№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дарэчнае ў калядны час

23 снежня 2012

Дарэчнае ў калядны час

Паколькі акурат некалькі дзён таму выйшаў па-беларуску “Калядны харал”, ды і ўвогуле мінае юбілейны год Чарлза Дыкенса, майстра каляднай гісторыі, то і ўвесь гэты выпуск будзе крышку дыкенсаўскім, хоць самога Дыкенса ў ім і не будзе. Як гэта? А вельмі проста: вось вам, панства, ангельская народная калядка, якую Дыкенс не толькі ведаў, але нават цытаваў, а вось нізка рэцэптаў ангельскіх калядных страваў — з тых самых, якія ён з такою пяшчотаю апісваў. Рэцэпты ўзятыя з віктарыянскай “Кнігі дамаводства” місіс Бітан — гэта такая сабе “Ангельская гаспадыня”, акурат як нашая Літоўская. Бачыце, мы з гэтым выпускам зусім не зарана; самы час ужо бегчы гатаваць начынку для салодкіх піражкоў, бо яна мусіць пастаяць акурат два тыдні: праваслаўныя паспеюць да Калядаў, а каталікі — да Трох Каралёў, да канца Дванаццаці Дзён Раства. Ды і калядка доўгая, перад самым выхадам з дому не вывучыш. Вясёлых святаў!

 


Дай Бог, панове, шчасця вам…
(God Rest Ye Merry, Gentlemen)

 

Дай Бог, панове, шчасця вам,
Хай сум пакіне вас,
Бо нарадзіўся Збаўца наш
У гэты добры час,
Каб ратаваць Адамаў род,
Што ў цемрадзі заграз,
О, вось у нас радасць і спеў,
Радасць і спеў,
О, вось у нас радасць і спеў.

Тады анёл нябёсны
Зляцеў да тых мясцін
І пастухам прынёс ён
Найлепшую з навін —
Што нарадзіўся на зямлі
Маленькі Божы Сын.
О, вось у нас радасць і спеў,
Радасць і спеў,
О, вось у нас радасць і спеў.

І пастухі на полі
Пакінулі гурты,
І ўраз, не баючыся
Ні ветру, ні слаты,
Пабеглі ў горад Бэтлеем,
Дзе спаў наш Пан святы.
О, вось у нас радасць і спеў,
Радасць і спеў,
О, вось у нас радасць і спеў.

І там у горадзе, ў хляве,
Дзе сена ды валы,
Ляжаў у бедных яслях
Збавіцель наш малы,
Марыя ж маці побач
Узносіла хвалы.
О, вось у нас радасць і спеў,
Радасць і спеў,
О, вось у нас радасць і спеў.

Няхай жа Богу слава
Ляціць з усіх дамоў
І між людзей пануюць хай
Братэрства і любоў,
Бо сёння шчаснай весткай Бог
Ліхія пабароў —
О, вось у нас радасць і спеў,
Радасць і спеў,
О, вось у нас радасць і спеў.

 

Пераклаў Антон Францішак Брыль

 

 

 

 

Ізабэла Бітан. Кніга дамаводства

Выбраныя рэцэпты

 

Падагрэтае віно з прыправамі

 

Складнікі: на кожную пінту (~0.57 л) віна — поўны кубак вады, цукар і прыправы на смак.

 

Спосаб: У такіх выпадках вельмі цяжка назваць дакладныя прапорцыі для цукру і прыправаў, бо тая самая сумесь, якую ўпадабае адзін, іншаму падасца вельмі непрыемнаю. Прыправы трэба кіпяціць у вадзе, пакуль яна не забярэ іх водар. Пасля дадаць віно й цукар, давесці ўсё разам да кіпення і тады падаваць са скібачкамі хрусткага тоста альбо з сухім печывам. З прыправаў у падагрэтае віно звычайна ідуць гваздзіка, цёрты мускатны арэх і цынамон ці мацыс. Падаграваць можна любое віно, але найчасцей бяруць партвейн альбо кларэт; апошні патрабуе вялікай колькасці цукру. Пасудзіна, у якой кіпяцяць віно, мусіць быць выключна чыстаю і не выкарыстоўвацца ні для чога болей. Маленькі бляшаны рондальчык можна купіць за бясцэнак, і ён будзе тут лепшы за звычайны рондаль, бо гэты апошні, калі толькі яго не адмыць бездакорна, сапсуе віно, надзяліўшы яго надзвычай непрыемным пахам. У бляшаным рондальчыку, у якім кіпяцяць віно, нельга гатаваць нічога іншага.

 

Пераклаў Антон Францішак Брыль

 

 

Піражкі з салодкаю начынкаю (шматдзённы)

 

Складнікі для начынкі: 3 вялікія лімоны, 3 вялікія яблыкі, фунт (~450 г) разынак без костачак, фунт парэчкі, фунт здору, 2 фунты бурага цукру, па унцыі (~30 г) лімонных і апельсінавых цукатаў, кубачак брэндзі, 2 сталовыя лыжкі апельсінавага джэму.

 

Спосаб: Здыміце скурку з лімонаў, выцісніце сок і працадзіце яго, рэшту лімонаў варыце, пакуль яны не стануць дастаткова мяккімі, а тады як след растаўчыце альбо нарэжце на дробныя кавалачкі. Яблыкі запячыце, папярэдне пачысціўшы ды выразаўшы асяродкі. Дадайце растоўчаныя лімоны да яблыкаў. Дадавайце адзін за адным астатнія складнікі, кожны раз добра ўсё перамешваючы. Складзіце начынку ў каменную пасудзіну са шчыльнай накрыўкай, і праз два тыдні яе можна будзе ўжываць.

 

Уласна піражкі. Прыгатуйце добрае слоенае цеста. Раскатайце яго да таўшчыні каля ў 1/4 цалі (прыблізна паўсантыметра), выкладзіце ім формы прыдатнага памеру. Запоўніце начынкаю і накрыйце цестам, падразаючы яго вакол пад край формы. Пастаўце піражкі ў добра разагрэтую (200-230°) духоўку і пячыце 25 хвілін, альбо даўжэй, калі пірагі вялікія. Тады абмажце іх зверху ўзбітым бялком, абсыпце тоўчаным цукрам ды пастаўце ў духоўку яшчэ на хвіліну ці дзве, каб бялок падсох. Выкладзіце на белыя сурвэткі і падавайце гарачымі. Калі жадаеце, можаце проста абсыпаць іх тоўчаным цукрам, без бялка. Каб разагрэць такія піражкі, пакладзіце іх у формы й пастаўце ў духоўку на 10-15 хвілін, і яны будуць не нашмат горшыя за свежыя.

 

Час: 25-30 хвілін, каб разагрэць — дзесяць хвілін.

Сярэдняя цана: 4 пені кожны.

Дастаткова 1/2 фунта цеста на чатыры пірагі.

Дарэчныя ў калядны час.

 

Пераклаў Антон Францішак Брыль

 

 

Просты пудынг для дзяцей

 

Складнікі: 1 фунт мукі (~450 г), 1 фунт хлебных крошак, 3/4 фунта разынак без костачак, 3/4 фунта чорных парэчак, 3/4 фунта здору, 3 ці 4 яйкі, малако, 2 унцыі (~60 г) цукатаў, 1 чайная лыжка гваздзікі, солі — прыкладна 1/2 саляной лыжачкі.

 

Спосаб: Здор мусіць быць парэзаны, разынкі — пазбаўленыя костачак, парэчкі —вымытыя, перабраныя і сухія. Да гэтых складнікаў дадаюцца астатнія сыпкія рэчывы, і ўсё разам добра перамешваецца. Потым у пудынг трэба разбіць яйкі, маса ўзбіваецца, і ў яе дадаецца трошкі малака — роўна столькі, каб яе можна было добра змяшаць. Маса завязваецца ў прысыпаную мукой тканіну, кладзецца ў гатаваную ваду і варыцца не менш за пяць гадзінаў. Перад падачай на стол пудынг упрыгожваецца зверху галінкай вастралісту і прысыпаецца цукровым пяском.

 

Час: 5 гадзінаў.

Сярэдняя цана: 1 шылінг 9 пенсаў.

Стравы хопіць для 9 ці 10 дзяцей.

Дарэчны ў калядны час.

 

Разынкі — гэта вінаградзіны, якія рыхтуюцца наступным чынам: спачатку іх пакідаюць на лазе, каб яны добра даспелі, а потым сушаць на сонцы ці ў гарачай печы. Высушаныя на сонцы разынкі салодкія, у высушаных у пячы з’яўляецца кіславаты водар. Самы звычайны спосаб сушыць разынкі на сонцы — звязаць разам дзве ці тры гронкі, пакуль яны яшчэ на лазе, і апусціць у гарачы настой драўніннага попелу, перамяшанага з невялікай колькасцю аліўкавага алею, што перашкодзіць ім зморшчыцца і змізарнець, пасля чаго пакінуць іх вісець на лазе дні на тры-чатыры, гарызантальна расклаўшы на жардзінах. Потым зрэзаць з галінкі і пакінуць спакойна дасыхаць на сонцы.

 

Пераклала Ганна Янкута

Чытайце таксама

882