У Вялікабрытаніі злавілі найвялікшага бібліятэчнага злачынцу
30 чэрвеня 2010
Больш як 500 скрадзеных рарытэтаў Жак выстаўляў на аўкцыёнах, пры гэтым злодзей знішчаў бібліяэчныя штампы, часам нават пашкоджваючы антыкварныя кнігі. Кемлівасць і добрая абазнанасць у букіністычным гандлі дапамагалі Ўільяму Жаку выбіраць самыя каштоўныя выданні, менавіта таму страты, панесеныя ад ягонай дзейнасці, ацэньваюцца ў такую вялікую суму.
Афёра Жака апынулася пад пагрозай, калі на адной з кніжак, прададзенай праз аўкцыён, былі заўважаныя бібліятэчныя пазнакі. Аб гэтым было паведамлена аўкцыённым дамам, і некаторыя з іх зразумелі, што неаднаразова прадавалі крадзеныя кнігі.
Злодзей адмаўляў факты крадзяжу і сцвярджаў, што займаецца збіраннем і рэстаўрацыяй старых кніг, аднак амаль адразу ўцёк на Кубу, якая не выдае злачынцаў. На Кубе ён затрымаўся ўсяго на 7 тыдняў і адразу па вяртанні апынуўся на лаве падсудных. У 2002 годзе Жак быў асуджаны на чатыры гады турмы з кампенсацыяй нанесенай шкоды. Але цяпер, пасля таго як суду сталі вядомыя дадатковыя абставіны ўчыненых крадзяжоў, Ўільяму Жаку пагражае яшчэ столькі ж.
Большасць скрадзеных рарытэтаў была вернутая бібліятэкам, у прыватнасці кніга Галілея 1610 году (ацэньваецца ў 180 тыс. фунтаў), Астраномія Кеплера 1609 году і асобнікі “Матэматычных пачаткаў” Ісака Ньютана 1687 году, якія ацэньваюцца ў 135 тыс. фунтаў.