№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

“Рыбін горад” Наталкі Бабінай выйшаў у Вялікабрытаніі

6 снежня 2013

“Рыбін горад” Наталкі Бабінай выйшаў у Вялікабрытаніі
Кніга выйшла ў папяровым і электронным выглядзе пад назвай Down Among The Fishes у лонданскім выдавецтве Glagoslav. Тут таксама выходзілі пераклады “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча і “Хатынскай аповесці” Алеся Адамовіча.

“Сёння Беларусь, якая асацыюецца ў асноўным з асобай Аляксандра Лукашэнкі, застаецца ўсё яшчэ невядомай для заходняга свету. Наталка Бабіна піша пра сваю Беларусь, дзе, нягледзячы на шматлікія стэрэатыпы аб гэтай краіне, людзі насалоджваюцца паўнавартасным жыццём: яны кахаюць, працуюць, шукаюць і знаходзяць шчасце, змагаюцца з абставінамі, смяюцца і плачуць. Ціхая і сарамлівая, Беларусь аказваецца краінай, напоўненай веліччу, шырынёй духу і гарачымі сэрцамі”, — такі тэкст змешчаны ў апісанні да кнігі на сайце выдання.

Аўтарка “Рыбінага горада” Наталка Бабіна расказала карэспандэнту REST.EJ.BY, што выданнем кнігі зацікавіўся асабіста дырэктар выдавецтва Glagoslav Максім Ходак, які паходзіць з Украіны. Перакласці раман на ангельскую ён прапанаваў беларускай пісьменніцы пасля таго, як гэтая кніга ўвайшла ў шорт-ліст прэстыжнай еўрапейскай прэміі Angelus.

Пераклад зрабіў Джым Дынглі, які ў свой час працаваў таксама над ангельскім варыянтам кнігі Уладзіміра Арлова “Краіна Беларусь”. Спадар Джым сустракаўся з Наталкай Бабінай у Мінску, каб абмеркаваць дэталі перакладу.

“Мяне вельмі ўразіла, як ён працаваў над тэкстам. Ён дабіваўся абсалютнай дакладнасці. Праца перакладчыка — яна вельмі складаная. Трэба перакладаць, як кажуць, не мову на мову, а стыль на стыль. Я, на жаль, не вельмі добра ведаю мову і не магу меркаваць пра тое, як выглядае гэты тэкст па-ангельску. Але па тым, што мы сядзелі з Джымам каля васьмі гадзін і здымалі яго пытанні, і па тым, як ён, напрыклад, перакладаў вершы, якія ёсць у тэксце, я зразумела, што пераклад павінен быць удалым. Што да Брэста, то я бачыла, што перакладчык падняў цэлы пласт гістарычнай літаратуры, нейкіх крыніц, датычных горада... Некаторыя яго пытанні нават мяне ставілі ў тупік!” — падзялілася ўражаннямі ад супрацы з перакладчыкам Наталка Бабіна.

Гэта ўжо трэцяе замежнае выданне рамана “Рыбін горад”. Дагэтуль кніга выходзіла ў перакладах на польскую і ўкраінскую мовы. Паводле словаў пісьменніцы, рыхтуецца таксама рускамоўнае выданне кнігі.

На вокладцы выдавецтва змясціла ілюстрацыю беларуска-польскага мастака Эдварда Галустава. “Ён намаляваў яе, прачытаўшы раман. І мне яна адназначна падабаецца, таму што ў ёй у алегарычнай форме перададзеная адна з думак гэтага рамана — пра сувязь пакаленняў, пра тое, што мы ўсе вырастаем з каранёў продкаў. Увогуле я хачу сказаць, што мне вельмі шанцуе з мастакамі, якія ілюструюць мае выданні”.

Для беларускай аўтаркі выхад кнігі, у якой дзеянні адбываюцца на Брэстчыне, на ангельскай мове — вялікая падзея, бо гэта магчымасць расказаць значнай частцы свету пра сваю малую радзіму: “Мяне вельмі ўзрушыла, калі некаторыя чытачы казалі: “Мы прачыталі ваш раман, і вось мы ехалі побач з Брэстам, альбо побач з Заказанкай (гэта вёска, адкуль я родам), побач з Прылукамі (у якіх дзеянне ў рамане) і адчувалі, што гэта ўсё тут адбывалася… Для мяне такія водгукі былі вельмі цікавымі. І мне здаецца, што цудоўна будзе, калі нехта з англамоўных чытачоў… уявіце: у Англіі, у Амерыцы або Індыі — захоча прыехаць у Брэст, каб паглядзець, дзе адбываліся дзеянні гэтага рамана… гэта будзе супер!”

Але не ў меншай ступені пісьменніцу цікавіць і рэакцыя беларускіх чытачоў на гэтую навіну. “Для мяне вельмі важна, каб берасцейцы зацікавіліся гэтым фактам. Ведаеце, для мяне Брэст і Берасцейшчына — гэта адзіная крыніца натхнення. Усё астатняе — гэта проста антураж. Калі б я не нарадзілася на Берасцейшчыне, калі б там я не ўсвядоміла сябе чалавекам, не ўсвядоміла сваіх каранёў, я б ніколі не стала пісьменніцай. І гэтыя кніжкі ніколі б не з'явіліся. Менавіта таму для мяне вельмі важна як менавіта на Берасцейшчыне ўспрымаецца мая творчасць (прабачце за такое пафаснае слова) і ці падабаецца мой раман месцічам. Я пішу найперш таму, што я родам з Берасцейшчыны”, — кажа Наталка Бабіна.

Чытайце таксама

602