Большасць літаратурных перакладчыкаў Еўропы — за рысай беднасці
1 лістапада 2012
На кніжных рынках усіх еўрапейскіх краін назіраецца моцны дысбаланс: пераклады з ангельскай складаюць ад траціны да паловы ўсіх перакладаў, у той час як у Вялікабрытаніі, наадварот, пераклады складаюць усяго 3% новых выданняў. Літаратурны перакладчык у Брытаніі — рэдкая прафесія.
Перакладчыкі — ахвяры бэстсэлераманіі выдаўцоў. У эпоху культуры бэстсэлераў яны, з аднаго боку, вымушаныя перакладаць з яшчэ большай хуткасцю, чым раней, каб выдаўцы (якім, зразумела, прасцей зняць вяршкі з перакладу міжнароднага бэстсэлера, чым з перакладу літаратурнага шэдэўра, які зможа ацаніць абмежаваная колькасць чытачоў) змаглі надрукаваць чарговыя “Пяцьдзясят адценняў шэрага” адначасова ва ўсіх краінах і атрымаць максімальны прыбытак.
Рынак так уладкаваны, што ўсюды перакладаюць адно і тое ж. Культурная разнастайнасць цяпер мала каго хвалюе.
З прычыны гэтага істотна ўпаў прэстыж прафесіі (асабліва калі перакладчык працуе не з ангельскай мовай), прафесіяналы старэюць, а маладыя не спяшаюцца займацца малапрывабным у фінансавым плане заняткам. Таму скарачаецца разнастайнасць.
Канкрэтна па грашах гаворка ідзе пра наступныя сумы. Сярэднестатыстычны гадавы даход літаратурнага перакладчыка (да выплаты падаткаў) у васьмі еўрапейскіх краінах меншы за €12 тыс. і меншы за €24 тыс. — у дзесяці. Сярэдні даход пасля выплаты падаткаў — меншы за €10 тыс. і менш за €20 тыс. практычна ўсюды (то бок нават у Германіі, Францыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі і Скандынавіі).
Гэта менш, чым атрымліваюць кваліфікаваныя рабочыя на фабрыках і ў сферы абслугоўвання. Гэта нагадвае сітуацыю ў краінах СНД і, у прыватнасці, Украіне. Большасць літаратурных перакладчыкаў у Еўропе жывуць за рысай беднасці.