Перспектывы беларускай перакладной літаратуры абмяркуюць 27 сакавіка
22 сакавіка 2013
Удзельнікі могуць прадставіць экспертную пазіцыю, выказаць сваё меркаванне ў дыскусіі, а галоўнае — паспрабаваць выпрацаваць супольныя падыходы да развіцця сітуацыі і заключыць паміж сабой адпаведныя пагадненні.
Прапануецца разгляд пытанняў у межах двух тэматычных блокаў:
1. Перакладная літаратура (мастацкая і навуковая) у Беларусі: аналітыка і ацэнка сітуацыі.
Якое месца займае напрацаваны сегмент перакладаў і выданняў кніг на беларускай мове сярод аналагічных перакладчыцкіх праектаў на рускай мове? Ці існуе тут канкурэнцыя альбо паралельнае існаванне двух рынкаў? Якія задачы ставяць перад сабой асобы (калектывы, супольнасці), уключаныя у перакладчыцка-выдавецкую дзейнасць? Чым гэтая дзейнасць матываваная? Ці ёсць ад яе плён, асабісты ці супольны? Ці можа гэты кірунак дзейнасці мець сур’ёзны ўплыў на развіццё культуры і інтэлектуальнай (навуковай) працы ў Беларусі?
2. Перспектывы развіцця перакладной літаратуры і фармавання кніжнага рынку.
Якія кірункі працы ў кнігавыданні на беларускай мове выглядаюць найбольш перспектыўнымі? Якія стратэгіі абіраюцца рознымі суб’ектамі ў гэтай галіне (экспансія, самазахаванне, іншае)? Якія найбольш сур’ёзныя перашкоды і праблемы паўстаюць і ці ёсць спосабы іх развязання? Ці ёсць магчымасць развіцця праз кааперацыю і пашырэнне ўзаемадзеяння? Якія крокі варта было б для гэтага зрабіць?
У якасці экспертаў да ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя перакладчыкі і выдаўцы: Павал Касцюкевіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Зміцер Вішнёў, Эдуард Куфцерын, Зміцер Колас, Андрэй Казакевіч, Генадзь Сагановіч, Сяргей Сматрычэнка, Аляксей Ластоўскі.
Вядоўцы дыскусіі — Павел Баркоўскі і Андрэй Ягораў.
Колькасць месцаў абмежаваная, просім загадзя звязацца з каардынатарам:
Юлія Галіноўская: +375297422040; Julia.hurska@gmail.com.
Час: 19.30.
Месца: кнігарня "логвінаЎ" (пр-т Незалежнасці, 37А).