Навуковец пазнаў Шэкспіра па дрэнным почырку
15 жніўня 2013
У 2012 годзе аўтарытэтны англійскі шэкспіравед Браян Вікерс (Brian Vickers) выкарыстаў кампутарную праграму, якая распазнае лексіку і фразеалогію, для параўнання гэтых 325 радкоў з шэкспіраўскім канонам. Ён прыйшоў да высновы, што з вялікай доляй верагоднасці драматург удзельнічаў у напісанні дапаўненняў да “Гішпанскай трагедыі”. Брустэр, адштурхваючыся ад пошукаў Вікерса, зрабіў такія ж высновы, але ўжо грунтуючыся на спецыфіцы почырку Шэкспіра.
Узораў почырку Шэкспіра не захавалася, за выключэннем трох рукапісных старонак (захоўваюцца ў Брытанскай бібліятэцы), якія пераканаўча прыпісваюць драматургу. Яны з'яўляюцца часткай п'есы, прысвечанай жыццю Томаса Мора, знакамітага ангельскага гуманіста і лорда-канцлера Генрыха VIII. На гэтых старонках бачныя некаторыя асаблівасці почырку аўтара, праз якія наборшчыкі маглі няправільна трактаваць напісанае і рабіць памылкі.
Паколькі рукапіснага тэксту дапаўненняў да “Гішпанскай трагедыі” не захавалася, Брустэр параўнаў надрукаваны варыянт п'есы з трыма рукапіснымі старонкамі “Томаса Мора” і знайшоў паміж імі адпаведнасці. Даследчык вызначыў 24 варыянты скарочанага напісання слоў, якія часта сустракаюцца і якія, верагодна, маглі ўвесці наборшчыкаў у зман. У прыватнасці, аўтар рукапісу скарачаў падваенне зычных, прыбіраў апошнюю літару “e” ў многіх словах ці мяняў канчатак мінулага часу -ed на -t.
У пацверджанне сваіх слоў даследчык паказвае, як маглі б выглядаць некаторыя радкі з дапаўненняў да “Гішпанскай трагедыі”, калі б меркаваны почырк Шэкспіра быў зразуметы правільна. Напрыклад, у адным фрагменце словазлучэнне “I, or yet”, паводле словаў Брустэра, можа апынуцца скарочаным імем Ieronimo (Ier), і тады маналог аднаго з персанажаў, які здаваўся бессэнсоўным, робіцца зразумелым. “Тое, што мы лічылі блага напісанымі радкамі, насамрэч аказалася дрэнным почыркам Шэкспіра”, — заявіў Брустэр.
Некалькі шэкспіраведаў, у тым ліку рэдактар і навуковец з Універсітэта Невады Эрык Расмусэн, падтрымалі гіпотэзу Брустэра. Паводле дадзеных выдання, Расмусэн нават плануе ўключыць “Гішпанскую трагедыю” ў зборнік п'ес Шэкспіра, які выпусціць тэатральная кампанія Royal Shakespeare Company ў лістападзе 2013 года. У той жа час іншыя навукоўцы, напрыклад, оксфардскі прафесар Тыфані Стэрн, рэдактар-кансультант знакамітай выдавецкай серыі Arden Shakespeare, сумняюцца ў высновах Брустэра.
Ідэю аб тым, што дадатковыя радкі да твора Томаса Кіда напісаў менавіта Шэкспір, упершыню выказаў англійскі паэт Сэмюэл Тэйлар Колрыдж ў 1833 годзе. Ён паказваў на тое, што драматургі елізавецінскай эпохі, у тым ліку Шэкспір, часта засноўвалі свае п'есы на творах іншых аўтараў, пашыраючы і дапрацоўваючы іх сюжэт, або выступалі суаўтарамі аднаго і таго ж твора. Таксама існуе версія, што дадатковыя радкі да “Гішпанскай трагедыі” напісаў драматург Бэн Джонсан на замову антрэпрэнёра Філіпа Хенслаў. Асноўным аргументам супраць аўтарства Шэкспіра да гэтага часу была думка пра тое, што гэтыя 325 радкоў напісаныя занадта кепска.