У аўтара “Асінай фабрыкі” Ена Бэнкса апошняя стадыя раку
5 красавіка 2013
Пасля таго як пісьменнік даведаўся пра дыягназ, ён ажаніўся. Бэнкс спытаў у сваёй каханай Адэлі, “ці не зробіць яна яму ласку і не стане яго ўдавой”, — паведамляе газета. “Выбачайце, але чорны гумар нам дапамагае”, — дадаў пісьменнік. Цяпер у яго мядовы месяц, ён разам з жонкай сустракаецца з блізкімі людзьмі і наведвае важныя для яго мясціны.
Паводле дадзеных The Guardian, пісьменнік таксама папрасіў сваіх выдаўцоў выпусціць раней за тэрмін яго апошні раман “Каменяломня” (The Quarry), каб ён паспеў пабачыць яго на кніжных паліцах.
Ен Бэнкс, які нарадзіўся ў шатландскім горадзе Данфермлін, зрабіўся вядомым пасля выхаду ў 1984 годзе рамана “Асіная фабрыка”. Ён таксама пісаў у жанры навуковай фантастыкі, стварыўшы цыкл кніг пра штучны розум. Яму належаць кнігі “Крокі па шкле”, “Мост”, “Песня каменя”. У 2008 годзе газета The Times уключыла яго ў спіс 50 найбуйнейшых брытанскіх пісьменнікаў другой паловы XX стагоддзя.