Выйшаў па-беларуску раман «Дэпэш мод» Сяргея Жадана
22 кастрычніка 2012
За гэты час яго кнігі былі перакладзеныя амаль на ўсе асноўныя еўрапейскія мовы, а сам аўтар атрымаў заслужаныя прэміі ды нефармальны статус, мабыць, галоўнага сучаснага ўкраінскага літаратара.
Але здаецца, што ўсё гэта не мае істотнага значэння. Кнігі Жадана без залішняга PRу і выдавецкіх намаганняў знаходзяць чытачоў па ўсёй Еўропе, бо ты адразу адчуваеш, калі з табой размаўляюць сумленна і на роўных, а вялікі талент не сапсаваны пантамі, пафасам або жаданнем вучыць жыццю. Шчыра зайздросцім тым, хто сёння сутыкнецца з творчасцю Сяргея Жадана ўпершыню.
Напярэдадні выхаду ў “Першаку” рамана “Дэпэш мод” Сяргей Жадан успомніў некалькі гісторый, звязаных з гэтай кнігай.
Пра лёс рамана:
— Раман пераклалі на восем моваў. У першым “рускім” выданні забыліся пазначыць перакладчыка. У нямецкім — адцэнзуравалі адну главу. Існуюць украінская і нямецкая аўдыяверсіі. Прападобны Джонсан-і-Джонсан апынуўся сярод персанажаў спектакля “Гімн дэмакратычнай моладзі” ў кіеўскім тэатры імя Франка.
Пра найбольш цікавую інтэрпрэтацыю рамана:
— Самай цікавай была пастаноўка “Дэпэш мод” у адным нямецкім тэатры. Я быў на закрыцці спектакля, мне было вельмі цікава. Шчыра кажучы, чакаў якога-небудзь усходнееўрапейскага постсаўковага кічу. Але рэжысёр з мастаком зрабілі сапраўды вельмі драйвовы спектакль. Над сцэнай была ўсталяваная гідрасістэма, і ўвесь час ліў дождж. У галоўнага героя на куртцы было напісана маё прозвішча. Ад гэтага было даволі-такі некамфортна, але цікава.
Аб прататыпах:
— З “Сабакам Паўлавым” апошні раз бачыліся на нейкім правым мітынгу ў Харкаве каля помніка Шаўчэнку. Наколькі я ведаю, ён ажаніўся і пасталеў. Рок-н-ролам больш не цікавіцца (у свой час ён лічыў сябе гукарэжысёрам). З Васем Камуністам сустракаліся ў яго родных Чаркасах, дзе ён выкладае гісторыю ў адной з сярэдніх школ. Сядзелі некалькі гадзін у гатэльным нумары. Гаварыў у асноўным ён, гаварыў пра тое, што з намі адбывалася 20 гадоў таму. У нейкі момант я зразумеў, што гэтым ён і жыве, што ў цяперашнім часе ў яго нічога няма, усё засталося там, у 90-х. Усё гэта вельмі сумна. Напрыканцы я падарыў яму “Дэпэш мод” (кнігу ён, натуральна, не чытаў), а ён мне – сваю брашуру “Аранжавая чума”, прысвечаную падзеям восені 2004 года. Пасля са мной звязалася яго мама. Сказала, што напісала кнігу апавяданняў пра жывёлу, папрасіла выказаць сваё меркаванне. Вядома, апавяданні мне спадабаліся.
Пра ўспрыманне рамана беларускімі чытачамі:
— Змянілася Украіна, змянілася, напэўна, Беларусь. Але тыя 90-я, пра якія ў «Дэпэш мод» ідзе гаворка, не змяніліся. Таму спадзяюся на адэкватную і ўважлівую рэакцыю, бо акурат з такой часцей за ўсё сустракаўся ў Беларусі.
Таццяна Урублеўская, перакладчыца:
— Раман “Дэпэш мод”, як гэта модна цяпер казаць, “для тых, хто выжыў у 90-я”. Але не для тых, хто “рабіў 90-я”, а для іх дзяцей, для падлеткаў таго часу. Для падлеткаў з рабочых і спальных раёнаў, для тых, хто самым непасрэдным, яшчэ амаль дзіцячым позіркам глядзеў на тагачасны свет і добра памятае тую “карцінку”. Для іх кніжка можа абярнуцца самай жывой настальгіяй і самымі вострымі ўспамінамі. Для тых, хто не памятае або не ведае гэтай “карцінкі”, раман раскрые частку жыцця маладых людзей, у якіх можна пазнаць саміх сябе і “навучыцца дрэннаму” або “як рабіць не трэба”.
Сяргей Жадан — адзін з самых лёгкіх па стылі і глыбокіх па змесце сучасных аўтараў, з тонкім адмысловым гумарам. “Дэпэш мод” — неверагодна смешны раман. Але не таму, што аўтар хоча насмяшыць свайго чытача. Жорсткія, па сутнасці, карцінкі Жадан малюе настолькі проста і “незамутнена”, што на трагічным тле праступае камічнае, без якога, вядома, нельга было б “выжыць у 90-я”, асабліва падлетку.
“Дэпэш Мод” — раман-вандроўка. Галоўныя героі сустракаюць шмат розных людзей і шмат перажываюць падчас свайго небяспечнага падарожжа. А дасягнуўшы яго мэты, застаюцца нідзе, у “белым свеце”, як і шмат хто з нас. Толькі гэта для іх не згуба, а проста канец адной выправы і пачатак іншай.
Спампаваць кнігу можна на сайце часопісу 34mag.