Выдаюць 25-томнік Караткевіча
2 жніўня 2010

На наступны год запланаваны выхад двух тамоў, якія ўключаць паэзію 1950-х – 1984 гг.: творы са зборнікаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986); творы, якія не ўваходзілі ў зборнікі і якія не друкаваліся пры жыцці аўтара. Таксама з’явіцца дыск з вершамі і песнямі ў выкананні самога Караткевіча.
Усіх дыскаў будзе тры. Іх мяркуюць прыкладаць да канкрэтных тамоў. У другі CD увойдуць выступленні пісьменніка на тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі і іншае. Асобным дыскам выйдзе электронная бібліятэка твораў Уладзіміра Караткевіча. Такой бібліятэкай ужо цяпер можна карыстацца на сайце uladzimir-karatkevich.com.
Акрамя вядомых «Каласоў пад сярпом тваім», «Чорнага замка Альшанскага», «Чазеніі», «Ладдзі Роспачы» збор твораў дасць магчымасць пазнаёміцца з тэкстамі, якія ніколі не друкаваліся для шырокай аўдыторыі.
Тры тамы зоймуць сцэнары Караткевіча да мастацкіх і дакументальных фільмаў, лібрэта: «Сведкі вечнасці», «Чырвоны агат», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншыя. Асобную кнігу складуць малюнкі, шаржы, аўтапартрэты Уладзіміра Караткевіча.
Яшчэ два тамы адводзяцца для новых знаходак. Па словах кіраўніка праекту і аднаго з укладальнікаў Анатоля Вераб’я, хутчэй за ўсё, знойдуцца невядомыя раннія вершы і апавяданні Караткевіча, пераклады, а калі пашчасціць, то нешта і з буйной прозы. Да прыкладу, сёлета была апублікаваная невядомая раней рускамоўная аповесць Уладзіміра Караткевіча «Перадгісторыя».
Завяршыць выданне збору твораў мяркуюць да 90-годдзя пісьменніка.