У Мінску пройдуць чытанні нямецкага паэта Міхаэля Кругера
11 верасня 2012

Міхаэль Кругер нарадзіўся ў 1943 годзе. Атрымаў адукацыю па спецыяльнасці “Паліграфія і кніжны гандаль”, адначасова як вольны слухач наведваў філасофскі факультэт Свабоднага універсітэта ў Берліне. З 1962 да 1965 году Міхаэль Кругер працаваў у кнігарні ў Лондане. З 1966 ён займаецца літаратурай крытыкай. У 1968 годзе пачаў працаваць рэдактарам у выдавецтве Карла Ханзэра "Carl Hanser Verlag”, а ў 1986 годзе ўзначаліў гэта выдавецтва. З 1981 года Міхаэль Кругер выдае літаратурны часопіс “Akzente”.
У 1972 годзе з’явіліся першыя лірычныя творы Міхаэля Кругера, а ў 1984 зборнікам “Што рабіць? Старамодная гісторыя” адбыўся ягоны празаічны дэбют, пасля якога ў свет выйшлі шматлікія зборнікі апавяданняў, раманы і пераклады.
Аўтар узнагароджаны шматлікімі літаратурнымі прэміямі, з’яўляецца сябрам Баварскай акадэміі прыгожых мастацтваў (Мюнхен), Германскай акадэміі мовы і паэзіі (Дармштадт), Акадэміі навук і літаратуры ў Майнцы, Акадэміі мастацтваў у Берліне.
Міхаэль Кругер жыве ў Мюнхене.
Анатацыі да апошніх зборнікаў лірыкі:
Чыставік (2010)
У гэтых вершах гаворка ідзе пра самыя дзіўныя рэчы: пра сутонне і траву, пра рэкі, якія не хочуць цячы, пра лісты без адпраўцы, пра камароў, варонаў і — пра смерць. Гэта просты свет, які настойвае на тым, каб яго ўспрымалі такім, якім ён ёсць, па той бок ад паняццяў, што засцяць жывое ўспрыманне. Паэтычныя імгненні і нататкі гэтага зборніка не спрабуюць аднавіць у памяці прамінулае жыццё і не малююць апакаліптычную будучыню. Яны задавальняюцца цяперашнім момантам, хаця і не зусім давяраюць яму….
Прамовы і накіды (2008)
Усё часцей мы вымушаныя слухаць чужыя размовы. Мабільныя тэлефоны і імгненнае распаўсюджанне новых сродкаў камунікацыі прывялі да неверагоднага росту балбатлівасці. Голас страціў свой гонар. Аднак нягледзячы на павелічэнне формаў і магчымасцей самавыражэння сёння мы як ніколі далёкія ад ведання людзей вакол нас. Міхаэль Кругер прыдумаў прамовы, якія ніколі не прагучаць: прамова спадчынніцы, маклера, уролага пасля 40 гадоў практыкі, прамова чалавека на ўслоне, паэта пра іншага паэта. Гэтыя і іншыя прамовы, якія так ніколі і не прагучалі, патрабуюць асаблівай вершаванай формы.