№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Душан Тарагел

Як узнікае хіт: “Розум” Рудольфа Слобады

25 кастрычніка 2012

Як узнікае хіт: “Розум” Рудольфа Слобады


Калі ў 1982 годзе ў славацкіх кнігарнях з’явіўся раман пісьменніка Рудольфа Слобады “Розум”, мала хто падазраваў, што ў свет выйшаў адзін з ключавых твораў славацкай літаратуры ХХ стагоддзя. Аднак хапіла пары месяцаў, каб пра кнігу разнеслася пагалоска — усім хацелася прачытаць раман, у якім аўтар прызнаваўся, што ён забіў сякерай свайго сабаку і збівае ўласную жонку.

Многія чытачы гэты твор ператравіць не змаглі, шмат хто дзівіўся, як ён наогул мог выйсці. Для іншых — і яны былі ў меншасці — раман стаўся подыхам свежага паветра ў славацкай літаратуры.

Пасля дзесяці гадоў нармалізацыі, калі выдаваліся адно раманы, што поўніліся “пазітыўнымі” героямі ды будаўнікамі сацыялізму, то бок псеўдагістарычнай куламесай, раптам паўстала нешта, што не было ні пазітыўным, ні аптымістычным. Хутчэй наадварот.

“Пішу сваё жыццё”

“Пачынаючы з лютага, калі я зрабіў апошні запіс у дзённіку, я пішу, па ўсім відаць, раман, які пакуль не мае загалоўку. Я на старонцы 230 — і гэта магло б мяне супакоіць, але нейкі агонь увесь час няспынна штурхае мяне ўплятаць у яго новыя эпізоды”. Гэтым сказам 9 жніўня 1980 году пачынае свой дзённікавы запіс Рудольф Слобада.

На той час саракагадовы пісьменнік ужо амаль паўгоду інтэнсіўна працаваў над раманам, які пазней атрымаў назву “Розум”. За год да гэтага ад раку памёр ягоны бацька, якога ён вельмі любіў. Сямейнае жыццё Слобады дало расколіну, за плячыма ён меў лячэнне ад алкагалізму ў дыспансеры, яго мучылі страўнікавыя язвы, а на службе, дзе ён працаваў сцэнарыстам і драматургам, яго ўсе ўспрымалі як блазна.

Слобада напоўніцу перажываў тое, што сёння называюць модным тэрмінам “крызіс сярэдняга веку”. У яго была дамоўленасць з выдавецтвам пра здачу рукапісу рамана, таму ён узяўся за напісанне без выразнага разумення, пра што будзе пісаць.

Аднак ён вырашыў падысці да стварэння рамана як да псіхатэрапіі і выпісаць з сябе ўсё, што яго мучыла.

Гэта праўда?

Увесь твор, за выняткам некалькіх эпізодаў, вельмі аўтабіяграфічны: Слобада перастаў рабіць запісы ў дзённіку (выбранае з дванаццаці дзённікавых сшыткаў выйшла ў 2002 годзе) і замест іх вольна пісаў раман пра сваё жыццё. Пасля выхаду кнігі многія недаверліва пыталіся: гэты Слобада сапраўды б’е сваю жонку? Ён сапраўды жыве ў нейкай халупе над Дзевінскай Новай Вессю? Ён насамрэч забіў свайго сабаку сякерай?

Яго аповед такі шчыры і самабытны, што слабейшыя натуры нават не дачытваюць кнігу да канца, бо яна здаецца ім безгустоўнай і самавыкрывальнай. Слобада, быццам у нейкае імгненне ўсвядоміўшы, што пераходзіць усе межы, аздобіў тэкст прыдуманай гісторыяй пра нейкага Яна Годжу, якога забівае жонка Уршуля.

Аднак увесь раман грунтуецца на аповедзе безыменнага саракагадовага мужчыны, які намагаецца стварыць сцэнар фільма і пры гэтым вырашае ўласныя сямейныя праблемы з жонкай, хворай на шызафрэнію, з дачкой-падлеткам, з суседзямі і калегамі на працы. Вядома, урэшце ён не вырашае нічога, а хутчэй наадварот — дзякуючы свайму “розуму” яшчэ больш усё ўскладняе.

У загараднай хацінцы ў Дзевінскай Новай Весі Слобада з жонкай жыў з сярэдзіны сямідзясятых да самай смерці.

Жыццё за сацыялізмам

Прыгажосць стылю Слобады, аднак, палягае не толькі ў яго наіўнай шчырасці, калі ён, як дзіця, балбоча ўсё, што прыйдзе ў галаву. Жорсткія і суровыя сцэны ён ураўнаважвае самаіроніяй і адметным “падпарогавым” гумарам, які спрацоўвае і сёння, праз трыццаць гадоў пасля першага выдання кнігі.

Спадарожным эфектам рамана Слобады ёсць і тое, што ў ім аўтар пахаваў вобраз пісьменніка, у які многія з радасцю верылі (як чытачы, так і самі аўтары) — вобраз мудрага айца, які ўмее быць і строгім, і ласкавым, вобраз сумлення нацыі, мастака. Замест яго Слобада паказаў алкаголіка, няздольнага прывесці да ладу ўласнае жыццё, які фактычна ўмее толькі балбатаць. Многія калегі не здолелі яму гэтага дараваць, але ў значна большай ступені яму не змаглі дараваць нечаканага поспеху кнігі ў чытачоў.

Пакуль камуністычныя пісьменніцкія функцыянеры апамяталіся, было ўжо позна — кнігу раскупілі, і ім заставалася толькі дзівіцца, як такое праслізнула ў іх між пальцаў. У кнізе Слобады не было ані следу таго пазітыву, што нёс людзям сацыялізм — усе жылі ў нейкай дзіўнай матэрыяльнай і душэўнай нястачы, зайздросцілі адно аднаму, адно аднаго абгаворвалі, усе бясконца хварэлі, лянотна валяліся ў ложках і ўжо зусім не марылі пра лепшае заўтра. Ды такі “твор” ніколі не мусіў выходзіць!

“Розум” forever

Некалькі рэцэнзентаў аблілі кнігу брудам, аднак станоўчых (хоць і асцярожных) рэцэнзій было ўсё ж болей. “Розум” шматразова перавыдаваўся, быў перакладзены на многія мовы, і Слобада нарэшце дачакаўся прызнання, якога так доўга прагнуў: ён даваў інтэрв’ю, хадзіў на гутаркі, па яго творчасці пісалі навуковыя працы, рэцэнзіі.

Аднак вельмі хутка пісьменнік нацешыўся славай і пазней з прыкрасцю мусіў прызнаць, што для чытачоў ён назаўжды застанецца пісьменнікам, які забівае сабак, душыць катоў і б’е сваю жонку.

У дзённіку, які ён старанна пісаў да канца жыцця, зацемак, прысвечаных творчасці, з’яўлялася ўсё меней, ягоныя дэпрэсіі рабіліся ўсё мацнейшымі, а радасць яму прыносіла толькі ўнучка Магдаленка. У верасні 1995 году Рудольф Слобада ў сваёй загараднай хацінцы павесіўся. Парадаксальна, але гэта адбылося на вяршыні ягонай славы, калі ў яго выходзілі кнігі, а тэатр “Астарка” рыхтаваў прэм’еру другой ягонай п’есы. Усе развагі пра жыццё і смерць, якімі поўніцца “Розум”, Слобада нібыта спраўдзіў гэтым жэстам.

пераклад са славацкайСвятлана Богуш

Перакладзена паводле: http://kultura.sme.sk/c/6277641/ako-vznika-hit-rozum-rudolfa-slobodu.html

Чытайце таксама

Іерусалімская прэмія «Свабода асобы ў грамадстве» 2008

Іерусалімская прэмія «Свабода асобы ў грамадстве» 2008

21 студзеня гэтага года стала вядомае імя аўтара, які ў сакавіку атрымае прэстыжную Іерусалімскую прэмію. Ім стаў вядомы японскі пісьменнік Харукі Муракамі, аўтар бэстсэлераў «Нарвежскі лес» і «Пагоня…

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

15 студзеня 2009 года былі абвешчаны пераможцы двух вышэйшых літаратурных узнагародаў Японіі. Прэмію Акутагава, якая ў гэтым годзе ўручалася ў 140 раз, атрымала маладая пісьменніца Кікуко Цумура за свой…

Грузіце кнігі ў трэйлеры!

Грузіце кнігі ў трэйлеры!

На Захадзе, у адрозненне ад нашых ніваў, ніхто не сумняецца, што кнігі рэкламаваць трэба. Рабіць жа гэта можна па-рознаму. Пра кнігі можна пісаць у газетах, даваць інтэрв’ю на радыё і тэлебачанні, сустракацца…

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

1213