Маскоўскі кніжны кірмаш: ганаровы госць Беларусь і першы кангрэс перакладчыкаў
2 верасня 2010
Беларусь стала ганаровым госцем 23-й ММКВК, у яе дэлегацыі больш за 100 дзеячаў нацыянальнай культуры – выдаўцы, празаікі, паэты, перакладчыкі, драматургі і крытыкі.
Усяго ў выставе бяруць удзел 56 краін.
Па традыцыі на ММКВК пройдуць прэзентацыі кніжных навінак, праектаў, звязаных з літаратурай, сустрэчы з пісьменнікамі, круглыя сталы і семінары для гасцей выставы і прафесіяналаў выдавецкай галіны.
Свае новыя творы прадставяць вядомыя расійскія аўтары Павел Басінскі "Лев Толстой: Бегство из рая"), Яўген Еўтушэнка ("Серёжка ольховая"), Міхаіл Шышкін ("Письмовник"), Эдвард Радзінскі ("Железная маска и граф Сен-Жермен"), Дзмітрый Быкаў (зборнік п'ес "Медведь"), фіналісты галоўных расійскіх літаратурных прэмій "Вялікая кніга" і "Рускі Букер" Барыс Яўсееў ("Евстигней"), Яўген Клюеў ("Андерманир штук "), Алег Паўлаў ("Асистолия ") і Цімур Кібіраў ("Лада, или Радость").
Да кірмашу прымеркаванае адкрыццё Першага міжнароднага кангрэса перакладчыкаў, які пройдзе ў Маскве ў пятніцу і суботу. У кангрэсе возьмуць удзел 72 перакладчыкі з 25 краін свету. У асноўным гэта будуць перакладчыкі мастацкай літаратуры – класічнай і сучаснай.
На ўрачыстым вечары ў гонар адкрыцця ММКВК адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовага расійскага нацыянальнага конкурсу "Кніга году".
Прадугледжаная праграма і для юных чытачоў. Яны змогуць сустрэцца з вядомымі дзіцячымі аўтарамі Марынай Дружынінай, Валерыем Васкабойнікавым, Тамарай Крукавай, якая прэзентуе на выставе сваю новую кнігу "Свистать всех наверх!". Смяшарыкі і Мумі-тролі будуць забаўляць дзяцей.
У межах кніжнага мультымедыйнага фестывалю пад адкрытым небам BookMarket, які пройдзе за межамі УВЦ ў садзе "Эрмітаж" з 12 да 22 гадзін у пятніцу і ў суботу, пакажуць спектаклі, дыяфільмы, агучваць якія возьмуцца прафесійныя сталічныя акторы, ілюстратары дзіцячых кніг правядуць майстар-класы. І самае галоўнае: нягледзячы на тое, што выстава на УВЦ будзе закрывацца а 18-й, кніжныя развалы будуць даступныя для гасцей кірмашу на BookMarket да самага вечара.