№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Шупа

Трыюмф афрыканскай культуры

10 траўня 2011

Трыюмф афрыканскай культуры


З нагоды атрымання Ўоле Шоінкам Нобелеўскай прэміі ў 1986 годзе

 

16 кастрычніка 1986 году ў Стакгольме а 13-й гадзіне паводле мясцовага часу сакратар Шведскай акадэміі Ларс Юленстэн урачыста абвясціў імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1986 год. Гэтай вялікай падзеі ў сусветным літаратурным жыцці папярэднічалі, як звычайна, шматлікія прагнозы і спекуляцыі ў прэсе. Хто ж прэтэндаваў на гэтую, бадай, адну з самых прэстыжных у свеце, літаратурную ўзнагароду?

Сярод кандыдатаў называлася французская пісьменніца Маргерыт Юрсэнар. Дарэчы, пачынаючы з 1901 году сярод 82 лаўрэатаў прэміі было толькі 6 жанчын. Ніводнага разу за гісторыю існавання прэміі не ўшаноўваліся прадстаўнікі Афрыкі, і меркавалася, што ўрэшце гэтая традыцыя парушыцца — у спісах прэтэндэнтаў былі нігерыйцы Чынуа Ачэбэ і Ўоле Шоінка, сенегальскі пісьменнік Леапольд Седар Сенгор, а таксама прадстаўнікі ПАР — Надын Гордымер, Эндру Брынк і Брэйтэн Брэйтэнбах. Азіяцкі кантынент прадстаўлялі Р. К. Нараян (Індыя), Ясусі Іноўэ (Японія), Па Кінь і Дзін Лін (КНР). Дарэчы, наяўнасць сярод чальцоў Акадэміі сінолага давала падставы спадзявацца, што лаўрэатам упершыню стане кітайскі літаратар. Як заўсёды, сярод прэтэндэнтаў не бракавала еўрапейцаў — Грэм Грын, Гюнтэр Грас, Фрыдрых Дзюрэнмат і іншыя.

І вось выбар Акадэміі абвешчаны — лаўрэатам стаў нігерыйскі драматург, раманіст, паэт і літаратурны крытык Ўоле Шоінка. Такім чынам, упершыню прэмія (гэтым разам 294 тысячы даляраў) дасталася афрыканцу, прадстаўніку чорнай расы. Паводле афіцыйнай матывацыі Акадэміі, прэмія прысуджаная “за яго творчасць, якая разгортвае ў шырокай культурнай перспектыве, узбагачанай паэтычным гучаннем, драматычны спектакль чалавечага існавання”.

Ў. Шоінка, які кандыдаваў на Нобелеўскую прэмію пачынаючы з 1974 году, лічыцца крытыкамі яркім прадстаўніком сучаснай афрыканскай культуры, найбуйнейшым англамоўным пісьменнікам Афрыкі. Нарадзіўся Ўоле Шоінка (поўнае імя — Акінуандэ Олуўоле Шоінка) 13 чэрвеня 1934 году ў горадзе Абэокута на паўднёвым захадзе Нігерыі ў буржуазнай сям’і. Там, у жывой этнакультурнай стыхіі народа яруба, прайшло яго дзяцінства. У 1952 годзе ён паступіў ва ўніверсітэцкі каледж у Ібадане, горадзе на паўднёвым захадзе Нігерыі, важным асяродку зараджэння нацыянальнай нігерыйскай інтэлігенцыі. Праз два гады ён пераязджае ў Вялікабрытанію і вучыцца (1954—1957) ва ўніверсітэце ў Лідсе на аддзяленні ангельскай філалогіі, дзе пазней атрымлівае ступень доктара. Захапляецца тэатральным мастацтвам і, перасяліўшыся ў 1957 годзе ў Лондан, працуе ў адным сталічным драматычным тэатры. У 1960 годзе, атрымаўшы стыпендыю Ракфелера, вяртаецца ў Нігерыю, каб вывучаць афрыканскае драматычнае мастацтва. Выкладае драматургію ў некалькіх нігерыйскіх універсітэтах, засноўвае тэатральную трупу “Маскі”. Падчас грамадзянскай вайны 1967—1970 гг. вядзе актыўную палітычную дзейнасць, выступае ў друку з артыкуламі, дзе заклікае да нацыянальнага замірэння. У 1967 годзе абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з паўстанцамі Біяфры і праводзіць 22 месяцы ў турме як палітзняволены. У 1969 годзе выходзіць з турмы, працуе дырэктарам драматычнай школы пры Ібаданскім універсітэце, дзе вядзе курс тэатральнага мастацтва, пасля рэдагуе часопіс “Трэнзішн”, што выходзіць у Акры (Гана). 3 1975 году прафесар параўнаўчага літаратуразнаўства ва ўніверсітэце ў Іфэ. Чытаў лекцыі ў Кембрыджы, Шэфілдзе, Ейлі. У 1985 годзе выбраны прэзідэнтам Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА (з таго часу жыве ў Парыжы). 3 верасня 1986 году — чалец Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры. Ў. Шоінка — ініцыятар стварэння Саюза пісьменнікаў афрыканскіх народаў.

Творчасць Ў. Шоінкі вызначаецца плённасцю і разнастайнасцю. Найбольш ён вядомы як выдатны драматург. Яго п’есы адкрылі свету творчасць паслякаланіяльнай Афрыкі, а яго самога з поўным правам называюць “чорным Арыстафанам”. Выступае ён і ў іншых літаратурных жанрах — у яго даробку побач з двума дзясяткамі п’ес ёсць яшчэ тры раманы, тры паэтычныя зборнікі, кніга эсэістыкі і літаратурнай крытыкі, тры кінасцэнары. Свой творчы шлях Ў. Шоінка распачаў у Лондане, дзе напісаў і паставіў свае першыя п’есы: “Леў і перлінка” і “Насельнікі дрыгвы” (1958). У гэтых п’есах гучыць пратэст супраць аджылага жыццёвага ладу, сатырычна паказваецца сутыкненне старой і новай Афрыкі, высмейваецца сляпое наследаванне заходняй цывілізацыі. У наступных п’есах — “Танец лесу” (1960, прысвечаная абвяшчэнню незалежнасці Нігерыі), “Выпрабаванні брата Джэро” (1964), “Трывалы род” (1964), “Дарога” (1965), “Жніво Конгі” (1967) — у сатырычна-гратэскнай форме крытыкуюцца негатыўныя з’явы ў нігерыйскім грамадстве. У першым сваім рамане “Інтэрпрэтатары” (1965) Ў. Шоінка выкрывае карупцыю ў чыноўніцкім апараце, крытыкуе крайнія формы афрыканскага нацыяналізму, выступае супраць усяго таго, што ўрэшце прывяло да крывавых замяшанняў канца 1960-х гадоў. Гэты раман-папярэджанне, які крытыкі па складанасці параўноўваюць з творамі Дж. Джойса і Ў. Фолкнэра, атрымаў у 1968 годзе міжнародную літаратурную прэмію Джона Кэмпбела. У зняволенні (1967—1969), скраўшы ў турэмнага лекара аловак, Шоінка піша вершы, а таксама сваю самую вострую і балючую кнігу — раман-дзённік “Чалавек памёр” (выйшла ў Нью-Ёрку ў 1972 годзе). Кнігу склалі разважанні пра вайну і чалавечую годнасць, гутаркі са зняволенымі і вартаўнікамі, запісы допытаў. “Чалавек памірае кожны раз, калі нехта з нас змоўчыць перад тыранам”, — так гучыць галоўная думка, выказаная аўтарам у гэтай кнізе. Пасля вызвалення аўтар працягвае літаратурную дзейнасць. Выходзяць раман “Час беззаконня” (1973), п’есы “Вар’яты і спецыялісты” (1971), “Смерць і каралеўскі конюх” (1975), другі зборнік паэзіі “Чаўнок у схованцы” (1972, напісаны ў турме; першы зборнік “Іданрэ і іншыя вершы” датуецца 1967 годам), аўтабіяграфічная аповесць “Аке. Дзіцячыя гады” (1981). Далей выходзяць п’есы п’есы “Гульня волатаў” (1984) і “Рэквіем для футурыста” (1985).

Ўоле Шоінка чэрпае натхненне ў багатых традыцыях афрыканскага народнага тэатральнага мастацтва з уласцівым яму перапляценнем танца, музыкі і дзейства. У яго творах знаходзіць адлюстраванне рэлігійная міфалогія народа яруба. Разам з тым, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Еўропе, пісьменнік далучыўся да культурных здабыткаў еўрапейскай цывілізацыі, што мела ўплыў на яго творчасць, перш за ўсё паэтычную. Ў. Шоінка выдатна ведае заходнюю літаратуру і вядомы як аўтар ці не найпрыгажэйшых паэтычных драмаў на ангельскай мове. Усё гэта спрычынілася да таго, што ў сваіх творах Ў. Шоінка спалучае спрадвечную афрыканскую культуру і сучаснасць, апісвае бязладдзе, што ўзнікае, калі духі продкаў, лясныя багі і дэманы сутыкаюцца з жыццём сучасных людзей, з палітыкай, бюракратыяй, тэхнікай, сродкамі масавай інфармацыі. Ён асуджае Захад за бяздумны матэрыялізм, а сваіх афрыканскіх землякоў — за варварства і карупцыю. Такім чынам, як мастак ён аказаўся на нічыёй зямлі, між дзвюма супрацьборнымі культурамі.

Нягледзячы на сусветнае прызнанне і папулярнасць, рэцэпцыя творчасці Шоінкі на яго радзіме да самага апошняга часу вылучалася асцярожнасцю. На працягу апошніх дзесяці гадоў левадагматычная нігерыйская крытыка новага пакалення літаратараў рабіла Шоінку закіды ў тым, што ён не прытрымліваецца “рэвалюцыйнай лініі марксісцкай эстэтыкі” ў сваёй творчасці, што ён “недастаткова левы”. У адказ пісьменнік бароніць правы на свабоду творчасці, не абмежаваную ідэалагічнымі рамкамі. Такія нігерыйскія пісьменнікі, як Фэмі Асофісан, Біёдун, Джэйфо, прызнаючы, што яны шмат чаму навучыліся ў Шоінкі і аддаючы належнае яго майстэрству, у той самы час крытыкуюць яго за кансерватызм, за “адсутнасць выразнай палітычнай пазіцыі”, яны бачаць у яго творах глыбокі песімізм, нявер’е ў магчымасць абнаўлення і перабудовы грамадства. Сам Ў. ІІІоінка ў адным з інтэрв’ю выказаў сваю пазіцыю наступным чынам: “Нават пасля рэвалюцыі жменьцы людзей трэба стаяць убаку і падвяргаць сумненню кожны крок новага рэжыму. Як пісьменнік я нясу асаблівую адказнасць перад сваім народам”.

Як ужо адзначалася, Ўоле Шоінка піша па-ангельску (а вершы — і на мове яруба). Ён тлумачыць гэта тым, што “Нігерыя — шматмоўная краіна, каланізаваная заходняй дзяржавай, і ангельская мова стала адным з важных элементаў нацыянальнай еднасці, як, між іншым, у іншых краінах-калоніях партугальская або французская”. Мова твораў Шоінкі высока ацэньваецца крытыкамі, ёй уласцівыя стылістычная насычанасць і багацце слоўніка. Са сваёй схільнасцю да філасофскіх разважанняў і з мовай, стылістычны дыяпазон якой сягае ад слэнгу вялікіх нігерыйскіх гарадоў да ангельскай барочнай паэзіі, Ўоле Шоінка не мае канкурэнтаў на афрыканскай літаратурнай сцэне.

У адным са сваіх першых інтэрв’ю адразу пасля абвяшчэння прысуду Шведскай акадэміі Ў. Шоінка сказаў, што гэта гістарычны жэст, зварот да таго рэгіёна свету, які заўсёды абыходзілі ўвагай. Прысуджэнне гэтай прэміі — гэта прызнанне афрыканскага творчага генія, на які шмат стагоддзяў глядзелі як на нешта выключна экзатычнае, што стаіць па-за рамкамі сусветнай культуры. Пісьменнік адзначыў, што яго прэмія — узнагарода ўсёй афрыканскай літаратуры, усёй афрыканскай культурнай традыцыі, спадкаемцам і прадстаўніком якой ён з’яўляецца.

 

Упершыню надрукавана ў часопісе “Далягляды”, 1988.

© Сяргей Шупа, 1988

Чытайце таксама

Спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць

Уладзімір Сіўчыкаў

Спачатку было не натхненне, а вытворчая неабходнасць

Першыя тры гады я правучыўся ў Жодзінскай школе-інтэрнаце і не скажу, што чытанне тым часам заўсёды прыносіла асалоду. Нават у трэцякласніка па сьпіне часам прабягаў халадок перад здачаю чарговае кнігі…

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

15 студзеня 2009 года расійскі часопіс «Замежная літаратура» абвясціў імёны лаўрэатаў сваёй штогадовай прэміі. Сярод уганараваных часопісам – Алена Калашнікава (Елена Калашникова), аўтар зборніка інтэрв’ю…

Раман пра ружу ці ружовы раман?

Зміцер Каханьскі

Раман пра ружу ці ружовы раман?

У гэтым артыкуле здзейсненая спроба агляду і аналізу аднаго з найбольш папулярных – не толькі сярод недасведчаных паненак і спрактыкаваных, але стомленых праз шэрую будзённасць кабет, – жанраў масавай…

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

Ева Лявонава

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

З ласкавага дазволу аўтара мы змяшчаем тут поўную электронную версію кнігі: Лявонава Е. А. Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт: Дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта...

1047