Андрэй Хадановіч раскажа пра пераклад як пра мастацтва немагчымага
19 красавіка 2013
У інтэрв’ю Глебу Лабадзенку для партала tut.by Андрэй Хадановіч сказаў:
“Назва лекцыі, што я рыхтую, — “Мастацтва немагчымага” — гэта не толькі пафас, даніна павагі калегам, настаўнікам альбо нейкая нясціплая спроба пахваліцца. Тут яшчэ і пэўны сарказм, нейкая (сама)іронія. Памятаеце анекдот: загадала Снежная Каралева Каю скласці слова “вечнасць” — а ў яго толькі 4 літары: “ж”, “о”, “п” і “а”. Часам мне праца перакладчыка бачыцца настолькі ж няўдзячнай: поле для манеўраў надзвычай абмежаванае, а зрабіць трэба вельмі шмат. Але часам — насуперак усяму — нешта ўдаецца зрабіць, і нават нямала. Рытарычнае пытанне: беларускія перакладчыкі — гэта прафесіяналы ці не? Для ніводнага з іх гэта на сёння не прафесія, якая іх гарантавана пракорміць. Але тэксты аказваюцца зробленымі на прафесійным (часам — вельмі прафесійным) узроўні. Такога, як цяпер, у нашым перакладзе не было ніколі — настолькі стабільнага, высокага, цікавага ўзроўню перакладаў, якім валодаюць дзясяткі маладых перакладчыкаў паэзіі і прозы. Як бы ні выскалялі зубы ананімныя тролі ў каментах. А хто можа спажыць гэтыя пераклады? У прынцыпе, кожны, хто яшчэ не развучыўся чытаць кірылічныя літары. Паўтаруся, сёння вырасла пакаленне спажыўцоў культуры, для якіх найважнейшае — якасць літаратурнага прадукту. І ніякая рускамоўнасць не перашкодзіць ім прачытаць кнігу вершаў ці раман, перакладзеныя на беларускую мову, калі гэта зроблена добра”.
Цалкам інтэрв’ю чытайце тут.