Кібіраў, Рубіна і Пялевін у доўгім спісе "Рускага Букера"
1 ліпеня 2010
"Больш за ўсё пацешыла, што на конкурс дасланыя кнігі, напісаныя і выдадзеныя ў расійскай глыбінцы", – пракаментаваў прамежкавы вынік старшыня журы прэміі Руслан Кірэеў. Ён таксама выказаў радасць з нагоды таго, што ў расійскай літаратуры з'яўляюцца новыя імёны. У прыклад Кірэеў прывёў пісьменніка Андрэя Іванова, які трапіў у лонг-ліст з раманам "Путешествие Ханумана на Лолланд", а таксама Арыядну Барысаву, якая выдала сваю трылогію ў Якуцку.
Арганізатары паведамілі, што сёлета будзе працягнуты агульнарасійскі праект "Студэнцкі Букер", пераможцу якога выбірае студэнцкае журы. Акрамя таго, было анансаванае правядзенне канферэнцыі "Інтэрнэт – новае быццё ці нябыт літаратуры". З пункту гледжання рэгламенту конкурсу стаўленне арганізатараў да сусветнай павуціны не змянілася. Творы, выдадзеныя толькі ў электронным, а не ў папяровым варыянце, да ўдзелу ў "Букеры" не дапускаюцца.
Прэмію "Рускі Букер" уручаюць з 1992 году. Кіраўніцтва прэміяй ажыццяўляе Букераўскі камітэт, у які ўваходзяць вядомыя пісьменнікі і журналісты, а ўзначальвае яго брытанскі літаратар Джордж Ўолдэн. У 2009 годзе лаўрэатам прэміі стала Алена Чыжова з раманам "Время женщин". У 2010-м памер прыза будзе павялічаны з 500 да 600 тысяч рублёў.
Журы конкурсу сёлета ўзначальвае Руслан Кірэеў. Разам з ім ацэнкай працаў займаюцца крытыкі Марына Абашава з Пярмі і Марыя Рэмізава, празаік Валерый Папоў з Санкт-Пецярбурга, рэжысёр і сцэнарыст Вадзім Абдрашытаў. Шорт-ліст "Букера-2010" мусяць абвясціць 6 кастрычніка, а імя пераможцы – 2 снежня.