Чылійскія патолагаанатамы: Пабла Неруда не быў атручаны
11 лістапада 2013

Цела Неруды эксгумавалі ў красавіку, каб зразумець, ці памёр паэт ад атручвання, як падазраваў яго кіроўца і некаторыя іншыя ў яго атачэнні.
Нэруда, якому на момант смерці было 69 гадоў, быў блізкім сябрам зрынутага Альендэ.
”Ніякіх хімічных рэагентаў не было знойдзена”, — сказаў дырэктар патолагаанатамічнай службы Чылі Патрысіё Бустас, адзначыўшы, што афіцыйная версія пра смерць паэта ад раку пацвердзілася.
Аднак і гэтае заключэнне не пераканала кіроўцу і асістэнта памерлага паэта Мануэля Арая, які ўсё яшчэ ўпэўнены, што літаратара атруцілі. Паводле словаў Арая, Неруда тэлефанаваў яму з лякарні перад смерцю, запэўніваючы, што яму стала дрэнна пасля ўколу ў жывот.
Падазрэнні кіроўцы падзяляюць і ў кампартыі Чылі, паводле словаў прадстаўнікоў якой, у Неруды не было ніякіх сімптомаў раку прастаты ў апошняй стадыі (менавіта гэта лічыцца афіцыйнай прычынай смерці паэта).
Як лічаць камуністы, вайскоўцы ва ўладзе асцерагаліся, што літаратар з'едзе ў Мексіку, адкуль ён мог бы весці кампанію па дыскрэдытацыі рэжыму Піначэта.
Магіла літаратара размяшчаецца ў садзе яго хаты ў мястэчку Ісла-Негра на беразе акіяна. Побач з ім пахаваная яго жонка Матыльдэ Урутыя.
Пляменнік Неруды Радольфа Рэес раней заяўляў, што сям'я хацела б ведаць праўду пра смерць паэта, “незалежна ад таго, памёр ён ад натуральных прычын ці быў забіты”.
Фонд Пабла Неруды, які распараджаецца яго спадчынай, з самага пачатку расследавання лічыў афіцыйную прычыну смерці праўдзівай.