№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Прэмія Ежы Гедройца прысуджана Валеру Булгакаву і Уладзіміру Байдаву

2 красавіка 2010

Прэмія Ежы Гедройца прысуджана Валеру Булгакаву і Уладзіміру Байдаву
Пра гэта 1 красавіка ў Мінску паведаміў старшыня журы X прэміі імя Ежы Гедройца, дырэктар Польскага інстытута ў Менску Пётр Казакевіч.

Байдаў узнагароджаны за папулярызацыю і новую інтэрпрэтацыю польскай старадаўняй, класічнай і сучаснай музыкі, а таксама прафесійную прэзентацыю польскай музыкі беларускім слухачам, а Булгакаў — за навуковую, публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць, прысвечаную гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, а таксама праблемам развіцця нацыянальных супольнасцяў пасля распаду савецкай імперыі.

Польскі інстытут у Мінску пашырае статут штогадовай прэміі імя знакамітага мінчука Ежы Гедройца. Раней прэмія прысуджалася толькі журналістам, але з 2010 гады ёй будуць адзначацца прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі — аўтары новых ідэй у польска-беларускім дыялогу.

Дыпломы намінантаў прэміі атрымалі фотамастак Юры Васільеў, музыкавед Святлана Немагай, музыкавед, спявак і рэжысёр Віктар Скарабагатаў, аўтары кінааповесці пра Чэслава Немана Вера Савіна і Аляксандр Нілаў, тэатральны рэжысёр Мікалай Пінігін, публіцыст Анатоль Трафімчык, літаратуразнавец і публіцыст Аляксандр Фядута, паэт і перакладнік Андрэй Хадановіч, а таксама гісторык Андрэй Янушкевіч.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін падкрэсліў вялікую ролю Ежы Гедройца ў заснаванні новай паваеннай палітычнай думкі, якая прапанавала палякам глядзець на беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў не як на супернікаў, а як на спадчыннікаў агульнай традыцыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, а таксама як на саўдзельнікаў гістарычнага працэсу фармавання справядлівай і трывалай сістэмы краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Дыпламат назваў Гедройца "патронам і самым важным настаўнікам, які навучыў нас разумець суседзяў і любіць адметнасці іх культур". Амбасадар адзначыў "высокі ўзровень" беларускай культуры, прадстаўлены лаўрэатамі і намінантамі прэміі, "вельмі актыўную зацікаўленасць" беларускай культуры польскай культурай і "вельмі актыўную" яе папулярызацыю сярод беларусаў.

У інтэрв’ю “Нашай ніве” Валер Булгакаў падзяліўся выдавецкімі планамі:

- На наступным тыдні пойдзе ў друкарню кніжка важная для тых, каму неабыякавы лёс беларускай мовы. Гэта найпаўнейшы слоўнік, створаны на хвалях беларусізацыі ў БССР у 1920-х гадах, — «Расейска-беларускі слоўнік» Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, які выйшаў у Мінску ў 1928 годзе. Ён змяшчае больш за 60 тысяч расійскіх слоў. Пасля выдання ён быў выведзены з актыўнага ўжытку па той трагічнай прычыне, што Некрашэвіча арыштавалі і знішчылі па справе Саюза вызвалення Беларусі. Гэта выданне мае больш за 700 старонак.

Да пачатку мая спадзяёмся зрабіць факсімільнае перавыданне яшчэ аднаго забытага пласта беларускай культуры — акадэмічных тэрміналагічных слоўнікаў 1920-х гадоў. Шмат людзей пра іх чулі, але толькі выбраныя маюць да іх доступ. Бо ў Беларусі яны фактычна захоўваюцца ў поўным складзе толькі ў дзвюх бібліятэках — Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Я нагадаю, што падчас беларусізацыі і пасля яе згортвання былі выдадзены 23 акадэмічныя слоўнікі. Некаторыя з іх выйшлі пад рэдакцыяй класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Калі разам скласці гэтыя выданні, яны займаюць каля 2,5 тысяч старонак. Я думаю, што гэта будзе вялікі падарунак усім неабыякавым да беларускага слова.
паводле nn.by

Чытайце таксама

436