У Расіі забараняюць мацюкі ў кіно і літаратуры
15 красавіка 2013
У КоАП, згодна з законапраектам, мае быць унесены новы артыкул, паводле якога парушэнне забароны на нецэнзурную лаянку пацягне штраф у 2-2,5 тысячы расійскіх рублёў для фізічных асоб, 4-5 тысяч для службовых і 40-50 тысяч для юрыдычных. Выкарыстанне мацюкоў у фільмах у выпадку прыняцця паправак можа скончыцца адмовай у выдачы стужцы пракатнага пасведчання.
Законапраект плануюць дапрацаваць да другога чытання, у прыватнасці, растлумачыць выкарыстанне нецэнзурных выразаў у мастацкай літаратуры для рэалізацыі аўтарскай задумы і ўдакладніць, хто зможа складаць пратаколы і разглядаць справы аб парушэнні забароны. Акрамя таго, да другога чытання ў дакумент могуць дадаць норму, якая ўводзіць маркіроўку “18+” для кніг, у якіх выкарыстоўваюцца мацюкі, а кіраўнік камітэта па культуры Станіслаў Гаварухін прапанаваў прадаваць такія кнігі ў закрытай упакоўцы.
Законапраект аб забароне мацюкоў у літаратуры і кіно быў унесены на разгляд у Дзярждуме ў снежні 2012 году дэпутатамі ад “Адзінай Расіі” і чальцамі Савета Федэрацыі. Незадоўга да разгляду дакумента ў першым чытанні, у красавіку 2013 году, быў прыняты аналагічны закон, які забараняе нецэнзурныя выразы ў СМІ пад пагрозай штрафу да 200 тысяч рублёў.