90 тамоў Льва Талстога выкладуць у інтэрнэт
20 чэрвеня 2013
Арганізатары праекту прапанавалі папрацаваць на яго валанцёрам. На сайце ЧитаемТолстого.рф любы ахвотны можа спампаваць 20 старонак тэксту і спецыяльную версію ABBYY FineReader, якая дапаможа распазнаць тэксты. Затым фрагменты твораў правераць карэктары. Такім чынам, кнігі пасля аблічбавання не павінныя ўтрымліваць ні памылак, ні абдруковак.
У прэс-рэлізе адзначаецца, што самыя актыўныя валанцёры па заканчэнні праекту атрымаюць прызы. Пасля аблічбавання і вычыткі поўны збор твораў Талстога будзе даступны на сайце tolstoy.ru, які распрацоўваюць музей Талстога і музей-сядзіба “Ясная Паляна”.
90-томнік Льва Талстога выходзіў у Дзяржлітвыдаце з 1928 па 1958 гг. У гэты збор твораў уключаныя ўсе мастацкія творы пісьменніка, яго дзённікі, лісты, публіцыстычныя, філасофска-рэлігійныя творы, педагагічныя артыкулы, а таксама чарнавікі.
У інтэрнэце ўжо таксама даступны 22-томны збор твораў Талстога, які выходзіў у выдавецтве “Художественная литература” ў 1978—1985 гг. У яго апроч самых вядомых твораў Талстога ўваходзяць лісты, дзённікі і публіцыстычныя нататкі.
У 2000 годзе ў Інстытуце сусветнай літаратуры выйшаў першы том 100-томнага збору твораў Льва Талстога, у якім плануецца выдаць усе творы найбуйнейшага рускага пісьменніка XIX стагоддзя без купюр.