Узнагароджанне лаўрэатаў конкурсу дзіцячай літаратуры “Экслібрыс” імя Янкі Маўра
4 кастрычніка 2013
У наведнікаў вечарыны будзе магчымасць задаць пытанні сябрам журы конкурсу: Алене Масла, Людміле Рублеўскай, Алесю Пашкевічу, Пятру Васючэнку, Сержу Мінскевічу.
У вечарыне возьмуць удзел ганаровыя госці: Эва Суса, аўтар кнігі для дзяцей “Снежны чалавек”, якая выйшла нядаўна ў новай серыі “Каляровы ровар”, заснаванай СБП, і Гунар Ардэліюс, старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў.
Усе фіналісты атрымаюць дыпломы ад сябраў журы і памятныя падарункі ад арганізатараў. Каштоўныя прызы пераможцам уручыць прадстаўнік інтэрнэт-крамы электронных кніг ebooks.prestigioplaza.com. Аўтарку пераможнай казкі “Сумны суп” чакае новая мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note. Уладальнікі другога і трэцяга месца атрымаюць рыдэры Prestigio на электронных чарнілах. Спецыяльны прыз ад партнёраў конкурсу чакае 13-гадовую Мілану Пасанен, якая стала самым нечаканым адкрыццём конкурсу.
Таксама ў праграме — акустычны выступ гурта “Верасень”.
Вядоўца вечарыны — Усевалад Сцебурака.
Пра конкурс:
Конкурс “Экслібрыс” сёлета быў прысвечаны дзіцячай літаратуры. Усяго на яго прыйшло 117 заявак. Сярод удзельнікаў — жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі ва ўзросце да 40 гадоў. Канкурсанты прапанавалі творы ў самых розных жанрах — казкі і п’есы ў вершах, тэксты песняў для дзяцей, апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі або на аснове фальклору, коміксы, ілюстраваныя аповесці і раманы і нават цэлыя праекты кніг.
Арганізатарамі конкурсу выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр.