Сярод пераможцаў “Экслібрыса” — казкі “Сумны суп”, “Баваўняная дзяўчынка” і пераклад “Чараўніка краіны Оз”
11 верасня 2013
Першае месца атрымала Вольга Гапеева з казачнымі гісторыямі “Сумны суп”, а разам з ім — планшэт ад кампаніі Prestigio і выданне кнігі.
Другім месцам уганараваная Дар’я Вашкевіч з казкай “Баваўняная дзяўчынка” (твор быў ілюстраваны мастачкай Аленай Медзяковай). Пераможца атрымае рыдэр і магчымасць выдаць кнігу.
Трэцяе месца заняў пераклад “Чараўніка краіны Оз” Фрэнка Баўма, пераствораны на беларускую мову Сержуком Мядзведзевым, якому таксама дастанецца рыдэр.
У дзявятку дыпламантаў увайшлі (у алфавітным парадку):
Праект кнігі Сяргея Календы, Дашы Заічанка і Ліды Наліўка “Дзе жывуць беларускія пачваркі”;
Надзея Кандрусевіч з перакладам твора Сары Лундберг “Віта Белая Крэска”;
Павал Касцюкевіч з перакладам “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса;
Алесь Квіткевіч з перакладам першай кнігі “Хронікі Нарніі” Клайва Стэплза Льюіса (кніга мае назву “Нябож Чарадзея”);
Глеб Лабадзенка з кнігай дзіцячых моўных малюнкаў "дзіцячая заМова" і з працягам гэтага праекта;
Элеанора Ляхновіч з казкай “Турба-Элік і яго сябры” (твор быў ілюстраваны аўтарам);
Мілана Пасанен з дзённікавымі гісторыямі “Королева рулета”, якая стала сапраўдным адкрыццём конкурсу. Аўтарцы ўсяго 13 гадоў, але яе літаратурныя здольнасці, адчуванне стылю і пачуццё гумару прыемна ўразілі сябраў журы.
Наталля Рудак з перакладам “Маленькай вядзьмаркі” Отфрыда Пройслера;
Ксенія Шталянкова з працягам прыгодніцкага рамана для падлеткаў “Адваротны бок люстра”.
Усе фіналісты атрымаюць дыпломы і спецыяльныя прызы ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу “Экслібрыс” адбудзецца 12 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Пачатак а 18-й.