Франкфурцкі кніжны кірмаш робіць акцэнт на дзіцячай літаратуры
12 кастрычніка 2012
На гэты найбуйнейшы кніжны форум свету, які аб'ядноўвае ўсіх прафесіяналаў індустрыі, збіраюцца для таго, каб купіць і прадаць правы, дамовіцца пра сумесныя выданні, пазнаёміцца з навінкамі паліграфіі і абмеркаваць надзённыя праблемы сусветнага выдавецкага бізнэсу, напрыклад, уплыў электроннай кнігі на рынак кнігі папяровай або сітуацыю з дзіцячай літаратурай.
Пра тое, што ў фокусе кніжнага форуму будзе дзіцячая і падлеткавая літаратура, заявіў дырэктар кірмашу Юрген Бос, які падкрэсліў, што менавіта падлеткі хутчэй за ўсіх пераходзяць на лічбавыя носьбіты. Спецыяльны адсек кірмашу пад назвай Hot Spot Kids & eReading будзе цалкам прысвечаны лічбаваму чытанню і пісьму.
Пры гэтым, на думку кіраўніка расійскага выдавецтва “Росмэн” Барыса Кузняцова, менавіта сегмент дзіцячай літаратуры найбольш моцна супраціўляецца наступу лічбавага фармату. “Дзіцячая літаратура сёння — апошні прыстанак для папяровай кнігі, яна больш устойлівая, там больш магчымасцяў, і выдаўцы бягуць у дзіцячы сегмент”, — зазначыў ён.