№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дзмітрый Герчыкаў

Канфлікт асобы і грамадства ў творчасці Кена Кізі і Юрыя Станкевіча (на прыкладзе раманаў “Палёт над гняздом зязюлі” і “Любіць ноч — права пацукоў”)

19 траўня 2013

Канфлікт асобы і грамадства ў творчасці Кена Кізі і Юрыя Станкевіча (на прыкладзе раманаў “Палёт над гняздом зязюлі” і “Любіць ноч — права пацукоў”)


 

Канфрантацыя асобы і грамадства — актуальны аб’ект літаратурных даследаванняў ва ўсім свеце ўжо не першае дзесяцігоддзе, што абумоўлена надзённасцю гэтай праблемы ў жыцці кожнага чалавека (згадаем мноства вельмі шырокіх па геаграфіі сацыяльна-псіхалагічных твораў акрэсленай тэматыкі, якія не знікаюць з паліц кніжных крамаў). Аднак, што парадаксальна, на айчынных прасторах канфлікт героя і “шэрай масы” асаблівай цікавасці ў навукоўцаў не выклікае (пад дадзенае абагульненне не трапляюць творы беларускай літаратуры экзістэнцыяльнага кірунку, напрыклад, спадчына Васіля Быкава канца ХХ стагоддзя, дзе мастацкія сродкі і прыёмы, выкарыстаныя аўтарам, наўмысна правакуюць адрасата на максімальна магчымае “рэагаванне ў адказ”).

Нягледзячы на розніцу ў часе напісання раманаў Кена Кізі “Палёт над гняздом зязюлі” (1962) і “Любіць ноч — права пацукоў” (1998) Юрыя Станкевіча, кампаратыўны аналіз твораў падаецца мажлівым з дзвюх прычынаў:

1) айчынная літаратура развіваецца з адставаннем у крэатыўна-мастацкім часе ў параўнанні з еўрапейскай альбо амерыканскай (прычыны гэтага трэба шукаць у гістарычна-палітычным развіцці краіны);

2) абедзве кнігі зрабіліся сапраўднымі вехамі ў гісторыі нацыянальных літаратураў адпаведнага “новага” часу. З выхадам у свет “Палёту над гняздом зязюлі” на К. Кізі абрынулася сапраўдная слава. Гэта быў не поспех і нават не літаратурны трыюмф — пісьменнік зрабіўся прарокам двух пакаленняў, культавай фігурай новай амерыканскай субкультуры, адным са стваральнікаў альтэрнатыўнай філасофіі жыцця. Доказам служаць пяць узнагародаў амерыканскай акадэміі кінамастацтваў “Оскар”, што атрымалі ўдзельнікі экранізацыі рамана: чэшскі рэжысёр Мілаш Форман і акторы Джэк Нікалсан і Луіза Флэтчэр. Што да рамана Юрыя Станкевіча “Любіць ноч — права пацукоў”, то ён імгненна выклікаў цікавасць у чытачоў і крытыкаў пасля сваёй публікацыі. Газета “Літаратура і мастацтва” ад 1 студзеня 1999 адразу назвала рукапіс “адным з самых мужных, праўдзівых і сумленных твораў, што пабачылі свет апошнім часам” [1]. Не менш яскрава выказалася Святлана Алексіевіч, якая на старонках той жа газеты напісала: “<кніга> — самая яркая з’ява ў айчыннай прозе за 1999 год... У беларускай літаратуры з’явіўся твор еўрапейскага ўзроўню” [1].

Складанасць вызначэння праблематыкі працы заключаецца ў мностве аспектаў, з якіх фармуецца канфлікт. Драбленне ўвагі на састаўныя фрагменты супрацьстаяння асобы і грамадства ў раманах немінуча прывядзе да “вонкавага” аналізу зместу. Мы ж ставім сабе за мэту выдзеліць і разгледзець асаблівасці “ўнутранага” сутыкнення калектыўнага і індывідуальнага светапоглядаў, акцэнтаваць увагу на агульным і адрозным у характары іх структуры на прыкладзе супрацьстаяння асобы і грамадства ў творах аўтараў палярнага светапогляду і ментальнасці.

                           

 Рускі літаратуразнаўца В. Халізеў вылучае два тыпы сюжэтнага канфлікту: “Па-першае, супярэчнасці лакальныя і часовыя; па-другое — устойлівыя канфліктныя станы” [4, с. 251]. Адметна, што ў абодвух раманах мы сутыкаемся з устойлівымі супярэчнасцямі (тып №2), якія “мысляцца і ўзнаўляюцца нявырашанымі ў межах адзінкавых жыццёвых сітуацый альбо не маюць вырашэння ў прынцыпе. У канфліктах такога кшталту (іх правамерна называць субстанцыяльнымі) няма відавочна акрэсленага пачатку ці заканчэння; яны нязменна і стала прысутнічаюць у жыцці герояў і складаюць пэўны фон і свайго роду акампанемент адлюстраванай рэчаіснасці ў творы” [4, с. 256].

Базай для выдзялення агульных элементаў у мастацкім канфлікце твораў зрабіўся той факт, што сутыкненне асобы і грамадства, якое нас цікавіць, — гэта не “выток драмы ў іх <герояў> жыцці, а толькі адзін з выпадкаў, у якім гэтая драма выявілася” [4, с. 256]. Паспрабуем акрэсліць арэал ідэнтычных прыёмаў, якія выкарысталі аўтары для стварэння мастацкай калізіі:

1. Адарванасць ад канкрэтнай прасторава-часавай рэчаіснасці падкрэсліваецца абмежаванай (і, што немалаважна, няіснай) прасторай месца дзеяння, што дазваляе пісьменніку вольна інтэрпрэтаваць жыццёвыя факты з мэтай суб’ектыўнай факусацыі ўвагі на найбольш актуальных праблемах грамадства. Так, Ю. Станкевіч абірае арэалам для разгортвання падзей правінцыйнае мястэчка Янаўск, заселенае пераважна рускамоўнымі вайскоўцамі і ваеннымі пенсіянерамі. Населены пункт увабраў увесь магчымы негатыў “урбаністычнага” жыцця канца 1990-х — пачатку 2000-х: п’янства, наркаманія, падлеткавая злачыннасць і г.д. Для К. Кізі літаратурным “палігонам” робіцца псіхіятрычная клініка на поўдні Злучаных Штатаў, якая ўяўляе мініяцюрную амерыканскую дзяржаву-антыўтопію: адсутнасць выбару, татальны кантроль, вонкавая бездакорнасць сістэмы.

2. “Маналітная” арганізаванасць жыццёвых плыняў асобаў. І Даніла Прусак, і Рэндл Макмэрфі ўцягваюцца ў барацьбу супраць навакольнай сістэмы не па сваёй волі. Аднастайны і памяркоўны лад жыцця героя (бо для ірландца існаванне “на мяжы фолу” таксама паступова ператваралася ў руціну) раптоўна перарываецца. Але пазначыць дакладны пачатак “вайны” немагчыма. Разуменне ўласнай неўладкаванасці ў наваколлі прыходзіць да галоўных дзейных асобаў паступова праз пераацэнку маральных каштоўнасцяў. Такія пошукі ўласнага “я” прыводзілі калег К. Кізі і Ю. Станкевіча да сумных высноваў: “Калі твае уласнае жыццё вісіць на нітцы, спачуванне адразу ж саступае месца жудаснаму эгаістычнаму пачуццю — празе самазахавання” [3, с. 141]. Аднак аўтары адмаўляюцца ад банальнага, найпрасцейшага і ўжо чаканага чытачамі ходу падзей і абіраюць новы шлях развіцця канфлікту.

3. Змагаючыся супраць аднолькавых ворагаў — вонкавага (для Макмэрфі гэта сястра Брыдэр, для Прусака — прыхадні з поўдня) і ўнутранага (чалавечы страх), героі пераходзяць ад абароны ўласных інтарэсаў да абароны інтарэсаў грамадскіх. Адзначым, што пры такім мастацкім ходзе “дамінуе ўстаноўка пісьменніка не на сілу ўражання, а на глыбіню чытацкага пранікнення (следам за аўтарам) у складаныя і супярэчлівыя жыццёвыя пласты. Творца не так імкнецца пераканаць, як апелюе да духоўнай і, у прыватнасці, разумовай актыўнасці чытачоў” [4, с. 259].

Але тут нельга пакінуць без увагі наступны факт: грамадства прымае новую жыццёвую пазіцыю змагання сваіх “лідараў” (у пэўнай ступені нават расцэньваючы гэта як належнае), аднак аніяк не падтрымлівае яе ўласнымі дзеяннямі. Прыведзены парадокс тлумачыцца страхам усведамлення, а значыць, і сутыкнення з рэчаіснасцю: “Я здолеў бы выйсці адсюль <з клінікі> ужо сёння, калі б мне хапіла смеласці, але я не магу змагацца <за сябе>... Ды ўсё роўна няма сэнсу”(I could go outside today, if I had the guts, but I'm not big and tough...Oh-it's n-no use anyway; тут і далей пераклад з ангельскай аўтара артыкула) [5]. Таму герой кожнага з твораў ставіць сабе за мэту выратаваць навакольных з палону безвыходнай ілюзорнасці.

Чалавек — складнік грамадскага механізму, вінцік у машыне суполак Homo sapiens або самастойны арганізм, незалежны ў думках і дзеяннях? Даючы адказ на гэтае, як здаецца спачатку, рытарычнае пытанне, К. Кізі і Ю. Станкевіч разыходзяцца ў поглядах, што звязана з палярнасцю светапоглядаў людзей Захаду і Усходу (падзел можна разглядаць і ў больш вузкіх кантэкстах: беларусы — амерыканцы, славяне — еўрапейцы і г.д.).

Беларускі герой, знаходзячыся ў палоне традыцыі, што складвалася 70 з лішкам гадоў, першапачаткова спадзяваўся на падтрымку “калектыўнага розуму”. Ён з усяе моцы спрабуе зварухнуць “народны дух”, прабіць сцяну абыякавасці ў сэрцах суайчыннікаў. Аднак “сярод рабоў ніколі не будзе адзінства” [2, с. 87]. Скінуўшы цяжар савецкай “сямейнасці”, беларусы кінуліся ў іншую скрайнасць: паняцце “індывідуальнасць” было зведзенае да банальнага эгаізму. Землякі Прусака быццам трапілі ў стан этнацыду, калі большасць імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генетычны цяжар уласнае асобы: “Хіба не ў гэтым краі больш за ўсіх любяць здраду і здраднікаў? А стукачоў колькі тут на квадратны метр? …Нідзе ў свеце іх столькі няма, як тут, па гэтых кватэрках затруханых, з прусакамі, у гэтых хатах, за гэтымі гнілымі парканамі” [2, с.50]. Даніла сутыкаецца з вырачанасцю, нявер’ем у станоўчае, у заўтрашні дзень: “гэты народ дабром не скончыць” [2, с. 81].

Рэндл Макмэрфі — іншая з’ява. Ірландзец па нацыянальнасці, ён на падсвядомым узроўні ўвабраў цягу да волі “разам з малаком маці”. З гэтай прычыны герой не разумее пасіўнасці “шэрай масы” ў стаўленні да ідэі незалежнасці асобы. Закладзеная ў генетычным кодзе неабходнасць свабоды не дазваляе Макмэрфі скарыцца вонкавым абставінам. Аднак адметнасць яго як асобы ў тым, што “брытанскі базіс” характару ў значнай меры загартавала (выкарыстаем тэрміналогію марксізму) “амерыканская надбудова” — большасць учынкаў героя тлумачыцца філасофіяй эгацэнтрызму, чаго ён і не ўтойвае: “Бываюць часы, калі трэба схаваць гордасць у кішэню і згадаць, чыя кашуля бліжэйшая да цела” (You got to swallow your pride sometimes and keep an eye out for old Number One) [5]. Што парадаксальна, гэта і ратуе героя ад растварэння ў аднолькавасці (адмова ад свайго “ego” ў замкнутым свеце К. Кізі тоесная суіцыду), а значыць, і даруе надзею на паратунак усім астатнім.

Нацыянальная ідэнта, на якой была акцэнтаваная асаблівая ўвага, прыцягвае нашую цікавасць і ў кантэксце тыповасці дзеянняў кожнага з герояў. Так, Даніла Прусак —тыповы беларус не толькі ў абліччы (“хударлявы, сярэдняга росту бландзін з шэрымі вачыма і вузкім доўгім тварам” [2, с. 24]), але і ў характары паводзінаў. Памяркоўны, цяжкаваты на пад’ём мужчына паўстае на барацьбу (хоць да апошняга не жадае прызнацца сабе ў гэтым) толькі пасля надзвычайнага здарэння, што кардынальна паўплывала на ягоны лёс. Бунт асобы здараецца ад безвыходнасці. Юры Станкевіч паказвае неабходнасць свабоды для беларуса як нешта вымушанае — жаданне волі прыходзіць выключна ў экстрэмальнай сітуацыі (яскравым прыкладам служыць эпізод уцёкаў Прусака з раённага СІЗА: у героя прага да жыцця абуджаецца толькі пад пагрозай яго страты).

Герой Кена Кізі выдзяляецца з шэрай масы ад самага пачатку. Яго аблічча: “руды, з доўгімі рудымі бакенбардамі і ўскудлачанымі, даўно не стрыжанымі кучарамі, што вытыркаліся з-пад шапкі… упоперак носа і праз сківіцу ў яго быў рубец, здабыты хутчэй за ўсё ў бойцы...” (this guy is redheaded with long red sideburns and a tangle of curls out from under his cap, been needing cut a long time... A seam runs across his nose and one cheekbone where somebody laid him a good one in a fight) [5], манера паводзін: “смяецца... гучна, вольна, весела выскаліўшыся, і смех разыходзіцца коламі...” (he commences to laugh... it's free and loud and it comes out of his wide grinning mouth and spreads in rings bigger and bigger...) [5], нават дрэнныя звычкі: “мая слабасць — карты... як толькі бачу калоду, дык адразу стаўлю грошы на кон” (I'm a gambling fool... and whenever I meet with a deck a cards I lays ... my money... down) [5] — усё кантрастуе з “цьмяным царствам” страху і безвыходнасці. Макмэрфі — гэта быццам дакор усім, хто схаваўся ад сапраўднага жыцця (большасць пацыентаў клінікі знаходзяцца не на прымусовым лячэнні, як ірландзец, а на добраахвотным) за плотам уласных комплексаў. Ствараецца ўражанне, што аўтар высылае сваю галоўную дзейную асобу з рэальнага свету (фермы турэмнага кшталту) у яго штучную мадэль (клініка для псіхічнахворых) наўмысна. Людзі “сённяшняга дня”, прывязаныя да пэўных стандартаў і эталонаў, не жадаюць мірыцца з праявамі індывідуальнасці. Згадаем сястру Брыдэр: супрацьборства з ёю для героя — быццам працяг сутычкі з усім “стандартызаваным” наваколлем, вынікам якой робіцца бунт Макмэрфі — неабходнасць пазбавіцца недасказанасці, пракламацыя нескаронасці рэжымам і правілам.

Галоўным адрозненнем у калізіі паміж асобай і грамадствам робіцца аб’ект, супраць якога вядзецца барацьба кожнага з герояў. Ірландзец з усяе моцы імкнецца зруйнаваць мур страху ў сэрцы асобнага чалавека — кожнага з пацыентаў клінікі; беларус супрацьстаіць страху ўнутры нацыі, спрабуе паўплываць на светаўспрыманне жыхароў Янаўска. Кожны з іх можа вырашыць пастаўленую задачу, толькі давёўшы да сваіх “падапечных” наступную ісціну: беларусы/амерыканцы — не страчанае пакаленне, а “generation next”, якое мае права на свабоднае існаванне.

                  

Фінал супрацьстаяння асобы і грамадства ў раманах абумоўлены нацыянальным менталітэтам аўтараў. Кен Кізі разменьвае жыццё галоўнага героя на паратунак “маленькіх людзей”. Лёс асобы, што па-сапраўднаму кідае выклік “трусам розных катэгорый ды ўзростаў... што не могуць прыстасавацца да свайго трусінага існавання” (<to> rabbits of varying ages and degrees...<who> can't adjust to our rabbithood) [5] нясе пералом у хворую (як у наўпростым, так і ў пераносным сэнсе) грамадскую свядомасць. Лекі для паратунку безнадзейнага чалавецтва К. Кізі бачыць у веры ва ўласныя сілы. Ён упэўнены: герой з дэвізам “Я гулец, які не прывык прайграваць” заўсёды ёсць унутры нас, варта толькі зазірнуць у сваю душу і пераадолець заслону страху.

Юры Станкевіч ставіць сваім землякам дыягназ “выраджэнне”: беларусы не выжывуць, (“усе мы грэбаныя псіхі”, “тут усе мёртвыя”), яны хворыя, слабыя, безабаронныя, раз’яднаныя. Нават у душах станоўчых герояў пануе расчараванне і сумнеў ва ўласных сілах: “у мяне ўражанне, што мы сапраўды мусім дарэмна затыкаць тую плаціну, якую ўжо прарвала, і ваду назад не вернеш, праўда, а варта, можа, толькі сябе ратаваць...” [2, с. 88].

Такім чынам, аўтарскія асаблівасці творчага падыходу да канфлікту ў творчасці К. Кізі і Ю. Станкевіча найбольш яскрава выяўляюцца пры разглядзе апазіцыі “герой—грамадства”. Амерыканскі пісьменнік факусуе ўвагу на ідэі незалежнасці асобы, што вядзе да разбурэння стэрэатыпных жыццёвых схемаў “шэрай масы”, а таксама вызваляе людзей з кратаў страху і палону ўласных комплексаў. Для прадстаўніка беларускага этнасу кардынальныя змены ладу жыцця немагчымыя. Максімум, на які ён можа разлічваць, — лакальны бунт (вонкавыя зрухі “тут і цяпер” з нязначнымі вынікамі), што дае магчымасць не звяртаць увагі на сапраўднае становішча: “праз якую гадзіну-паўтары, якраз на зыходзе ночы, гэтыя ж чужынцы ўедуць на ўскраіну вялікага горада, сталіцы, і, …як пацукі, да раніцы ўладкуюцца ў ім, і ўсё пойдзе ў іх там, як і тут да сённяшняй ночы — толькі з большым імпэтам” [2, с. 94].

У творчым падыходзе аўтараў да вырашэння ключавых калізій твораў вызначаюцца такія агульныя элементы, як адарванасць ад канкрэтнай прасторава-часавай рэчаіснасці, што падкрэсліваецца абмежаванай і няіснай прасторай месца дзеяння; стварэнне маналітна арганізаваных жыццёвых плыняў герояў, якія руйнуюцца пасля пачатку прымусовай (пад ціскам вонкавых абставінаў) барацьбы супраць навакольнай сістэмы; пераацэнка маральных каштоўнасцяў, выяўленая ў пераходзе ад абароны ўласных інтарэсаў да абароны інтарэсаў грамадскіх з мэтай выратаваць навакольных з палону безвыходнай ілюзорнасці.

 

Крыніцы:

1. Абрамовіч, П. Проза для няўдачнікаў. — Arche Skaryna, 2001, № 4 (18).

2. Станкевіч, Ю. Любіць ноч — права пацукоў: Раман, аповесці, апавяданні. — Мн.: “Мастацкая літаратура”, 2000.

3. Мартел, Я. Жизнь Пи: Роман: Пер. с англ. — М.: Издательский дом “София”, 2003.

4. Хализев, В. Теория литературы: Учеб. для вузов. — 3-е изд., испр. и доп. — М.: “Высш. шк.”, 2002.

5. Kesey, K. One Flew Over the Cuckoo's Nest // Цэнтральная навуковая бібліятэка ім. Я. Коласа НАН Беларусі [Электронны рэсурс]. — 2001.

Чытайце таксама

Клаўс Элсбергс

Васіль Сёмуха

Клаўс Элсбергс

Паэт, якога любіла моладзь, паэт, які ўзляцеў імкліва, знянацку заспеўшы равеснікаў і старэйшых сталым разуменнем нашага часу, яркасцю, як Курзэмэ ў сонечны дзень, простай, нявыдуманай праўдай свайго жыцця…

Пераклад, злоўлены сеткаю: Аналіз перакладаў санета Оскара Ўайлда

Серж Мінскевіч

Пераклад, злоўлены сеткаю: Аналіз перакладаў санета Оскара Ўайлда "Impression du voyage" на беларускую і рускую мовы

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

Ульф Старк

У дзіцячых кнігах павінныя быць таямніцы

— Мая першая дзіцячая кніга выйшла ў пачатку 1970-х. Да гэтага я напісаў два зборнікі вершаў і раман. Агульны культурны клімат быў такі, што я вырашыў пачаць пісаць для дзяцей.

Калі аўтар памірае, ягоным дэманам не застаецца нічога іншага, як заняцца перакладчыкамі

Альгерд Бахарэвіч

Калі аўтар памірае, ягоным дэманам не застаецца нічога іншага, як заняцца перакладчыкамі

Раскажыце, калі ласка, чаму на нямецкую быў перакладзены менавіта раман “Сарока на шыбеніцы”? І ці праўда, што калі беларускі пісьменнік хоча, каб яго творы перакладаліся на замежную мову, ён мусіць клапаціцца…

2974