№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У Літве выдалі "Кітаб Івана Луцкевіча"

24 жніўня 2010

У Літве выдалі
Тоўсты фаліянт на 800 старонак прысвечаны аднаму з найважнейшых рукапісаў татараў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага – кітабу Івана Луцкевіча, які да 1945 году захоўваўся ў Беларускім музеі імя І. Луцкевіча ў Вільні, а пазней быў перададзены бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.

Акрамя факсіміле рукапісу, транслітараванага тэксту, перакладаў рукапісу на літоўскую і рускую мовы выданне змяшчае таксама шэраг артыкулаў пра рукапіс, праблемы транслітарацыі і прынцыпы перакладу.

У прадмове да выдання, у прыватнасці, гаворыцца:

“…Выбар рукапісу ў якасці аб’екта даследавання абумоўлены некалькімі прычынамі. Па-першае, са знаходжаннем І. Луцкевічам (1915) рукапісу ў вёсцы Сорак Татараў (Віленскі раён) пачынаюцца інтэнсіўныя даследаванні культурнай спадчыны літоўскіх татараў у міжваенны перыяд, які стаў перыядам нацыянальнага адраджэння татарскай супольнасці Літвы. Па-другое, моўныя і фактычныя дадзеныя рукапісу дазваляюць думаць, што аналізаваны тэкст ствараўся ў той час, калі працэс моўнай асіміляцыі татараў яшчэ не быў завершаны, але сярод татараў ужо былі тыя, што не ведалі мовы сваіх продкаў і выкарыстоўвалі мову іншанацыянальнага атачэння ў якасці роднай. Гэта ў сваю чаргу надае асаблівую значнасць моўным сведчанням, якія ўтрымліваюцца ў помніку. І, нарэшце, у сувязі з тым, што змест кітаба надзвычай багаты і разнастайны, рукапіс можна лічыць своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця мусульманаў Вялікага Княства Літоўскага”.

У артыкуле “Палеаграфічнае апісанне рукапісу” сцвярджаецца, што “…калі не прымаць пад увагу вельмі нешматлікіх польскіх ці польска-беларускіх тэкстаў, рукапіс напісаны на беларускай мове з параўнальна невялікай колькасцю фанетычных і лексічных паланізмаў…”

У працы скарыстаная сістэма транслітарацыі, распрацаваная Антонам Антановічам. Падрыхтавала выданне доктар гуманітарных навук, дацэнт Віленскага ўніверсітэта Галіна Мішкінене пры падтрымцы Дырэкцыі па святкаванні тысячагоддзя Літвы пры канцылярыі прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі, Фонда падтрымкі культуры Літоўскай Рэспублікі, Дэпартамента нацыянальных меншасцяў і эміграцыі пры ўрадзе Літоўскай Рэспублікі, Літоўскага дзяржаўнага фонду па навуцы і адукацыі, Навуковай рады Літвы.

Наклад – 300 экзэмпляраў.

Чытайце таксама

403