Рыхтуецца да публікацыі невядомая аповесць Уладзіміра Караткевіча
11 снежня 2009
Аповесць будзе надрукаваная ў першых нумарах часопіса “Нёман” пад назвай “Перадгісторыя”. Рэдактар часопіса Алесь Бадак лічыць, што наўрад ці гэта сапраўдная назва, магчыма, гэта проста назва ўступу: “Тэкст сыры, складаецца з трох частак, малазвязаных паміж сабой. І ўступ настолькі адрозніваецца ад наступных частак – фактычна гэта накід, – што мы нават не ведаем, ці варта публікаваць яго ў складзе аповесці”.
Ва ўступе пісьменнік апісвае гісторыю народа, выцесненага “жалезнымі людзьмі” з роднай зямлі ў лясы і балоты. У другой часцы студэнт Ян Вар паступова адкрывае праўду пра гісторыю свайго народа і распачынае барацьбу з заваёўнікамі. А трэцяя частка аповесці – гэта амаль той Караткевіч, які нам добра знаёмы: апавяданне “Ля сценкі” пра расстрэл у 1863 годзе паўстанца Грынкевіча, продка Уладзіміра Караткевіча.