Запрацаваў сайт, прысвечаны Льву Талстому
9 верасня 2013
На партале ўпершыню будзе прадстаўлены ўвесь 90-томны збор твораў Талстога ў электронным выглядзе. Кнігі можна будзе бясплатна спампаваць у фарматах PDF, fb2 і ePub. На момант напісання навіны ў адпаведным раздзеле сайта было выкладзена тры тамы са збору.
Праца па выкладцы электроннай версіі 90-томніка вядзецца ў рамках краўдсорсінгавага праекту “Увесь Талстой за адзін клік”. Праект быў запушчаны кампаніяй ABBYY сумесна з Дзяржаўным музеем Л. Талстога і музеем-сядзібай “Ясная Паляна” ў чэрвені. Вычытвалі талстоўскія творы валанцёры. Любы ахвотны мог спампаваць з сайта readingtolstoy.ru 20 старонак тэксту і спецыяльную версію ABBYY FineReader, якая дапамагае распазнаваць тэксты.
Працу планавалася праводзіць у тры этапы: вычытка тэксту валанцёрамі, паўторная праверка валанцёрамі-аўдытарамі, вычытка валанцёрамі-карэктарамі і канвертацыя ў фарматы электронных кніг. Першы этап, паводле словаў арганізатараў, завяршыўся рэкордна хутка. За 14 дзён былі вычытаныя ўсе 90 тамоў. У праекце ўзялі ўдзел 3123 удзельнікі з 49 краін. У канцы жніўня завяршыўся другі этап, цяпер ідзе праца над апошнім. Калі менавіта на сайце з'явяцца ўсе 90 тамоў, пакуль невядома.
Збор твораў Льва Талстога ў 90 тамах выходзіў з 1928 па 1958 г. у Дзяржлітвыдаце. У яго ўваходзяць усе мастацкія творы пісьменніка, а таксама дзённікі, лісты, публіцыстыка, філасофска-рэлігійныя творы і чарнавікі.