№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Нядаўна адшуканы твор маркіза дэ Сада адразу забаранілі друкаваць

1 красавіка 2013

Нядаўна адшуканы твор маркіза дэ Сада адразу забаранілі друкаваць
Рукапіс прайшоў усе патрэбныя працэдуры, аўтарства пацверджанае галоўным знаўцам творчасці дэ Сада, прафесарам Сарбонскага ўніверсітэта Эміліяй Турвіль, якая надрукавала абгрунтаванне ў парыжскім часопісе L’Homme et la société.

Трактат мусіў неўзабаве выйсці асобным выданнем пад рэдакцыяй усё той жа Эміліі Турвіль, аднак супраць гэтага паўстала не толькі большая частка прафесуры філалагічнай кафедры Сарбонскага ўніверсітэта, але і грамадзянская супольнасць, якую зацікавілі прэв’ю выдання. На сённяшні момант падрыхтоўка кнігі спыненая і адкладзеная на нявызначаны тэрмін. На афіцыйным сайце выдавецтва такая затрымка каментуецца наступным чынам: “У новым трактаце маркіза дэ Сада грамадства бачыць небяспеку для маралі і лічыць, што паспешлівае выданне твора можа прывесці да фатальных наступстваў”. У інтэрв’ю часопісу Paris Match Эмілія Турвіль так пракаментавала гэтую заяву: “Многіх маіх калег надзвычай турбуе той факт, што трактат “Дзіцячыя гульні маркізы Н.” мае надзіва памяркоўны характар: аўтар разглядае ў ім штодзённы лад жыцця выдуманай, наколькі мы можам цяпер меркаваць, дзяўчынкі знатнай фаміліі, з усёй падрабязнасцю апісвае яе нявінныя гульні і не спрабуе даць ім характэрную для гэтага аўтара інтэрпрэтацыю. Баюся, прафесуры нашай кафедры не хапае шырыні поглядаў, каб успрыняць гэты трактат тым, чым ён ёсць насамрэч, і не шукаць у ім нейкіх шакавальных метафараў. Што да грамадскіх актывістаў, чые заклікі спыніць падрыхтоўку выдання займелі нечаканы, як на мяне, плён, то тут, баюся, навідавоку простая чалавечая дурасць: яны баяцца, што таемны сэнс “Дзіцячых гульняў” акажацца ўрэшце такім амаральным, што гэта страсяне асновы нашага грамадства”.

Ужо цяпер “Суполка жанчын Францыі” патрабуе знішчэння рукапісу: яе кіраўнікі лічаць, што нявінны на першы погляд характар твора можа сведчыць пра яго глыбінную разбэшчанасць і безліч схаваных непрыстойных сэнсаў. Часопіс Elle правёў апытанне сярод студэнтаў філалагічнага і тэалагічнага факультэтаў на тэму таго, як моладзь ставіцца да самой ідэі забараніць выданне нейкага твора, які, магчыма, мае навуковую і літаратурную каштоўнасць. “Такая забарона можа пацягнуць за сабой падаўжэнне тэрміна дзеяння аўтарскага права, — пажартаваў адзін з будучых магістраў тэалагічных навук. — Мабыць, хутка гэты тэрмін будзе вызначацца не толькі кнігай “Майн кампф”, але і “Дзіцячымі гульнямі маркізы Н.”

Але як бы там ні было, ужо дакладна вядома, што пачытаць знойдзены нядаўна трактат аматары творчасці маркіза дэ Сада да канца 2013 году не змогуць. Далейшы лёс твора пакуль невядомы. Найбліжэйшым часам Эмілія Турвіль плануе звярнуцца да Міжнароднай асацыяцыі філолагаў і збіраць подпісы за адмену забароны друкаваць рукапіс.
паводле paris-sorbonne.fr

Чытайце таксама

356