Конкурс рэцэнзій для чытачоў, якім ёсць што сказаць
15 кастрычніка 2013
Конкурс стартуе 14 кастрычніка — у дзень народзінаў самага значнага беларускага крытыка 1920-х гадоў Адама Бабарэкі, аднаго з заснавальнікаў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, які быў рэпрэсаваны.
Сказаць сваё крытычнае слова прапануецца як пра сучасную беларускую прозу, паэзію, драматургію, так і пра класічныя творы. У асобную намінацыю вынесеныя рэцэнзіі на кнігі, вылучаныя на прэмію імя Ежы Гедройца-2014, спіс якіх будзе паступова папаўняцца на сайце gedroyc.by.
“Самыя яркія рэцэнзіі, якія прыйдуць цягам конкурсу, мы будзем публікаваць на сайце bookster.by, — адзначае рэдактар літаратурнага партала Аляксандра Дорская. — Спадзяемся, яны выклічуць абмеркаванне і заахвоцяць іншых чытачоў да ўдзелу”.
Кожны ахвотны можа даслаць неабмежаваную колькасць прац у любых намінацыях на беларускай ці рускай мовах да 1 сакавіка 2014 года. Найлепшыя аўтары рэцэнзій, якіх вызначыць журы, атрымаюць запрашэнне на майстар-класы вядомых замежных літаратурных крытыкаў з Польшчы, Чэхіі, Швецыі ды Расіі.
Дасылаць рэцэнзіі можна на адрас info@pen-centre.by з пазнакай “Конкурс крытыкаў”. Больш падрабязна пра намінацыі і ўмовы конкурсу чытайце на сайце pen-centre.by альбо пытайцеся па тэлефонах +375 33 6528055 і +375 29 3964960.