У Швейцарыі адкрылі сейфы з рукапісамі Кафкі
20 ліпеня 2010
Спецыялісты не выключаюць, што сярод папераў, напісаных больш за 80 гадоў таму, ёсць унікальныя рукапісы, са зместам якіх ніхто раней не знаёміўся.
Як піша The Guardian, швейцарскія сейфы з паперамі Кафкі адкрылі па пастанове ізраільскага суда. Тыдзень таму ён таксама пастанавіў адкрыць банкаўскія ячэйкі ў Тэль-Авіве, дзе захоўвалася другая частка архіва пісьменніка.
Паведамляецца таксама, што падчас адкрыцця архіва, што захоўваўся ў Цюрыху з 1956 году, прысутнічалі юрысты, прадстаўнікі Нямецкага літаратурнага архіва і Нацыянальнай бібліятэкі Ізраілю, а таксама сёстры Ева і Рут Хофэ (другую сястру ў СМІ часам называюць Руці Віслер), якія таксама прэтэндуюць на рукапісы Кафкі.
Судовыя працэсы вакол архіва пісьменніка, які памёр у 1924 годзе, звязаныя з тым, што да гэтага часу незразумела, хто законны ўладальнік гэтых папераў.
Як вядома, Кафка пакінуў свае рукапісы сябру і паверніку Максу Броду і сваёй каханай Доры Дыямант і даў наказ спаліць усе паперы. Дыямант сапраўды знішчыла частку папераў, а лісты і нататнікі, якія жанчына вырашыла ўсё ж захаваць, зніклі пасля ператрусу, праведзенага ў яе берлінскай кватэры гестапаўцамі ў пачатку 1930-х гадоў.
Брод жа нічога не спальваў. Ён надрукаваў шэраг твораў Кафкі, якія не былі выдадзеныя пры жыцці пісьменніка, і працягваў захоўваць яго рукапісы. У 1939 годзе Брод з архівам збег з Еўропы ў Палестыну, а ў 1956-м схаваў спадчыну Кафкі ў адным са швейцарскіх банкаў. Пасля частку гэтага архіва Брод аддаў бібліятэцы Оксфардскага ўніверсітэта.
Пры гэтым некаторыя рукапісы Кафкі захоўваліся і ў кватэры Брода ў Тэль-Авіве. Гэтая частка архіва пасля смерці ўладальніка ў 1968 годзе перайшла да яго сакратаркі і, магчыма, каханкі Эстэр Хофэ. Вядома, што некаторыя паперы жанчына прадала (у прыватнасці, рукапіс "Працэсу", які пасля адышоў да адной з нямецкіх бібліятэк), а нешта змясціла на захоўванне ў банкі. Пэўную частку архіва Хофэ захоўвала ў сябе дома ў Тэль-Авіве.
Пасля смерці жанчыны ў 2008 годзе рукапісы, якія належалі ёй, перайшлі ў рукі яе дачок, Евы і Рут. У наступныя два гады Нацыянальная бібліятэка Ізраілю праз суд дамагалася таго, каб сёстры адкрылі архіў. У якасці аргументу спецыялісты прыводзілі тую акалічнасць, што старыя рукапісы, хутчэй за ўсё, захоўваюцца ў непрыдатных умовах, і гэта адбіваецца на іх стане.
Акрамя таго, існуе ліст Брода, у якім ён піша, што завяшчаў архіў Нацыянальнай бібліятэцы. Спецыялісты не выключаюць, што тэстамент Брода можа знаходзіцца сярод папераў, якія сёстры Хофэ адмаўляліся апублікаваць.