У Празе пануе “Ерась і бунтарства”
10 чэрвеня 2010
Штогадовыя пражскія пісьменніцкія фестывалі цяпер належаць да яскравых падзеяў еўрапейскага культурнага календара. Іх гісторыя пачалася ў канцы 1970-х гадоў, калі Хельсінкскі камітэт спрабаваў падтрымаць пісьменнікаў у краінах камуністычнага блоку Усходняй Еўропы.
«Ерась і бунтарства» - галоўная тэма сёлетняга фестывалю. На думку нязменнага прэзідэнта фестывалю Майкла Марча, кожны пісьменнік па сваёй сутнасці - ерэтык, кожны па сваёй прыродзе -- бунтар.
«Гэта не рэвалюцыя, гэта спроба апаніраваць уладнай ідэалогіі, дзяржаўнай прапагандзе і пануючаму спосабу мыслення», - так абгрунтоўвае выбар тэмы фестывалю Майкл Марч. Урэшце, мы жывем у такі час, калі нельга ні на хвіліну спыняцца, губляць з поля зроку дэмакратычныя каштоўнасці праўды і свабоды.
Сярод гасцей фестывалю - Нобелеўскі лаўрэат, кітайскі пісьменнік Гаа Сіньцзян, да прыезду якога ў чэшскім перакладзе выйшла кніга «Гара душы». У Прагу прыехалі таксама Фернанда Арабаль - гішпанскі драматург, аўтар сцэнарыя вядомага фільма «Герніка», і алжырская пісьменніца Асія Джэбар.
“Сюды прыязджаюць найвялікшыя, найлепшыя паэты, пісьменнікі і гэта, як кажуць ангельцы, – такі “fun”, гэта такая вялікая сур'ёзная забаўка, - адзначае удзельнік фетсывалю, расійскі пісьменнік, Ігар Памеранцаў. - Ты бачыш тых людзей, якія ў нейкіх каморах нешта такое пішуць, у кампутарах працуюць. А раз на год яны на сцэне, яны адчуваюць сябе сканфужана, я б сказаў. Яны ўсё ж такі не акцёры. Але гэта цікавая сустрэча як сацыяльная падзея, таму што насамрэч, я думаю, пісьменнікі мусяць сустракацца з чытачамі ў кнізе”.
Фестываль завершыць сваю працу 10 чэрвеня. У гэты дзень будзе ўручаная галоўная ўзнагарода фестывалю імя Спіраса Вергаса - грэчаскага паэта, які змагаўся за свабоду слова, супраць парушэння правоў чалавека. Першым лаўрэатам прэміі ў 2008 годзе стала расійская паэтка Наталля Гарбанеўская.