Творчасць англамоўнага афрыканскага пісьменніка Дж. М. Кутзэе (J. M. Coetzee, нар. 1940), двойчы лаўрэата Букераўскай прэміі (1983 і 1999), у 2003 годзе — лаўрэата Нобелеўскай прэміі, і беларускага пісьменніка Ю. Станкевіча (нар. 1945) раздзяляюць вельмі адрозныя адна ад адной літаратурныя традыцыі (паўднёваафрыканская і беларуская), у межах якіх працуюць пісьменнікі. Аднак да асобных твораў гэтых пісьменнікаў у іх краінах крытыкі ставяцца амаль аналагічна — абодвух абвінавачваюць у некарэктнасці і змрочнасці, згушчэнні фарбаў і занадта песімістычным адлюстраванні рэчаіснасці (тым не менш, абвінавачанні не перашкодзілі Дж. М. Кутзэе стаць лаўрэатам прэстыжных літаратурных прэмій). Тое, што творы ўспрымаюцца аналагічна, у значнай ступені абумоўлена іх стылёвым і тэматычным падабенствам — у творах абодвух пісьменнікаў прысутнічаюць жорсткія натуралістычныя сцэны, абодва закранаюць пытанні супрацьстаяння розных нацый (расаў), канфрантацыі асобы і грамадства, пратэсту супраць гвалту над асобай.
Цікавымі для параўнання ў гэтым плане падаюцца раманы «У чаканні варвараў» (Waiting for the Barbarian, 1980) Дж. М. Кутзэе і «Любіць ноч — права пацукоў» (1998) Ю. Станкевіча, нягледзячы на тое, што, апроч літаратурнай традыцыі, гэтыя два раманы раздзяляе часавы прамежак у 18 гадоў. У рамане Дж. М. Кутзэе асэнсоўваецца супрацьстаянне Імперыі, створанай прышлымі каланістамі, і аўтахтонных жыхароў, варвараў. У рамане «Любіць ноч — права пацукоў» разглядаецца праблема ўзаемаадносінаў паміж мясцовымі жыхарамі правінцыйнага гарадка Янаўска і прышлымі, бежанцамі, прадстаўнікамі чужога народа, якія, апынуўшыся ў гэтым гарадку, паступова падпарадкоўваюць яго сабе, а праз гэтую праблему — і лёс беларускай нацыі. Яднае раманы імкненне аўтараў асэнсаваць гісторыю праз даследаванне стасункаў людзей розных нацый (расаў), аднак у рамане Дж. М. Кутзэе акцэнт робіцца на прыкмеце спрычыненасці да ўлады: імперцы (заваёўнікі) — варвары (ахвяры), у рамане Ю. Станкевіча — на прыкмеце «тутэйшасці»: свае (мясцовыя жыхары) — чужыя (прыхадні-бежанцы).
У рамане Дж. М. Кутзэе «У чаканні варвараў» прысутнічае і лінейнае, і цыклічнае ўспрыняцце гісторыі. Лінейная гісторыя — гэта гісторыя Імперыі, дакладней — гісторыя, напісаная Імперыяй і ўвасобленая ў вобразе Імперыі. Яна супрацьпастаўленая натуральнаму, цыклічнаму ходу часу: «Яна стварыла асаблівы час — гісторыю. Таму часу, што плаўна цячэ па коле нязменным шэрагам вясны, лета, восені і зімы, Імперыя аддала перавагу гісторыі, часу, які кідаецца зігзагамі, складаецца з узлётаў і падзенняў, з пачатку і канца, з супярэчлівасцяў і катастроф». Паводле Д. Атвэла, які разгледзеў у манаграфіі «Дж. М. Кутзэе: Паўднёвая Афрыка і палітыка творчасці» (J. M. Coetzee: South Africa and the Politics of Writing), «гісторыя як Гісторыя, ці гісторыя-як-міф, робіцца своеасаблівым, інфармацыйным наратывам самой Імперыі, часткова сцвярджаючы і легітымізуючы імперскі тэрарызм». Гэтая гісторыя ствараецца ў адпаведнасці з ідэалагічнымі запатрабаваннямі Імперыі, яна абумоўленая існым ладам і цалкам пабудаваная на прычынна-выніковых сувязях: паколькі варвары рыхтуюць паўстанне, неабходна правесці карную аперацыю, а калі варвары будуць пераможаныя, Імперыя сцвердзіць сваю моц і будзе існаваць далей, непарушная і маналітная. Адпаведна ствараецца вобраз варвараў як ворагаў Імперыі, чыя прысутнасць пагражае гэтай непарушнасці і маналітнасці, аднак такіх варвараў — як дзейснай сілы гісторыі — няма на старонках рамана. Яны з’яўляюцца толькі як палонныя, пабітыя і закатаваныя, ці як здані — армія Імперыі бачыць іх падчас свайго паходу і не можа падысці бліжэй. Такія варвары — гэта імперскі сімулякр, і барацьба з імі — міф, які свядома ствараецца ў межах імперскага дыскурсу. Ва ўяўленні людзей існуе абагулены абстрактны вобраз варвараў як нечага жахлівага, таго, што нясе разбурэнне і смерць: «А тое, што ён варвар, яны зразумелі, бо ён быў вельмі брыдкі».
Гісторыя Імперыі ствараецца наступным чынам — у памежную зону ў сувязі з надзвычайным становішчам у Імперыі прыязджае палкоўнік Джол. Ён вядзе допыт выпадковых палонных — дзеда і хлопчыка, якія ідуць у горад. Пасля з’яўляюцца новыя палонныя і на аснове звестак, атрыманых пад катаваннем (такія ж аперацыі праводзяцца ва ўсёй памежнай зоне), робяцца высновы пра падрыхтоўку паўстання. Імперыя высылае войска для яго падаўлення. Аднак варвары ламаюць імперскі наратыў гісторыі — яны паводзяць сябе неадпаведна схемам, у якія спрабуе ўпісаць іх Імперыя. Яны нібыта знікаюць з гэтага наратыву, гэтым самым разварочваючы ўвесь ход створанай гісторыі (непераможнае войска гіне ў пустэльні і гарах ад голаду і холаду) і ствараюць уласны наратыў новай гісторыі, сцвярджаючы сваю прысутнасць у адзінкавых дзеях — паасобку выразаюць адсталых салдат, адпраўляюць у горад мёртвага салдата, прывязанага да каня.
Імперскі наратыў гісторыі выяўляцца фіктыўным, і яго адмаўленне сведчыць пра канец Імперыі як ідэалагічнага ўтварэння, што трымалася на міфе пра варвараў. Войска і частка жыхароў пакідаюць горад, які, магчыма, праз некаторы час канчаткова апусцее — вада з найбліжэйшага возера, без якой горад не зможа існаваць, паступова робіцца салёнай. Перад тымі, хто застаўся, паўстае праблема выжывання — горад жыве не толькі ў чаканні варвараў, але і ў чаканні голаду і зімовых халадоў.
Гісторыя, якая існуе па-за імперскім дыскурсам, успрымаецца цыклічна. Да такога разумення гісторыі набліжаецца галоўны герой рамана, гарадскі суддзя (Magistrate), які ведае, што чуткі пра нашэсце варвараў з’яўляюцца кожныя 30-40 гадоў. З гісторыяй звязанае захапленне суддзі археалогіяй, і ідэя цыклічнай гісторыі ўвасобленая ў рамане з дапамогай сімвалу руінаў. Дзякуючы раскопкам і вывучэнню старажытнае варварскае цывілізацыі суддзя пачынае па-новаму глядзець на гісторыю. Руіны былога паселішча дапамагаюць яму спасцігнуць гісторыю варвараў да Імперыі і ўспрыняць імперскі наратыў як частку наратыву ўсеагульнага, што значна шырэйшы за яго. Імперыя павінная прайсці праз тое ж кола пераўтварэнняў, праз якое прайшла загінулая цывілізацыя варвараў, і нарэшце апынуцца занесенай пяском. Сама рэчаіснасць патрабуе ажыццяўлення гэтага закона — возера робіцца салёным, што калі-небудзь прымусіць каланістаў пакінуць гэтыя мясціны.
Часавая працягласць гісторыі лінейнай і цыклічнай не супадаюць: лінейная гісторыя — гэта толькі адзін з віткоў гісторыі цыклічнай, які імперцы выцялі з агульнага ходу падзей і надалі яму статус магістральнага і вектарнага. Паколькі тое, што адбывалася на землях Імперыі да іх, ім невядомае, яны выбудоўваюць свой наратыў з нуля. Канец Імперыі — гэта толькі канец лінейнай гісторыі, цыклічная ж будзе працягвацца, бо Імперыя — утварэнне, чужое для гэтых земляў.
У рамане Ю. Станкевіча гісторыя таксама мае два вымярэнні — лінейнае і цыклічнае. Лінейнасць гісторыі звязаная з агульным ходам падзей, якія маюць у сваёй аснове тыя ж прычынна-выніковыя сувязі. Агульны стан нацыі і грамадства, які характарызуецца ў рамане, абумоўлены падзеямі, што адбываліся ў мінулым, а таксама стасункамі людзей у грамадстве: «Чаму гэтыя бежанцы прыйшлі менавіта да нас, а не да літоўцаў, прыкладам, чачэнцаў ці да эстонцаў? а таму, што іх адразу б вытурылі», «яны адзін аднаго жаруць, жор навокал стаіць». Чужынцы выяўляюцца апошнім інструментам гісторыі, які завяршае працэс распаду нацыі, — адносна мірны захоп земляў абумоўлены няздольнасцю людзей абараніць сябе. Такім чынам, чужынцы спрычыняюцца да набліжэння канца гісторыі як канца нацыі, дэтэрмінаванага спосабам існавання людзей у грамадстве і іх шляхах да выжывання. Такая гісторыя ўвасабляецца ў рамане з дапамогай метафары плыні, што прарвалася праз плаціну, «пераплюхнула цераз дамбу», калі спробы змяніць сітуацыю не маюць плёну: «мы сапраўды мусім дарэмна затыкаць гэтую плаціну, якую ўжо прарвала, і ваду назад не вернеш, праўда, а варта, можа, толькі сябе ратаваць».
У той жа час гісторыя мае цыклічны характар — падзеі, не звязаныя паміж сабой, паўтараюцца праз пэўны час. Гісторыя рухаецца ад катастрофы да катастрофы: рэпрэсіі савецкай эпохі (пра іх згадваецца ў дачыненні да біяграфіі Антона Кнігі, былога палітвязня, які правёў 25 гадоў у лагерах за ўдзел у атрадзе самааховы) — Чарнобыль (трагедыя, якая стала прычынай нараджэння хлопчыка-даўнёнка) — чужынская навала. Рух гэты ідзе па спіралі, дзе кожны новы віток перакрывае папярэдні і прыводзіць да ўсё больш трагічных падзей. Памяць пра мінулае сціраецца, бо на першы план выходзіць праблема выжывання, і гэта робіцца адной з прычынаў набліжэння канца. У святле новых падзеяў змяняецца рэцэпцыя падзеяў папярэдніх, у прыватнасці, Чарнобыля: «каб не той Чарнобыль, то нам ужо даўно б гамон быў; панаехалі б з усіх бакоў прыхадні, <...> а так — каму з іх асабліва ахвота ў радыяцыю лезці, а хто лезе — тыя зусім ужо набрыдзь, смецце».
У адрозненне ад рамана Дж. М. Кутзэе, у рамане «Любіць ноч — права пацукоў» часавая працягласць гісторыі лінейнай і цыклічнай супадаюць. Канец нацыі ў дадзеным выпадку абазначае канец і гісторыі лінейнай, і гісторыі цыклічнай, пасля якога магчымае стварэнне толькі новага, чужынскага, наратыву.
Спазнанне гісторыі з’яўляецца адной з тэмаў абодвух раманаў. У рамане Дж. М. Кутзэе гістарычнымі даследаваннямі апантаны суддзя. У яго калекцыі старажытнасцяў асаблівае месца займаюць гліняныя таблічкі, спісаныя нерасчытанымі сімваламі загінулай цывілізацыі. Суддзя спрабуе іх расшыфраваць і скласці ў адно, каб атрымаць суцэльны тэкст альбо карціну, якая адкрые яму таямніцу старажытных надпісаў, аднак усе яго спробы не маюць ніякага выніку. Гэтаксама — праз звядзенне адасобленых падзеяў у адно — спрабуе суддзя зразумець і гісторыю, і параза такіх спробаў сведчыць пра немагчымасць спасцігнуць яе як цэласную карціну, што зробіцца зразумелай, як толькі будзе падабраны адпаведны код. Аднак пазней, падчас спантаннага тлумачэння палкоўніку Джолу сэнсу таблічак, суддзя адкрывае новы спосаб спасціжэння схаванага ў іх сэнсу — ён сцвярджае, што кожны надпіс мае не адно значэнне: «Разам яны ўтвараюць нейкую алегарычную мазаіку. Чытаць іх можна ў любым кірунку. Больш за тое, кожную асобную таблічку можна шматкроць чытаць па-рознаму». Д. Атвэл зазначае, што «калі суддзя “інтэрпрэтуе” таблічкі Джолу, ён не толькі спрабуе пераканаўча абараніць выяўленне пункту погляду варвараў, але і сцвярджае адкрытую неабмежаванасць тлумачэння сэнсаў тэксту». Так суддзя адмаўляе імперскі дыскурс, аднак спазнаць законы гісторыі па-за ім ён не можа. З прачытаннем гісторыі па гліняных таблічках Д. Атвэл звязвае прачытанне яе на целе дзяўчыны, якую катавалі людзі палкоўніка Джола. Суддзя, апантаны дзяўчынай, а дакладней, тымі знакамі, што наклала на яе Імперыя, спрабуе аднавіць ва ўласным уяўленні тое, што адбывалася падчас допытаў у казармах, абсталяваных пад вязніцу. Гісторыя для суддзі, такім чынам, робіцца таямніцай, якую неабходна разгадаць, а без гэтага немагчыма ні спазнаць сябе, ні асэнсаваць сваю ролю ў тых падзеях, што адбываюцца на ўскрайку Імперыі.
У рамане Ю. Станкевіча гісторыя, якая працякае перад вачыма герояў, таксама патрабуе спазнання сваіх законаў, бо прыняць існы лад галоўныя героі не могуць. Яны адмаўляюць рацыянальнасць і справядлівасць таго, што адбываецца (прышэсце чужаніцаў і захоп імі нефармальнае ўлады), аднак знаходзяць тлумачэнне для ўсіх падзей — тэорыю пасіянарнасці Л. Гумілёва, а таксама мінулае знішчэнне генафонду народа. Тэорыя пасіянарнасці перадугледжвае цыклічнасць існавання нацыі і такім чынам дэтэрмінуе яе заняпад, тлумачыць усе ўзніклыя супярэчнасці і робіць канфлікты заканамернымі і неабходнымі — іх немагчыма папярэдзіць і пазбегнуць. Асэнсаванне гісторыі, якое адбываецца шляхам аналізу сітуацыі, што склалася ў краіне, робіцца ў рамане спробай растлумачыць прычыны чужынскага ўварвання. Тлумачэнне падзей можа даць магчымасць прымірыцца з сітуацыяй, што склалася ў Янаўску, аднак герояў не задавальняе такое тлумачэнне, і яны шукаюць прычыны таго, што адбываецца, у ментальнасці людзей, у іх здольнасці да супраціву і ў спосабе барацьбы за выжыванне. Такім чынам, спазнанне гісторыі ў рамане Ю. Станкевіча — гэта не спроба спазнаць сябе, а спроба зразумець сваю нацыю, пры гэтым не асэнсоўваючы сваёй ролі ў апошніх падзеях.
У выніку сваіх даследаванняў гісторыі героі абодвух раманаў спазнаюць некаторыя яе заканамернасці, аднак, вызначыўшы вектар скіраванасці, самі спрабуюць ісці супраць яго. Гарадскі суддзя, пакутуючы ад пачуцця віны перад варварскай дзяўчынай, разрывае стасункі з Трэцім аддзелам і спрабуе вызваліцца ад улады імперскага дыскурсу, нарэшце сам сядае пісаць гісторыю горада. Аднак, паводле вызначэння Д. Атвэла, яго спроба «ідзе не далей за паўтарэнне некаторых двудушных формулаў каланіяльнай ідылічнасці», у сваёй працы над новым наратывам ён не можа выйсці за межы імперскага дыскурсу і спадзяецца, што ўсё зменіцца, калі ён пройдзе апошнія выпрабаванні, што абяцае новая зіма, — магчыма, пасля гэтага ён зможа «пачаць пісаць праўду». І адзінае, што робіць суддзя — вяртае гліняныя таблічкі на месца, каб захаваць іх для наступных пакаленняў. Ён не мае сілы спасцігнуць гісторыю, адпаведна, не можа напісаць яе наноў.
Антон Кніга і Даніла Прусак таксама спрабуюць ісці супраць ходу гісторыі, і гэта выяўляецца ў адкрытым супрацьстаянні навале: «потым будзем разважаць, а сёння ноччу мы павінны іх адолець». Калі суддзя, асэнсоўваючы гісторыю, прыходзіць да разумення сваёй у ёй ролі, не выносіць сябе за яе межы («Я быў увасабленнем усёй той хлусні, якой Імперыя забаўляе сябе, калі на небе няма ні хмурынкі») і бачыць сваё існаванне ўплаўленым у той працэс, які ён сам імкнецца спасцігнуць, то ўсе разважанні герояў Ю. Станкевіча адносна нацыі не закранаюць іх непасрэдна. Герой Дж. М. Кутзэе не здольны стварыць новы наратыў па-за паноўным дыскурсам, героі Ю. Станкевіча выбудоўваюць уласны наратыў і самі ж імкнуцца выйсці за яго межы, зняпраўдзіць яго (і апынуўшыся па-за ім, маюць шанец на часовую перамогу). Аднак яны, як і герой Дж. М. Кутзэе, не дасягаюць поўнай перамогі, то бок не пазбаўляюцца цалкам улады таго дыскурсу, што пануе ў свядомасці.
Такім чынам, у рэцэпцыі гісторыі ў рамане Дж. М. Кутзэе «У чаканні варвараў» і рамане Ю. Станкевіча «Любіць ноч — права пацукоў» можна вылучыць наступныя моманты:
1. Успрыняцце гісторыі як лінейнага і як цыклічнага працэсу, аднак у рамане Дж. М. Кутзэе лінейная гісторыя — гэта толькі асобны віток гісторыі цыклічнай, а ў рамане Ю. Станкевіча яны супадаюць па часавай працягласці.
2. Усведамленне канца гісторыі (лінейнай) як гісторыі Імперыі (у рамане Дж. М. Кутзэе) і канца гісторыі (лінейнай і цыклічнай) як гісторыі нацыі (у рамане Ю. Станкевіча).
3. Асэнсаванне гісторыі робіцца адной з тэмаў абодвух раманаў: у рамане «У чаканні варвараў» спазнанне гісторыі, якое адбываецца праз спробы расшыфраваць знакі на старажытных гліняных таблічках і на целе дзяўчыны, з’яўляецца неабходным для спазнання сябе, сваёй ролі ў падзеях, што адбываюцца ў Імперыі, і свайго прызначэння; у рамане «Любіць ноч — права пацукоў» асэнсаванне гісторыі адбываецца праз аналіз падзей у Янаўску і робіцца спосабам спазнання сваёй нацыі.
4. Героі абодвух раманаў спрабуюць ісці супраць ходу гісторыі, аднак гарадскі суддзя ў рамане Дж. М. Кутзэе, у адрозненне ад герояў Ю. Станкевіча, не выносіць сябе за межы паноўнага дыскурсу.
Літаратура:
1. Кутзее, Дж. М. В ожидании варваров / Дж. М. Кутзее // В ожидании варваров: Романы. — СПб.: Амфора, 2004. — С. 7 — 246.
2. Станкевіч, Ю. Любіць ноч — права пацукоў / Ю. Станкевіч // Апладненне ёлупа: раманы, аповесці, апавяданні. — Мінск: Рэд. газ. “Настаўн. газ.”, 2005. — С. 236 — 326.
3. Attwell, David. J. M. Coetzee: South Africa and the Politics of Writing [Электронны рэсурс] / David Attwell. — Berkley Cape Town: University of California Press David Philip, 1993. — Рэжым доступу: http://ark.cdlib.org/ark:/13030/ft5k4006q3/. — Дата доступу: 20.04.2007.
© Ганна Янкута, 2010