№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Святлана Астапук

Вобраз Біт-пакалення ў эсэістыцы Джэка Керуака

19 траўня 2013

У сучаснай свядомасці вобраз Біт-пакалення, асацыюючыся з неймавернай колькасцю штампаў, зрабіўся ў значнай ступені здабыткам масавай культуры. Для моладзі нашага часу бітніцтва можа проста абазначаць чорнае скураное адзенне, казліную бародку, наркотыкі і праміскуітэт. Часта экзальтаванае захапленне выкліканае хутчэй артэфактамі гэтай арыгінальнай моладзевай культуры, а не яе сапраўднымі ідэаламі. На постсавецкай прасторы прадстаўнікі моладзевых групаў, што пазіцыянуюць сябе як субкультурныя ўтварэнні, у большасці сваёй увогуле не чулі пра бітнікаў. Тым не менш, нават не здагадваючыся пра гэта, яны выкарыстоўваюць лексікон Біт-пакалення, увасабляюць пэўныя яго ідэі, вядуць яго лад жыцця. Што да заходняй моладзі, то яна мае нашмат больш магчымасцяў даведацца пра бітніцтва, імёны герояў гэтага руху вядомыя многім. Аднак вельмі часта ўяўленні пра Біт-пакаленне не выходзяць за межы ведання імёнаў і некаторых стэрэатыпных ідэяў.

Ідэі гэтай субкультуры былі аформленыя ў шматлікіх мастацкіх творах. Літаратурная спадчына прадстаўнікоў пакалення робіцца крыніцай мноства дыскусіяў, выклікае эпатаж сваёй арыгінальнасцю. Героі Біт-пакалення — гэта Джэк Керуак, Ўільям Бероўз, Ален Гінзберг, Джон Клелан Холмс і іншыя. Агульнапрызнаным натхняльнікам, філосафам і генератарам ідэяў зрабіўся Джэк Керуак, на творчасці якога мы засяродзім увагу.

Даследаваннем творчасці Джэка Керуака і Біт-пакалення ў цэлым займаліся Джон Тайтэл, Эн Чартэрс, Эдвард Фостэр, Лі Бартлет, Джон Олдрыдж, Грэгары Стэфенсан і многія іншыя. На жаль, амаль усе гэтыя даследаванні ў нас недаступныя, а імёны даследчыкаў вядомыя ў асноўным з бібліяграфічных спісаў ці з кароткіх спасылак на гэтых аўтараў.

Падчас даследавання творчасці Біт-пакалення даводзіцца задавальняцца ў асноўным інтэрнэт-крыніцамі і нешматлікімі творамі, перакладзенымі на рускую мову. Тут ёсць пэўныя перавагі, бо недахоп інфармацыі дазваляе выказаць свежае, не прадыктаванае іншымі меркаванне.

У 2002 годзе ў Маскве быў выдадзены трохтомны збор твораў Джэка Керуака. Сярод іншых ён змяшчае некалькі эсэ, якія, на нашую думку, маюць вялікую каштоўнасцю, бо даюць уяўленне пра тэарэтычныя прынцыпы творчасці Керуака і пра гісторыю ўсяго Біт-пакалення.

Тут будуць прааналізаваныя тры эсэ Джэка Керуака, прысвечаныя гісторыі, сутнасці і, так бы мовіць, апраўданню Біт-пакалення: “Пра Біт-пакаленне” (About the Beat Generation, 1957), “Ягня, не леў” (Lamb, No Lion, 1958), “Паходжанне Біт-пакалення” (Beatific: The Origins of the Beat Generation, 1959).

Уяўляецца магчымым звесці тэарэтычныя палажэнні, выказаныя Джэкам Керуакам у вышэйпералічаных эсэ, да трох пунктаў: 1. палажэнні, што датычаць гісторыі пакалення і яго вытокаў; 2. значэнні панятку “біт”; 3. сутнасныя характарыстыкі Біт-пакалення і яго асноўныя ідэі.

Пачнем аналіз эсэ з гісторыі Біт-пакалення, расказанай самім Джэкам Керуакам.

Як зазначае Керуак, ён — агульнапрызнаны стваральнік філасофіі Біт-пакалення, а значыць, вытокі бітніцтва Керуака ёсць вытокамі ўсяго пакалення. Іх апісанне мы знаходзім у эсэ “Паходжанне Біт-пакалення”, якое ўяўляе сабою абсалютна не структураванае лірычнае падарожжа думкі ў мінулае пісьменніка; падарожжа, змацаванае выключна вольнымі асацыяцыямі аўтара. Сам Керуак бачыць вытокі свайго бітніцтва ў продках-брэтонцах, што вылучаліся надзвычайнай незалежнасцю. “Разбітае” пакаленне, паводле ягонага сцверджання, сягае ў шалёныя гулянкі, якія ладзіў яго бацька яшчэ ў 20 — 30-я гады ХХ стагоддзя, у “вольнае й буйнае дзяцінства, поўнае гульняў, у засень дрэваў, што гайдаюцца пад ветрам поўнай хараства восені Новай Англіі”, у не менш буйнае юнацтва. Керуак згадвае мноства персанажаў коміксаў, мультфільмаў і кінастужак, што звязаныя з гадамі яго дзяцінства і юнацтва і з якіх нарадзілася ягонае пакаленне.

Біт-пакаленне непасрэдна звязанае з хіпстэрамі. Керуак не кажа пра тое, калі і адкуль яны з’явіліся. Ён убачыў іх упершыню ў 1944 годзе на Таймс-сквер у Нью-Ёрку. Відавочна, гэта не быў нейкі арганізаваны рух, —так называлі людзей, што чымсьці выдзяляліся з натоўпу. Керуак апісвае іх так: “Хіпстэры, чыёй музыкай быў боп, здаваліся злачынцамі, але ўвесь час казалі пра тое, што мне падабалася: падрабязныя аповеды пра асабісты досвед і погляды, начныя размовы, поўныя шчырасці і надзеяў, разбітых вайною, хваляванні, жальбы новай душы (той самай чалавечай душы)”. З іх вуснаў Керуак і яго сябры ўпершыню пачулі слова “біт”. Асэнсаваўшы яго значэнне, яны захапіліся думкаю цэлага Біт-пакалення. У эсэ “Пра Біт-пакаленне” Керуак кажа, што гэтая ідэя, магчыма, існавала толькі ў іх галовах. Яны пісалі пра сваіх містычных герояў, пра такіх сабе “анёлаў” амерыканскага падполля”. Хаця насамрэч, паводле словаў Керуака, гэта была невялічкая жменька людзей з асаблівым светабачаннем, з якіх многія загінулі падчас карэйскае вайны, а іншых пасля 1950 году запраторылі ў турмы ці вар’ятні. Такім чынам атрымліваецца, што першапачатковага Біт-пакалення, як зазначаў Джэк Керуак, у яго час ужо не засталося. Тым не менш яно адрадзілася, і яго стыль жыцця і адзення, лексікон, яго ўлюбёная музыка боп зрабіліся набыткам шырокіх колаў пасляваеннай моладзі.

Джэк Керуак піша пра тое, што ў 1948 годзе хіпстэры падзяліліся на “халодных” і “гарачых”. Ён апісвае іх наступным чынам: “Халодны” — гэта ваш нешматслоўны барадаты мудрагель альбо зануда, што сядзіць перад некранутым півам у забягайлаўцы для бітнікаў, гаворыць ён ціха й неахвотна, ягоныя дзяўчаты ўвесь час маўчаць і ходзяць у чорным; “гарачы” сёння — гэта крануты, гаваркі, з прамяністымі вачыма (часта прастадушны і адкрыты) хлапчына, што бегае з бара ў бар, з хаты ў хату, увесь час кагосьці шукае, ён падпіты і няўрымслівы”. Большасць прадстаўнікоў пакалення Керуак залічвае ў “гарачыя”, самога сябе ён таксама называе “гарачым” хіпстэрам.

У 1951 годзе Керуак піша свой самы знакаміты раман “У дарозе” — і, паводле яго ўласных словаў, выказвае “разбітае” пакаленне. У 1952 годзе ў нядзельным дадатку да “Нью-Ёрк Таймс” выходзіць артыкул Джона Клелана Холмса “Гэта Біт-пакаленне”. Пасля яго пра Біт-пакаленне пачынаюць шмат гаварыць. У 1957 выходзіць з друку раман “У дарозе”, і папулярнасць пакалення ліхаманкава ўзрастае. Джэк Керуак піша: “Людзі пачалі называць сябе джазнікамі, бітнікамі, бопнікамі, багнікамі, і ўрэшце мяне залічылі ў “аватары” ўсяго гэтага”. Ужо тады бітнікі выклікалі мноства абгавораў і нараканняў, з бітніцтвам прэса і тэлебачанне звязвалі злачыннасць і правапарушэнні, а само Біт-пакаленне пачало асацыявацца са шматлікімі штампамі і падманнымі ўяўленнямі.

Мы можам зрабіць выснову пра тое, што ў значнай ступені Біт-пакаленне ў тым выглядзе, у якім яго ўяўлялі яго ідэйныя натхняльнікі, было ўсяго толькі літаратурным канструктам. Найменне “бітнікі” часта механічна пераносілася на хіпстэраў, што існавалі раней. Можна сказаць, што словам “біт” не карыстаўся толькі лянівы і яму надаваліся самыя розныя значэнні. Нават пасля публікацыі рамана “У дарозе”, дзе ў мастацкай форме былі ўвасобленыя ідэі бітнікаў, панятак “біт”, хоць ён і зрабіўся яшчэ больш папулярным, не пазбег мноства трактовак.

Звернемся да таго, што ўкладалі ў панятак “Біт-пакаленне” яго ідэйныя натхняльнікі. Спынімся на тэрміне “біт”. Разнастайныя яго тлумачэнні можна знайсці ва ўсіх трох эсэ. У эсэ “Паходжанне Біт-пакалення” Керуак піша пра тое, як ён упершыню пачуў гэтае слова ў 1944 годзе ад Герберта Ханке, хлопца з Чыкага, які падышоў да яго і прамовіў: “Чувак, я разбіты”. На думку Керуака, Ханке падхапіў гэтае слова на якім-небудзь карнавале на Сярэднім Захадзе ці ў таннай кавярні. Так ці іначай, гэта быў новы, па сутнасці негрыцянскі, жаргон. Тамсама Керуак піша, што першапачаткова гэтае слова абазначала “бедны, стомлены, спустошаны, збіты, сумны бесхацінец, што начуе ў метро”. У эсэ “Пра Біт-пакаленне” пісьменнік дадае, што першапачатковае значэнне слова “біт” было таксама “заняпалы духам і даведзены да галечы, але поўны наймацнейшага пераканання”. На думку Керуака, калі гэтае слова вымаўлялі старыя хіпстэры яшчэ з 1910 году, яны мелі на ўвазе людзей з асаблівай духоўнасцю, што не аб’ядноўваліся ў групы, а былі самотнымі героямі андэграўнду, “якія ўрэшце адвярнуліся ад машыны “свабоды” Захаду і прымаюць наркотыкі, урубаюцца ў боп, перажываюць раптоўныя прасвятленні, разлад пачуццяў”, дзіўна гавораць, ходзяць узрадаванымі жабракамі, прарочаць новы стыль амерыканскай культуры”. Джэк Керуак і яго паплечнікі захавалі шмат ад першапачатковага значэння, асабліва на ранняй стадыі іх творчасці. У эсэ “Паходжанне Біт-пакалення” Керуак апавядае пра тое, як у 1954 годзе ён зайшоў у каталіцкую царкву, і на яго сышло разуменне значэння словаў “разбітае пакаленне” — шчаснае. У эсэ “Ягня, не леў” пісьменнік выводзіць значэнне слова “біт” ад італьянскага “beato”, што абазначае “стан найвышэйшай асалоды, як у Святога Францыска, што спрабаваў любіць усё жыццё, быць памежна шчырым з усімі, практыкаваць цярпімасць, культываваць радасць духоўную”.

Мы бачым, што ўяўленні, якія бітнікі ўкладалі ў слова “біт”, прайшлі ў развіцці два этапы: першы быў звязаны са станам асаблівага светаўспрымання, прапушчанага праз прызму музыкі боп, наркатычнага ап’янення, асаблівага ладу жыцця, другі — з асаблівым адчуваннем шчаснасці, падобным да адчуванняў, што перажывалі святыя.

Нам здаецца магчымым раскрыць сапраўдную сутнасць Біт-пакалення (як яно ўяўлялася самі бітнікам), характарызуючы яго ў дачыненні да наркотыкаў, сэксу, гвалту, веры і Страчанага пакалення.

У адрозненне ад Страчанага пакалення, Керуак бачыць Біт-пакаленне вольным ад еўрапейскага ўплыву. Істотнае адрозненне паміж імі, паводле словаў пісьменніка, — у тым, што Страчанае пакаленне 1920-х усё адмаўляла і ні ў што не верыла, а Біт-пакаленне абвясціла новую веру, яно сцвярджала, а не адмаўляла. Яно не ставіла задачы крытыкаваць грамадства, што існуе, яно сцвярджала новае. Яны, у адрозненне ад Страчанага пакалення, верылі, што ўсім жахам жыцця знойдзецца апраўданне. Аднойчы пасля выступу на тэлебачанні Джэк Керуак сказаў, што вядоўца пастаянна правакаваў яго крытыкаваць каго-небудзь (Эйзенхаўэра, Папу Рымскага і іншых). Але ён хацеў выступаць з абаронай, а не супраць чаго б ні было. У гэтым, паводле яго словаў, і ёсць біт: ён сцвярджае жыццё, любоў да яго. У эсэ “Ягня, не леў” Керуак пісаў: “Там яны ўсе й былі, ноччу, боп-музыкі лабалі на сцэне, біт быў круты, ты бачыў сотні людзей, што згодна хіталі галовамі ў дымным паўзмроку, у такт музыцы: “Так, так, так”, — вось што сцвярджалі гэтыя рухі, так задуменна, так прыгожа, так таямніча... Я бачыў цэлае пакаленне, што казала — так”. У эсэ “Пра Біт-пакаленне” Керуак ужо з песімізмам гаворыць, што, магчыма, Біт-пакаленне, як і Страчанае, зробіцца яшчэ адным пакаленнем, якому не былі вядомыя адказы на сутнасныя пытанні быцця.

Што да наркотыкаў, то бітнікі напэўна эксперыментавалі з імі, спрабуючы пашырыць абсягі свядомасці. У эсэ “Ягня, не леў” Керуак кажа пра сваю веру ў тое, што захапленне наркотыкамі — усяго толькі часовая мода, якая абавязкова пройдзе. Таксама ён зазначае, што ва ўзрастанні папулярнасці наркотыкаў пэўную ролю адыгралі ўлады.

Гаворачы пра сэкс, Джэк Керуак абмяжоўваецца кароткай заўвагай пра тое, што гэта ўваход у рай.

Бітнікаў часта абвінавачвалі ў схільнасці й закліках да гвалту. Джэк Керуак адрынае гэтыя абвінавачванні, кажучы, што ніколі не меў дачынення да гвалту, нянавісці і жорсткасці. Ён піша: “Гора тым, хто думае, што Біт-пакаленне — гэта злачынствы, правапарушэнні, амаральнасць... гора тым, хто нападае на яго таму, што сам не разумее гісторыі і памкненняў чалавечых душаў... гора тым, хто не бачыць, што Амерыка павінная, будзе, працягвае змяняцца, і так заўсёды”. Такім чынам, новы лад жыцця, што сцвярджаўся бітнікамі і не адпавядаў афіцыйнаму, успрымаўся ўладамі як правапарушэнне, бітнікаў спрабавалі закляйміць як злачынцаў.

У кожным сваім эсэ Керуак сцвярджае, што бітнікі вылучаліся надзвычайнай рэлігійнасцю. Размова тут неабавязкова пра афіцыйныя канфесіі. Бітнікі вызнавалі нават дзэн-будызм, нейкую сваю веру ў радасць і любоў, якія сцвярджаюць жыццё. У эсэ “Паходжанне Біт-пакалення” Керуак зазначае: “Я не саромеюся насіць распяцце майго Бога. Гэта таму, што я бітнік, а значыць, веру ў шчаснасць і ў тое, што Бог так палюбіў свет, што аддаў за яго свайго адзінага сына”. Керуак называе біт новай рэлігійнасцю, гаворыць пра тое, што ва ўсіх бітнікаў калісьці былі рэлігійныя адкрыцці й відзежы.

Пры канцы хочацца яшчэ раз адзначыць, што ўсе тры эсэ напісаныя своеасаблівым керуакаўскім стылем, спантаннай прозай. Свабодная кампазіцыя, пабудаваная на асацыятыўных вобразах, бясконцыя сказы, максімальнае набліжэнне мастацкага тэксту да плыні думак-вобразаў — яе асноўныя рысы.

Біт-пакаленне такім, як яго ўяўлялі яго ідэйныя натхняльнікі, у значнай ступені існавала толькі ў літаратурных творах альбо ахоплівала невялікую групу людзей на чале з Джэкам Керуакам. У рэальным жыцці гэтым паняткам часта злоўжывалі, надзялялі яго абсалютна не ўласцівымі для яго характарыстыкамі. Названыя эсэ падаюцца каштоўным матэрыялам для раскрыцця сапраўднай прыроды Біт-пакалення.

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

"Мінск варты таго, каб яго пісалі на розных мовах…"

Гутарка Альгерда Бахарэвіча з Міхаілам Валодзіным

Паэт, які часам перакладае

Вера Бурлак

Паэт, які часам перакладае

— Вера Бурлак вядомая беларускаму чытачу хутчэй як паэтка, чым як перакладчыца. Наколькі значнай для Вас самой перакладчыцкая дзейнасць? Вы лічыце сябе паэтам-перакладчыкам ці ўсё ж паэтам, які проста…

Залаты век ілюстрацыі

Залаты век ілюстрацыі

Лічыцца, што час, калі майстэрства ілюстрацыі дасягнула найвялікшага росквіту, яе так званы Залаты век, прыпадае на перыяд з 1880 па 1925 год (паводле некаторых звестак, 1850—1925). У Еўропе і ЗША яркія…

Чорная зямля пад белымі крыламі

Чорная зямля пад белымі крыламі

Згадваць пра тое, што за савецкім часам перакладаў на беларускую мову з афрыканскіх літаратураў было няшмат, наўрад ці трэба. А ў постсавецкі час перакладчыкі дык увогуле пачалі абыходзіць літаратурную…

1078