Выйшла новая кніга Рыгора Барадуліна
19 студзеня 2010
Народны паэт Рыгор Барадулін не здолеў прысутнічаць на вечарыне па стане здароўя. Падрабязней пра кнігу распавёў яе ўкладальнік і рэдактар, Алесь Камоцкі:
– Гэта кніжка, якую трэба гартаць. Для зручнасці ў ёй няма нумарацыі старонак. Калі сёння нейкае выслоўе не выклікае эмоцыяў, то заўтра абавязкова выкліча. Не кожны афарызм змяшчае гучную філасофію, некаторыя з іх асацыятыўныя, некаторыя выдзяляюць толькі адну эмоцыю, як усё ў жыцці.
Здымкі Джона Кунстадтэра — праваднікі па абшарах мудрасці, запаветаў, разваг і думак Барадуліна. Крыжы і буслянкі, бабулькі-сялянкі, вясковае жыццё беларускай вёскі, што адкрывае вачам чытачоў сутнасць і глыбіню беларускай культуры і прыроднай прыгажосці.
Джон Кунстадтэр працаваў у амерыканскай дыпламатычнай службе, у тым ліку і ў Беларусі ў якасці намесніка амбасадара ў 2000-2001 гадах. Цяпер Джон на пенсіі, а вольны час прысвячае фатаграфіі. Здымкі, якія ўвайшлі ў кнігу зроблены ў перыядзе з 2006 па 2009 гады падчас падарожжаў фотамастака па беларускіх мясцінах. Некалькі разоў на год Джон прыязджае ў Беларусь, каб спраўдзіць фотасесію для беларускіх краявідаў, а таксама вяскоўцаў, носьбітаў цікавай для фатографа культуры.
– Мы вандравалі па сярэдняй Прыпяці, – расказвае Джон Кунстадтэр. – Гэта цудоўныя вёскі. Яны не выміраюць, а нават растуць. Аднойчы я здымаў, а мае сябры пачалі размаўляць з жанчынай, сапраўднай паляшучкай. Яна распавядала пра свае справы, калі яе сын вярнуўся дамоў, яна вельмі ветліва і ціха загадала яму нешта зрабіць. Ён адразу пайшоў выконваць загад маці. Я здзівіўся і запытаўся, чаму ён яе адразу паслухаў. Яна патлумачыла ўсё адным словам: “Мусіць”. Я адчуў у гэтым моманце сэрца Беларусі.
Разам з прэзентацыяй кнігі адкрылася фотавыстава Джона Кунстадтэра — трэцяя па ліку персанальная выстава фотамастака ў Беларусі, якая налічвае больш за два дзесяткі твораў. Арганізацыйную дапамогу ў выданні кнігі аказала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Фотаздымкі Джона Кунстадтэра можна глядзець тут: radzimaphoto.com.