Дзеці любяць Маер і Роўлінг больш за Руала Дала
11 лютага 2013
Апытанне паказала: самая папулярная кніга — “Шкляны дом: Вампіры Морганвіля” Рейчэл Кейн, першы раман з 15-часткавай фэнтэзійнай серыі, разлічанай на падлеткаў. Некаторыя кнігі серыі ўвайшлі ў спіс бэстсэлераў паводле версіі Тhe New York Times. Першая частка суперпаспяховай сагі пра вампіраў Стэфані Маер — “Змярканне” — таксама трапіла ў спіс перавагаў юных чытачоў, заняўшы трэцяе месца. Знайшлося месца і для двух раманаў Джоан Роўлінг — “Гары Потэр і вязень Азкабана”, “Гары Потэр і Кубак агню”, — і для “Кракадзілавых слёз” Энтані Горавіца.
Зрэшты, Дал стаў “любімым аўтарам настаўнікаў” у 2012 годзе. “Нягледзячы на тое, што творы Дала да гэтага часу шырока вывучаюць у школах, густы дзяцей вельмі змяніліся пад уплывам тэле- і кінаіндустрыі: напрыклад, цяпер мода на вампіраў. Палова кніг з топ-дзясяткі была экранізаваная: з раманаў Маер зрабілі 5 блакбастэраў, чатыры з якіх залічваюцца да 55 самых касавых фільмаў усіх часоў”, — каментуе Дзік Фох, кіраўнік кампаніі Renaissance Learning.
Тэксты Дала таксама натхняюць рэжысёраў. Том Мінчын стварыў мюзікл пра Мацільду, які заваяваў 7 прэмій Лоўрэнса Аліўе ў 2012 годзе. А “Чарлі і шакаладная фабрыка” ўдастоілася дзвюх экранізацый, апошнюю з якіх, з Джоні Дэпам, зняў Цім Бёртан у 2005 годзе.