Я доўга не наважваўся ўзяцца за гэтую справу,бо праца для непрафесіянала тут немалая. Але "Шляхціц Завальня" для мяне – кніга амаль што асабістая: большасць апавяданняў адбывалася на той зямлі, дзе ляжаць многія мае продкі, таму я не ўтрымаўся і пачаў перакладаць. На працу даводзіцца ездзіць на цягніку, таму кожны дзень я меў дзве гадзіны свабоднага часу, тады і займаўся перакладам. Найбольш цяжка даваліся мне вершы, да таго моманту я іх ніколі не пісаў і не перакладаў, але мне дапамог бацька, растлумачыў, як складаць радкі. Наогул, падчас перакладу па кансультацыі даводзілася звяртацца шмат да якіх спецыялістаў: лінгвістаў, гісторыкаў, бібліёграфаў, тэолагаў, краязнаўцаў, нават астраномаў (кніга Баршчэўскага насамрэч насычаная шматлікімі загадкамі, большасць з якіх дагэтуль не разгаданыя). Усім ім я вельмі ўдзячны за дапамогу.

На жаль, у кнігу не ўдалося ўключыць каляровыя гістарычныя карты мясцінаў, дзе адбываецца дзеянне апавяданняў, а таксама партрэт аўтара і прыжыццёвыя ілюстрацыі. Але з іншага боку, кніга атрымалася таннай, даступнай нават студэнту ды пенсіянеру. Спадзяюся, яна адшукае ў Расіі свайго чытача.
А якой наагул была дарога гэтай кнігі да расійцаў? Ці былі ранейшыя спробы перакласці кнігу, якой ужо амаль два стагоддзі?
Дарога "Шляхціца" да расійскага чытача вельмі доўгая. Упершыню рускамоўную аўдыторыю пазнаёміў з гэтай кнігай гусар-пустэльнік Леў Аляксандравіч Кавелін, бліскучы афіцэр, які троху пазней прыняў манаства і зрабіўся больш вядомым як архімандрыт Леанід. Яшчэ ў 1846 годзе ён пераклаў на рускую мову "Нарыс Паўночнай Беларусі" і "Успаміны пра наведванне роднага краю" і апублікаваў іх у часопісе "Иллюстрация". Вядома, што ён планаваў перакласці і іншыя апавяданні Яна Баршчэўскага, і рэдактар часопіса "Маяк" Стэфан Анісімавіч Бурачок нават пагадзіўся іх надрукаваць, але з нявысветленых прычынаў гэты праект застаўся нерэалізаваным. Такім чынам, поўны пераклад кнігі з’явіўся ў Расіі толькі праз паўтара стагоддзя.
На дадзены момант на расійскую мову ў асноўным перакладаюць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Адам Глобус, Андрэй Хадановіч і прадстаўнікі маладзейшай генерацыі беларускіх пісьменнікаў. А наколькі запатрабаваная ў Расіі класічная беларуская літаратура?
Класічная літаратура, на маю сціплую думку, таму і класічная, што яна актуальная заўсёды, хоць бы і не для вялікай часткі грамадства. Рынкавыя абставіны, безумоўна, не спрыяюць з'яўленню перакладной класікі значнымі накладамі, але ёсць выдавецтвы, якія зацікаўленыя ў гэтым, прашу прабачэння, "сектары рынку", ёсць выдаўцы, якія жывуць у літаратуры, а не за кошт яе.
А чым, на Вашую думку, гэтая кніга можа быць цікавая для расійцаў?
Мяркую, гэтую кнігу могуць заўважыць чытачы, якія цікавяцца славянскім светам наагул і Беларуссю ў прыватнасці – такіх шмат як сярод навукоўцаў, так і сярод шараговых расійскіх чытачоў. Таксама цікавай яна можа стаць для аматараў рамантычнай, казачнай ды містычнай літаратуры XIX стагоддзя, таму што Баршчэўскі займае значнае месца ў шэрагу такіх пісьменнікаў, як Гофман, Гогаль, Адоеўскі ды інш. Але найперш, на маю думку, у Расіі гэтая кніга павінная зацікавіць выхадцаў з Беларусі – з Віцебшчыны, Полаччыны, Расоншчыны і іх нашчадкаў: лёс Янкі, які атрымаў адукацыю на Радзіме, а пасля з’ехаў у Санкт-Пецярбург, вельмі нагадвае жыццё шмат каго з іх. Упэўнены, што яны ўспамінаюць зямлю сваіх продкаў; няхай жа гэтая кніга будзе ім прывітаннем адтуль, а запавет, які Завальня даў Янку, вядзе іх шляхамі зямнымі.
Пра тое, які чынам набыць кнігу, Дзмітры Вінаходаў піша ў сваім ЖЖ.
Фота перакладчыка – з сайта barszczewski.spb.ru