Вялікі вечар маладой беларускай літаратуры ў Празе
5 жніўня 2010
З 7 па 10 жніўня 2010 у Празе пройдуць майстар-класы маладых беларускіх літаратараў – пераможцаў традыцыйнага конкурсу Беларускага ПЭН-Цэнтру. Сёлета ён быў прысвечаны адметнаму юбілею, які святкуюць прыхільнікі беларускай культуры па ўсім свеце.
Паездка ў адзін з найпякнейшых гарадоў Еўропы стане ўзнагародай для 15 маладых літаратараў, якіх чакаюць экскурсіі, творчыя вандроўкі, сустрэчы з чэшскімі і беларускімі пісьменнікамі. Падчас свайго перабывання ў Празе творчы дэсант яскравых маладых аўтараў зладзіць вялікую літаратурную вечарыну, якая мае на мэце сведчыць: беларуская літаратура працягваецца ў ХХІ стагоддзі.
Удзел возьмуць фіналісты і прызёры конкурсу імя Ларысы Геніюш: Ася Волкава, Антон Рудак, Сяргей Календа, Юлія Аляксеенка, Кацярына Макарэвіч, Юлія Качан, Алесь Емяльянаў, Кірыл Дубоўскі і іншыя.
Пераможцы мінулагодняга конкурсу маладых літаратараў імені Карласа Шэрмана Уладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава, Павел Анціпаў прэзентуюць зборнік арыгінальных і перакладных твораў “Святая праўда ды іншыя казкі”, які – нечувана для кніг такога фармату – амаль цалкам быў раскуплены ў Беларусі.
Перад публікай выступяць два яскравыя празаікі – Павал Касцюкевіч і Барыс Пятровіч.
І – узорна-паказальная змычка метраполіі і дыяспары: у межах вечарыны адбудзецца першая прэзентацыя зборніка вершаў пражска-беларускага паэта Максіма Шчура “Амальгама”.
Правядзе вечарыну Андрэй Хадановіч.
Вечарына адбудзецца 9 жніўня (панядзелак) а 19-й у кавярні Krasný ztraty (адрас: Náprstkova 10,Praha 1, Staré Město)
Уваход вольны