуру твораў В. Вулф. Яшчэ адна брытанская пісьменніца – Джэнет Ўінтэрсан – і зусім лічыць сябе сучаснай інкарнацыяй В. Вулф, а яе паэтызаваная проза багатая алюзіямі на творы пісьменніцы-мадэрністкі.

Чытачам усяго свету Вірджынія Вулф вядомая перадусім дзякуючы раману “Місіс Дэлаўэй”, аднак, паводле справядлівага сцверджання многіх даследчыкаў – як расійскіх, так і замежных, – самым складаным, самым эксперыментальным, самым “напружаным” як па паэтыцы, так і па праблемна-тэматычным напаўненні, ёсць раман “Хвалі” (The Waves, 1931).

 

Вядома, што ніводны твор не даваўся Віржыніі Вулф лёгка: яе дзённікавыя запісы – гэта хроніка пакутлівых сумневаў, рэзкіх зменаў творчай актыўнасці і творчага бяссілля, бясконцых перапісванняў і рэдактураў. Аднак раман “Хвалі” пісаўся асабліва цяжка. Гэта было звязана і з тым, што праца над тэкстам, якая пачалася ў 1929 годзе, увесь час перарывалася праз абвастрэнне хваробы, і з тым, што задума патрабавала ад пісьменніцы неверагоднага інтэлектуальнага напружання. Дзённікавыя запісы за перыяд ад 1928 году (час, калі задума будучага рамана яшчэ толькі фармавалася) да 1931 у поўнай меры дазваляюць адчуць, як няпроста рухалася праца.

Першапачаткова Вірджынія Вулф планавала назваць свой раман “Матылькі”. І вось у дзённікавым запісе ад 7 лістапада 1928 В. Вулф піша, што будучы раман мусіць стаць “паэмай-драмай”, у якой можна было б “дазволіць сабе афектацыю”, “дазволіць сабе быць занадта містычнай, занадта абстрактнай” [2, c. 172]. Аднак як ажыццявіць такую задуму? Сумневы адносна формы твора, адносна правільнасці выбару мастацкага метаду суправаджалі пісьменніцу ад першай да апошняй старонкі новага рамана. 28 траўня 1929 яна піша: “Наконт маіх “Матылькоў”. Як мне пачаць? Якой гэтая кніга мусіць быць? Я не адчуваю вялікага пад’ёму, гарачкі, адно невыносны цяжар складанасцяў” [2, c. 177]. Аднак вось іншы запіс, ад 23 чэрвеня таго ж году: “Варта мне задумацца пра “Матылькоў”, і ўсё ўнутры мяне зелянее і ажывае” [2, c. 179]. Прылівы творчае энергіі чаргуюцца з перыядамі поўнага бяссілля. Перашкаджае пачаць паўнавартасную працу пад тэкстам і няўпэўненасць у назве рамана – вось запіс ад 25 верасня 1929: “Учора ранкам я паспрабавала яшчэ раз пачаць “Матылькоў”, але трэба змяніць назву” [2, c. 181]. У кастрычніцкіх запісах таго ж году раман ужо фігуруе пад назвай “Хвалі”. Запісы за 1930 і 1931 гады поўныя супярэчлівых пачуццяў, выкліканых працай над “Хвалямі” – ад імпэту да поўнага адчаю. І вось урэшце, 7 лютага 1931 году: “У мяне усяго некалькі хвілінаў, каб адзначыць, дзякуй Богу, заканчэнне “Хваляў”. Словы “О смерць” я напісала ўсяго чвэрць гадзіны таму. <…> Фізічнае адчуванне перамогі і свабоды! Добра ці кепска – справа зробленая; і, як я адчувала ў першую хвіліну, не проста зробленая, а завершаная, скончаная, сфармуляваная” [2, c. 204]. Аднак гэта быў яшчэ далёка не фінал – рукапіс доўга рэдагаваўся, фрагменты зноў і зноў перапісваліся (толькі пачатак рамана перапісваўся 18 разоў!), а пасля, як і ў выпадку з кожным папярэднім творам В. Вулф, пачынаўся перыяд пакутлівага чакання рэакцыі публікі і крытыкаў на новы твор.

У пэўным сэнсе “Хвалі” сталі спробай выйсці на новы ўзровень, абагуліць усё тое, што было створанае раней, і зрабіць якасны скачок. І ў пісьменніцы гэта атрымалася. У мастацкім плане гэта самы цікавы, самы незвычайны раман В. Вулф, у якім сам тэкст вырываецца за свае відавыя рамкі. У дачыненні ж праблемна-тэматычнага поля можна сказаць, што гучанне такіх скразных для творчасці тэмаў, як самота і пошук самаідэнтычнасці, дасягае тут апагею.

Раман складаны для чытання, і перш за ўсё таму, што гэта не звычайны аповед, забяспечаны ўцямным сюжэтам і сістэмай характараў, а своеасаблівы сінтэз уласна слова, музыкі і жывапісу. Пра тое, што раман апелюе да зроку і слыху, сведчаць ужо першыя старонкі. Адкрывае твор імпрэсіяністычнае апісанне марскога ўзбярэжжа перад узыходам сонца, поўнае фарбаў і гукаў:

Сонца яшчэ не ўзышло. Мора было не адрозным ад неба, але ў мяккіх складках расцягнулася мора, быццам мятае палатно. Неба павольна святлела. Цёмная рыса небакраю адлучыла мора ад неба, і па шэрым палатне замільгалі цёмныя штрыхі, наганялі адзін аднаго, даганялі, рухаючыся несупынна.

Бліжэй да берагу штрыхі раслі, дыбіліся і ападалі, накрываючы белым вэлюмам вады пясок. Хваля замірала на імгненне і зноў імкнула назад, уздыхнуўшы, як дыхае чалавек у глыбокім сне. Паступова цёмная рыса на гарызонце пасвятлела, нібы ў старой бутэльцы віна апаў асадак і празрыстым зрабілася зялёнае шкло. І за той рысай таксама пасвятлела неба, нібыта і тут белы асадак апаў, ці быццам далёка-далёка за гарызонтам жанчына ўзняла ліхтар, і промні белага, жоўтага й зялёнага святла расквецілі яркім веерам неба. Яна падняла свой ліхтар яшчэ вышэй і, падалося, паветра рассыпалася на валокны і адарвалася ад зялёнай паверхні, мільгаючы й палымнеючы чырвонымі й жоўтымі ніцямі, нібы дымныя сполахі агню ў рове вялізнага вогнішча.

А першыя словы герояў рамана – “Я бачу” і “Я чую”. І гэта не выпадкова – раман кожным радком, кожным словам заклікае чытача бачыць і чуць, лавіць кожны вобраз, кожны гук навакольнага свету, бо менавіта так, паводле меркавання В. Вулф, – праз гукі і фарбы – мы і спасцігаем свет.

У рамане шасцёра герояў, і ўвесь тэкст, за выключэннем інтэрмедыяў, у якіх апісваецца адзін дзень ля мора, ад світання да заходу (празрыстая сімволіка: адзін дзень ля мора – гэта чалавечае жыццё, а хвалі – тыя ж людзі: жывуць імгненне, але належаць вечнай стыхіі пад назвай мора, пад назвай жыццё), уяўляе сабой выказванні герояў. То бок можна гаварыць пра тое, што В. Вулф тут зноў узнаўляе поліфанічную структуру, ужо знаёмую па папярэдніх творах. Аднак у “Хвалях” гэтая структура заўважна ўскладняецца. Па-першае, нягледзячы на частае выкарыстанне ўводнага дзеяслова “казаць”, што папярэднічае словам герояў (“Бернард казаў”, “Рода казала” і г.д.), чытач досыць хутка разумее, што выказванні герояў – гэта не выказванні ў звычайным разуменні, то бок не выказванні ўслых, адрасаваныя суразмоўцу. Гэта своеасаблівыя ўнутраныя маналогі, што ўбіраюць у сябе сказанае калісьці ў рэальнасці, падуманае, а таксама ўбачанае і пачутае, але не прамоўленае ні ўслых, ні пра сябе (бо ў рэальнасці далёка не ўсё, што мы бачым і чуем, “прамаўляецца”, то бок увасабляецца ў словах), патаемнае і банальнае – то бок тут мы маем складаную тэкставую субстанцыю, своеасаблівае “ўнутранае гаварэнне”, якое не ёсць ні ўнутраным маналогам у традыцыйным разуменні, ні плынню свядомасці (бо выверанасць фразаў, насычанасць іх паэтычнымі метафарамі, рытмічнасць, алітэрацыі неўласцівыя разрэджанай інфарматыўна і недасканалай фармальна плыні свядомасці). Франчэска Мула называе “Хвалі” “раманам маўчання” (a novel of silence) [4, p. 75], і дадзенае вызначэнне падаецца абгрунтаваным. Героі ў творы гавораць па чарзе, што чыста вонкава стварае ілюзію дыялогу, але сапраўднага дыялогу няма – героі фактычна размаўляюць самі з сабою, што, як і ў рамане “Місіс Дэлаўэй”, ёсць выяўленнем правалу камунікацыі і татальнае самоты людзей сярод падобных да сябе.

Фармальна героі ў рамане праходзяць шлях ад дзяцінства да сталасці, аднак калі ў традыцыйным рэалістычным рамане такі сюжэт суправаджаецца абавязковым развіццём характараў, то тут гэтага не адбываецца. І паказнік гэтага – мова герояў. Лічыцца, што ў пачатку рамана гавораць дзеці, але гэтая мова надта далёкая да звычайнай дзіцячай. Разгледзім такі фрагмент:

Ёсць тут, – казала Джыні, – і ёсць цяпер. Але хутка мы сыдзем. Хутка Міс Кары засвісціць у свісток. Мы рушым. Мы разлучымся. Ты пойдзеш у школу. Твае настаўнікі будуць насіць крыжы і белыя гальштукі. Мая настаўніца ў школе на Усходнім узбярэжжы будзе сядзець пад партрэтам Каралевы Аляксандры. Вось туды я паеду, і Сюзан, і Рода. Ёсць толькі тут, ёсць толькі цяпер. Цяпер мы ляжым пад кустамі парэчак, і кожнага разу ад подыху ветру пярэстымі робяцца нашыя целы. Мая рука скурай падобная да змяі. Мае каленкі – да ружовых плыткіх астравоў. А твой твар нібы яблыня пад накінутай сеткай.

Джыні ў дадзеным выпадку – дзяўчынка гадоў дзесяці, аднак цяжка ўявіць, што дзіця ў такім узросце можа вымавіць глыбока філасофскую фразу “Ёсць толькі тут, ёсць толькі цяпер” ці выкарыстаць такую паэтычную вобразнасць: “Мая рука скурай падобная да змяі”, “каленкі – да ружовых плыткіх астравоў”, “а твой твар – нібы яблыня пад накінутай сеткай”. То бок мова персанажаў – гэта найскладанейшая гібрыдная канструкцыя, ў якой спалучаныя ўсе ўзросты герояў, увесь іх жыццёвы досвед, веданне таго, што будзе, што адбудзецца з кожным з іх, і манера пісьма самой аўтаркі. У кожную секунду гаворыць дзіця і дарослы ў адной асобе, і адчуванне навізны свету лучыцца з ведамі пра яго, набытымі нашмат пазней. З гэтай жа асаблівасцю звязаная і часавая нявызначанасць аповеду. Пры тым, што агульны храналагічны вектар, здаецца, зададзены – ад дзяцінства да сталасці, ад ранку да заходу, час у рамане існуе ў некалькіх іпастасях. Фізічны час “адказвае” за вонкавыя падзеі – гэта сталенне герояў, іх адукацыя, праца, сем’і, дзеці, старэнне і г.д. А ўнутраны час “адказвае” за змест і інтэнсіўнасць жыцця. Гэты ўнутраны час не ведае храналогіі і вымяраецца не падзеямі, а ўспамінамі, пачуццямі, уражаннямі, пахамі, фарбамі, гукамі. Час фізічны – вораг (не паспелі, не збылося, пастарэлі і г.д.), час унутраны – сябар (усё, што было, не сышло, яно з намі, тут і цяпер, у пачуццях, ва ўспамінах, у адчуваннях). У цэлым жа ўсе героі рамана, хай і надзеленыя некаторымі індывідуальнымі рысамі і персанальнымі гісторыямі, уяўляюць сабой не што іншае, як “хвалі ў часе” – гэта людзі ўвогуле, і гавораць яны ад ўсяго чалавецтва. Сама Вулф меркавала, што ў яе рамане ўвогуле няма персанажаў – 5 кастрычніка 1931 году яна зрабіла такі запіс у дзённіку з нагоды водгуку на “Хвалі”, надрукаванага ў “Таймс”: “Дзіўна, што яны (“Таймс”) хваляць маіх персанажаў, калі ў мяне няма ніводнага” [2, c. 210].

Безумоўна, персанажы ў рамане ўсё ж такі ёсць – хаця б таму, што ў іх ёсць імёны, полавая прыналежнасць, хай і эскізна, але ўсё ж пазначаная прыватная гісторыя. Аднак, як марскія хвалі, яны аддзеленыя адно ад аднаго ўсяго толькі на кароткі тэрмін, каб пасля зноў злучыцца ў адзіны струмень. І яднае ўсіх пачуццё самоты і пакутлівы пошук сябе.

Такім чынам: Бернард, Сюзан, Рода, Нэвіл, Джыні, Луіс.

Луіс – аўстраліец, пакутуе ад комплексу непаўнавартаснасці, але ў той жа час упэўнены ва ўласнай перавазе над людзьмі навокал. Комплекс тлумачыцца каланіяльным паходжаннем (аўстралійскі акцэнт, які так мучыць Луіса, ёсць матэрыяльным выяўленнем яго інакшасці сярод карэнных ангельцаў) і тым, што бацька – банкір. Але ў той жа час Луіс вельмі здольны, упарты, і многія навукі, напрыклад, яму даюцца лягчэй, чым астатнім. Луіс – звычайны клерк, аднак сам ён лічыць сябе выбраным, ён адчувае, што цяжар усяго свету ляжыць на яго плячах. Ён закрыты і не дае свайму пачуццю перавагі зрабіцца бачным для тых, хто навокал. Яго шлях самаідэнтыфікацыі зададзены звонку – як і бацька, ён робіцца клеркам у фінансавай установе, і сумневаў у выбраным шляху ў Луіса няма. Аднак заўсёдныя перажыванні героя звязаныя з яго навязлівым жаданнем быць лепшым за ўсіх навокал – ва ўсім.

Сюзан – дачка сельскага святара, увасобленая жаноцкасць, сама зямля. Яе доля – простае шчасце, выяўленае перадусім у мацярынстве: “Я ніколі не буду мець нічога, акрамя звычайнага шчасця. Яно амаль задаволіць мяне. Я буду стомленая класціся ў ложак. Буду ляжаць, нібы поле, то апусцелае, то поўнае сваім ураджаем” [1, c. 101]. У дзяцінстве Сюзан перажывае праз тое, што яна занадта поўная, што ў яе чырвоныя грубыя рукі, якія адразу выдаюць яе сельскае паходжанне. Але пасля яна ператвараецца ў прыгожую, упэўненую ў сабе жанчыну і атрымлівае ўсё, пра што марыла, – вялікую гаспадарку, мужа, дзяцей. Але часам яе наведвае стома ад гэтага “звычайнага шчасця”, і тады ж прыходзіць сумнеў у тым, ці так ужо правільна выбраны шлях.

Бернард – з добрай і, мяркуючы па ўсім, забяспечанай сям’і. Яго характэрныя рысы – назіральнасць, імкненне паглынуць усе ўражанні, якія толькі прапануе навакольны свет, і – галоўнае – расказаць пра іх. Бог Бернарда – слова. Гэта, несумненна, архетыповы вобраз пісьменніка, і не будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што яго голас бліжэйшы за ўсё да голасу самой Вірджыніі Вулф. Бернард увесь час прыдумляе гісторыі, гэта – яго спосаб спасціжэння рэальнасці і ўзаемадзеяння з ёй. Ён, як і астатнія героі рамана, таксама пастаянна задаецца пытаннем “хто я?”, таксама мучыцца пошукам свайго “я”. Асноўнае пытанне, на якое герой шукае адказ, гучыць так: ці існуе ён, Бернард, як цэласная і незалежная асоба, альбо ён кожны раз узнікае наноў толькі сярод людзей, якія слухаюць яго, захапляюцца ім? Аднак сярод усіх герояў Бернард адзін набліжаецца да разумення таго, што ідэнтычнасць – не вынік, а працэс, і заканчваецца ён толькі тады, калі заканчваецца зямное існаванне чалавека.

Нэвіл – складаны комплекс, у якім любоў да парадку спалучаецца з паэтычнай натурай. Яго шлях да набыцця ідэнтычнасці – гэта перадусім любоў. Аднак сам Нэвіл не зусім гэта ўсведамляе, як не ўсведамляе сапраўднай прыроды свае прыхільнасці да Персівала.

Джыні – увасабленне цялеснага пачатку. Яна ўсведамляе сябе і свет праз фізічныя адчуванні – перадусім праз уласнае цела. Ужо ў дзяцінстве яна пастаянна параўноўвае сваё аблічча з абліччам іншых дзяўчынак, а таксама надае шмат увагі адзенню, сукенкам. Джыні ў нейкім сэнсе супрацьлегласць Сюзан: яе пошукі ідэнтычнасці ляжаць па-за такімі сферамі, як шлюб і мацярынства. Джыні – каханка, што не застаецца надоўга з адным і тым жа мужчынам.

Рода – гэта нулявая ідэнтычнасць (nonidentity, як піша Андрэа Харыс [3, p. 26]). Лейтматыў яе ўнутраных маналогаў – адсутнасць твару: “У мяне няма твару. У іншых людзей ёсць, у Сюзан і Джэні ёсць твары, вось яны тут. Іх свет – гэта свет сапраўдны. Рэчы, якія яны падымаюць, цяжкія. Яны кажуць “так” і яны кажуць “не”, а я кідаюся і змяняюся, і за секунду бачная ўсім наскрозь”.

У пэўным сэнсе Бернард і Рода ёсць процілеглымі палюсамі праблемы самаідэнтыфікацыі.

Урэшце, Персівал – вобраз выразна міфалагізаваны. Гэты герой не вымаўляе ў рамане ані слова, аднак ён ёсць найважнейшым стрыжнем усяго аповеду. Усе шэсць герояў па-свойму закаханыя ў Персівала – галоўным чынам таму, што ў ім ёсць тое, чаго, паводле іх меркавання, не хапае ім самім. Персівал – гэта цэласнасць натуры, упэўненасць у сабе, высакароднасць, сіла, воля. Менавіта таму ён – свайго роду цэментавальнае звяно ў суполцы Бернарда, Нэвіла, Луіса, Роды, Сюзан і Джыні. Яго раптоўная пагібель – не толькі наймацнейшае ўзрушэнне і страта для кожнага, але і своеасаблівы пункт новага адліку, пераацэнка сябе і сваіх сяброў.

І, безумоўна, нельга не задацца пытаннем – чаму раман заканчваецца вялікім фрагментам ад асобы Бернарда? Чаму менавіта яму адводзіцца роля рыцара, што кідае выклік самой смерці: “Супраць смерці скачу я: у руках кап’ё, і валасы мае адкідае назад вецер… Я даю шпоры свайму каню. Супраць цябе я іду ў бой, няскораны і непераможны. О, Смерць!” [1, c. 229]. Магчыма, менавіта любоў Бернарда да слова, яго непераадольнае жаданне прыдумляць гісторыі – а значыць, ствараць новыя сусветы – і ёсць той якасцю, што робіць яго непераможным.

Раман “Хвалі”, такім чынам, – гэта паэтычнае выказванне пра тое, што жыццё чалавека – гэта жыццё хвалі, імгненне, але яна ж – часцінка вечнасці, і сутнасць жыцця – у самім жыцці; жывучы, кожны чалавек кідае выклік смерці.

 
 

Крыніцы:

1. Вулф, В. Волны / Вирджиния Вулф // Волны. Флаш. – Пер. с англ. Е. Суриц. – СПб.: Азбука-классика, 2006.

2. Вулф, В. Дневник писательницы / Вирджиния Вулф. – Пер. с англ. Л.И. Володарской; предисл. Е.Ю. Гениевой. – М.: Центр книги ВГБИЛ им. М.И. Рудомино, 2009.     

3. Harris, A. “This difference… this identity… was overcome”: Reintegrating Masculine and Feminine in Virginia Woolf’s The Waves / Andrea L. Harris // Other Sexes. – Albany: State University of New York Press, 2000. – P. 25–62.

4. Mulas, F. Virginia Woolf’s The Waves: A Novel of “Silence” / Francesco Mulas // AnnalSS. – Vol. 2. – 2002. – Pp. 75–94.

5. Winterson, J. Virginia Woolf / Jeanette Winterson. – Electronic resource. – Mode of access: http://www.jeanettewinterson.com/pages/content/index.asp?PageID=7.

Наталля Паваляева

Чытайце таксама

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Крыжовы паход дзяцей №***

Алена Карп

Крыжовы паход дзяцей №***

Іржы Кратахвіл “Ляжаць, шэльма!”. Пераклад з чэшскай Сяргея Сматрычэнкі

1446